Дзе ў Дняпро ўпадае Сож

№ 18 (784) 05.05.2007 - 11.05.2007 г

Лоеўскі замак з навакольнымі паселішчамі ўвайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага яшчэ ў ХІV стагоддзі. З таго часу Лоеўшчына знакамітая не толькі адмысловай культурай, але і прагай да вольнага заможнага жыцця. У часы Вялікай Айчыннай вайны адбылася на гэтых землях бітва за Дняпро. Тады, у 1943 годзе, арміі Цэнтральнага фронту пры падтрымцы беларускіх партызанаў вызвалілі Лоеў ад фашысцкіх захопнікаў. Пачаўся новы адлік мірнага стваральнага жыцця аднаго з самабытных раёнаў Гомельшчыны.

 

 /i/content/pi/cult/113/278/Agro1.jpg
Гутарка старшыні Лоеўскага райвыканкама Сяргея МЯТЛІЦКАГА з нядаўна прызначаным начальнікам аддзела культуры Аляксеем ВАСЮЧЭНКАМ падалася мне выключна важнай, бо яна тычылася адраджэння сяла, і найперш — духоўнага.
 

С.Мятліцкі:

— Клопат адраджэння культуры на вёсцы — адзін з неадкладных. Не толькі нарошчваннем сельгасвытворчасці трэба ўзнімаць Палескую зямлю. Дзякуй, Аляксей Анатольевіч, што добра разумееце гэта.Летась на аграгарадкі, удасканаленне іх культуры выдаткавана дзяржавай больш за мільярд рублёў. Ды вобласць не пашкадавала 38 мільёнаў. Натуральна, трэба з розумам распараджацца грашовымі сродкамі, бо ў нашых краях, дзе прайшла чарнобыльская навала, кожны рубель — на вагу золата. Сёлета на культуру будзе выкарыстана крыху больш сродкаў. Цэнтральная сядзіба, сельскі гарадок з усімі бытавымі зручнасцямі і развітай клубнай работай павінны паўплываць і на развіццё аддаленых дробных вёсак. Вось у гэтым і ваш клопат, і ваша творчасць, Аляксей Анатольевіч. 

 /i/content/pi/cult/113/278/Agro2.jpg
А.Васючэнка:
— Рады, што пачаў займацца праблемамі культуры на сяле! Нарадзіўся на Лоеўшчыне, вясковы. А на глыбінцы нашай уся нацыянальная духоўнасць трымаецца. Нават у самай аддаленай вёсачцы жыццё віруе. Дзесьці знайшлі новую песню, а дзесьці не згубілі старую… Што ў работнікаў культуры Лоеўшчыны сваё, адметнае? Смеласць! Уменне жыць не на ўскраіне рэспублікі, а ў цэнтры свету. 

С.Мятліцкі:
—А цэнтрам нашых традыцый застаецца, безумоўна, сам Лоеў. Гістарычна так склалася. Вакол яго будаваўся палескі лад жыцця. Сівы Лоеў, дзе калісьці спынілі мангола-татараў, дзе была бітва за Днепр у Вялікую Айчынную, дзе ў Дняпро ўпадае Сож, дзе прыгажосць неаглядная…Так, вясковае жыццё мянялася марудней, таму і захавала наша сяло палескую самабытнасць.Зусім нядаўна Прэзідэнт запаліў у Лоеве газавы агеньчык. Гэта будучыня і горада, і раёна… Сталі шукаць залеж гліны. Пабудуем тут найсучасны цагельны завод — гэта яшчэ адна магчымасць павысіць эфектыўнасць будаўніцтва на вёсцы. 

А.Васючэнка:
— Культасветработа пачынаецца і з газавага агеньчыка, і з высакаякаснай гліны. Новыя рабочыя месцы, новыя прафесіі—ці ж не ў гэтым і новая культура на вёсцы?! Мяне надта хвалюе праблема замацавання маладых спецыялістаў на сяле. Зусім нядаўна ва Уборкі прыехалі дзве дзяўчыны з Гомеля. Ганну Шкурко ўладкавалі ў мясцовы Цэнтр рамёстваў метадыстам. Яна яшчэ незамужняя, усё жыццё наперадзе. А Вольга Талкачэнка выкладае па класе баяна і акардэона ў тамтэйшай музычнай школе. Кажуць, хутка выйдзе замуж за мясцовага добрага хлопца. Значыць, будуць у яе і дом, і сям’я. Лічы, замацаваўся малады спецыяліст, бо і родам Вольга адсюль, з Перадзелкі, з’язджаць з родных мясцін не збіраецца. Але праблема вострая, пагадзіцеся, Сяргей Аляксандравіч, работнікі культуры — не чужыя ў раёне, маюць права на прэзідэнцкія домікі. Я ранней неяк не задумваўся пра гэта. Але паездзіў па родных мясцінах — зразумеў, колькі яшчэ не зроблена, колькі яшчэ рознааблічнага досведу сярод сялян.Работнікі культуры ў большасці самі будуюць сабе жытло, не чакаюць падарункаў. Мо таму, што будаваць умеюць творча, адмыслова, не па тыповым праекце? Вось вы сказалі пра лоеўскія запасы гліны. Раскапалі яе нашы з вамі прадзеды, якія былі не толькі ганчарамі, але і адмысловымі творцамі, мастакамі. Такія і цяпер ёсць і з нецярпеннем чакаюць, калі ж пачнецца здабыча гліны. 

С.Мятліцкі:
— Не будзе цагельнага завода ў Лоеве— адчуе гэта не толькі вёска, а і вобласць. Якая гаворка пра ганчароў ды мастакоў, калі не будзем штогод вырабляць для сябе і патрэб Гомельшчыны 20 мільёнаў штук цэглы! А зробім— па ўсім Палессі пойдуць майстраваць уласныя дамы ды адмысловыя збаны, блюды, цацкі, свістулькі… Народная памяць не знікла. Усё вяртаецца да вытокаў. А што тычыцца жылля для маладых работнікаў культуры — правільна кажаце! Згодны, патрэбна тут падтрымка, але, наколькі памятаю, не было ў нас пакуль праблем з уладкаваннем моладзі. 

А.Васючэнка:
— Я толькі што з Уборак. Бачыўся там з маладымі спецыялістамі, размаўляў з імі. Месца ім спадабалася, спраў хапае, засталося толькі знайсці сябе ў прафесіі. Паказалі мне ў музеі народнай творчасці дзіўныя вырабы з мясцовай каляровай гліны. Вяскоўцы самі здабываюць яе, ствараюць сапраўдныя ўзоры мастацтва і дзяцей вучаць радавацца творчасці.Заехаў у Лутаву і не мог наслухацца, як спяваюць нашы бабулькі. Сяло Лутава і ансамбль “Лутава”… На мяжы з Брагінскім раёнам і з Украінай — адсюль і неймаверная самабытнасць народнай творчасці. Выконваюць і беларускія народныя песні, і ўкраінскія. У гэтым годзе “Лутаве” споўніцца 20 гадоў. Будзем віншаваць калектыў. Свята плануецца маштабнае. Жанчыны пакажуць і абрады, якія самі ставяць, і палескія спевы, танцы. Дарэчы, у Дзяражычах таксама ёсць адметны фальклорны ансамбль.Думаю, няблага было б некалькі старадаўніх песень паказаць нашым славутым “Песнярам”. Працуем ужо ў гэтым кірунку. Хочам запрасіць ансамбль на палескае свята. Не ўсе ca мной пагаджаюцца, маўляў, нясціпла турбаваць зорак, але я якраз думаю інакш. Чаму б і не сустрэцца, не папрацаваць творча разам? Знайшлі б і Яны для сябе адхланне, запелі б яшчэ разнастайней. Для Мулявіна мудрая Палеская зямля заўжды была крыніцай натхнення… 

С.Мятліцкі:
— Ідэя цудоўная. Вёска захоўвае каларыт старадаўнасці, аснову асноў нашай культуры. А пра спевы і казаць няма чаго. Селянін не толькі ў клубе спявае. Ён і ў час працы душой разумее, пра што ветрык шапоча, з якой нагоды сонца смяецца, і падпявае прыродзе суладна. “Песняры” абавязкова знойдуць штосьці новае для сябе, па-свойму апрацуюць — з’явіцца чарговы цуд. У “Песнярах”, напэўна, таксама вясковыя хлопцы ёсць…Але давайце зноў пра наш клопат. Дэмаграфічная сітуацыя ў раёне такая, што ў розных аграгарадках па-рознаму складваюцца справы з культасветработай, з сацкультбытам. Вось з Малінаўкі не з’язджаюць маладыя: там і будоўля не спыняецца, і клуб у добрым стане, і ў дзіцячым садку — як у добрым доме адпачынку. Тут трэба архітэктараў шукаць, прыцягваць маладых спецыялістаў розных прафесій, каб улічваць пры будоўлі прыгажосць мясцовых ландшафтаў. Ва Уборках вельмі развітая народная творчасць, шмат талентаў, а клуб яшчэ трэба рамантаваць. На гэта асноўную ўвагу, Аляксей Анатольевіч. 

А.Васючэнка:
— Канешне, цяпер стандарты ў вёсцы і ў горадзе амаль аднолькавыя. Бачыў учора на сельскім доме аж тры талеркі-антэны! 

С.Мятліцкі:
— І камп’ютэры ў глыбінцы перасталі быць навіной. Для вясковых дзяцей яны — і музыка, і фільмы, і магчымасць займацца творчасцю… Мы шмат будуем жылля ў аграгарадках. У гэтых добраўпарадкаваных дамах жывуць радзінаю. І чым мацней такое радавое гняздо, тым больш прасторы для творчасці, бо сутнасць культуры — ва ўзаемапаразуменні пакаленняў, у любові і каханні.Толькі каб не здарылася, як у Бывальках: пабудавалі два катэджы ля лесу, у цудоўным месцы, а пасяліць няма каго… Дзе яны, гэтыя маладыя спецыялісты, якія гатовы прыехаць у прыгожае сяло Бывалькі, дзе іх чакае ўтульнае жыллё? Не бачна жадаючых, значыць, горад у чымсьці пакуль апераджае сяло. 

А.Васючэнка:
— У Малінаўцы, колькі ні будуй, заўжды чарга. Там і попыт на песні заўжды вялікі. Збіраюць іх не толькі ад мясцовых бабуль, а і з усяго свету па інтэрнеце. 

С.Мятліцкі:
— Я неяк размаўляў з загадчыцай Малінаўскага дзіцячага садка Таццянай Чапегай, якая таксама збірае паўсюль песні, прыпеўкі і выконвае іх па-майстэрску. Дык вось, успомнілі з ёй, як пачынаў тут культасветработу колішні старшыня Дзмітрый Матвейчыкаў: “Калі не прыйдзеш у клуб, 13-ай зарплаты не пабачыш!” На першы погляд, аўтарытарна, але ў выніку ў адным толькі сельскім хоры — аж 50 чалавек. І гарманіст знайшоўся. І песня загучала супольна і не пад прымусам. Любоў Рабянок, Раіса Калацей, Фаціма Германенка сапраўднымі спявачкамі-зоркамі сталі... Менавіта неабыякавасць да культуры і вызначае кампетэнтнасць кіраўніка любога ўзроўню.  

Гліняны хлопчык 

У музеі народнай творчасці Дома культуры вёскі Уборкі ёсць незвычайныя цацкі
 /i/content/pi/cult/113/278/Agrogorodok3.jpg

У мяне на далоні— гліняны хлопчык. Расфарбаваныя галоўка, кашулька, штонікі… Не хочацца выпускаць з рук.

— Гэта лоеўскія гліны! Залеж вельмі багатая, — тлумачыць дырэктар ДК Уладзімір Бабраўнічы. — Колькі жыву — ляплю звяркоў, цацкі, свістулькі… 

— Але хлопчык прыгажэй за ўсіх.

— Мне ён таксама падабаецца. Калі-небудзь сваімі лялькамі і гарады станем забяспечваць… І я веру вясковаму культасветніку. Ягоная ўпэўненасць — не на пустым месцы. З гліны атрымліваюцца не толькі фігуркі, але і кампазіцыі, хоць з казак, хоць з жыцця. І ўвесь гэты цуд — у вясковым музеі.

— А вось збаны з лазы, — паказвае Уладзімір Рыгоравіч. — Гэта работа нашай знакамітай майстрыхі Валянціны Бярнацкай.

Побач з лазой — маляўнічыя дзядуля і бабуля ў абдымках…
 /i/content/pi/cult/113/278/Agrogorodok2jpg.jpg


— Восем гадоў музею, — працягвае Уладзімір Рыгоравіч. — Уяўляеце, колькі выставак было ў нас за гэты час! Госці — з Англіі, Італіі, Расіі — усе яны таксама аднадушныя ў думцы: жыццю радавацца можна толькі ў творчасці…Бабраўнічы — кераміст, ганчар, мастак, паэт, разьбяр па дрэве… Ён і ствараў тут усё калісьці на грамадскіх пачатках. Жывапісу вучыўся ў Вільнюсе, у Маскве скончыў універсітэт мастацтваў, доўга працаваў нафтавіком. Пабачыў, карацей, свету. Але вярнуўся на Бацькаўшчыну, вырашыў прысвяціць сябе культасветрабоце.

Уборкам і ўсім навакольным вёскам пашанцавала. Пакрысе знайшлі залеж гліны, зараснікі лазы, з поля ўзялі саломку для пляцення — так і з’явіліся першыя музейныя экспанаты.

— Гэтая скульптура называецца “Дабро і зло”, — працягвае Уладзімір Бабраўнічы. — Я нічога тут нават не мяняў, крыху пакрыў гнутую галіну лакам, калі ўбачыў у ёй гэтую спрадвечную тэму.

Сяло жыве цікава. Будуецца тут аграгарадок. Хоць і старое сяло, але і новае. Так старажытны, дзедаўскі ручнік аздабляецца з душой сучасным карункам. Гліняны хлопчык усё яшчэ сагравае маю далонь…  

Квітнее пралеска 

Не ў кожным сяле ёсць свой кампазітар, свой народны вакальны ансамбль 

Зала невялічкая. Піяніна не новае, але з прыгожым чыстым гукам. Яго, як і баян, па-майстэрску настройвае мясцовы кампазітар, мастацкікіраўнік “Пралескі” Павел Чыкаў.

— У Год дзіцяці пішу дзіцячыя песні, — распавядае Павел Міхайлавіч. — Яны перамагаюць нават на абласных аглядах. Песню “Пралеска” напісаў на вершы нашага Уладзіміра Бабраўнічага.

 /i/content/pi/cult/113/278/Agrogorodok1jpg.jpg
Мне падабаюцца ягоныя тэксты. Так што
працуем у творчым дуэце… Уявіце, якая гэта асалода для дзяцей з Уборак: з першага класа — на гастролі ў іншае сяло, у Лоеў, а то і ў Гомель. Тут і радасці — мора, і адказнасці — шмат. Дапамагае Паўлу Чыкаву яго жонка Вольга Алімаўна, а іх дачка — адна з выканальніц татавых песень. Чыкавы — не мясцовыя, пераехалі з Сярэдняй Азіі. Рускі і ўзбечка вучаць мастацтву палешукоў. У мясцовым КСУП “Ураджайны” дырэктарам — дагестанец Рыза Рызаеў. Даўно стаў сваім. Не адштурхоўвае ад Уборак нікога, хто хоча і ўмее ўзняць культасветработу.

— Было спачатку цяжкавата, — прызнаецца Вольга Алімаўна. — Не вельмі ведалі беларускую культуру. Але прайшоў час — я цяпер мастацкі кіраўнік, а наш харэаграфічны ансамбль на фестывалі “Берагіня” чацвёртае месца заняў…  

Гучаць вершы ў літгасцёўні 

У мясцовай сельскай бібліятэцы кожны год — 500 новых кніг 

Распавядае загадчыца бібліятэкі Наталя Курдзесава:

— У фондзе 11300 выданняў. Гэта лепшая бібліятэка на Лоеўшчыне. Самі мяркуйце, у мяне з 640 сельскіх жыхароў — 525 чытачоў.

— А “Культуру” выпісваеце?

— Натуральна! І газета падабаецца не толькі работнікам культуры, а і вяскоўцам. У бібліятэцы дзейнічаюць літгасцёўня “Верас”, фальклорны клуб “Свята”, эстэтычны клуб “Святліца”.Наталля Віктараўна скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, Інстытут культуры, прыехала ва Уборкі па размеркаванні. З сяла “збягаць” нават не думала. Умее адшукаць для свайго чытача і тую кніжку, якой няма ў сельскім фондзе.

— Не вельмі проста, канешне, але знайсці можна любое выданне. У мяне былі такія выпадкі. Калі вяскоўцы зацікавяцца, выпісваю кнігу не толькі з абласной бібліятэкі, але нават і з Нацыянальнай.Чытачы ва Уборках узростам ад 5 да 80-ці гадоў.Пяцігадовы Ягор Кутасаў прыходзіць у бібліятэку з бабуляй. А самы старэйшы — франтавік Барыс Яфімавіч Асадчы. Ён на ўсе бібліятэчныя мерапрыемствы прыходзіць абавязкова. А тут заўжды ёсць што паказаць гледачам: паставілічатыры абрадавыя святы — Вялікдзень, Ражджаство Хрыстова, Спас, Каляды… А вершы гучаць не толькі ў бібліятэцы. Наталля Віктараўна чытае іх і на мехдвары, і на жывёлагадоўчай ферме. Работнік, словам, не кабінетны. 

Аніна сядзіба 

Ці можа атрымаць прэзідэнцкі домік 20-гадовая дзяўчына?

— Ёсць у нас такая, — расказвае Рыза Рызаеў. — Аня Жукава. 20 гадоў дзяўчыне, яшчэ і хлопца няма, а ўжо два гады, як адна з лепшых даярак гаспадаркі. Вось і выдзелілі ёй прэзідэнцкі домік. 

— Адной? Ці не занадта? 

— Чаму адной?! У Ані — вялікая сям’я: шасцёра дзяцей у мамы з татай. Аня — самая працалюбівая. Прыйшла на ферму — адразу стала сваёй. На свой густ добраўпарадкоўвае ўласную сядзібу. Культура на сяле пачынаецца з уласнага дома. А гаспадарка дапамагла купіць Ані сучасную кухню. Мяккі куток — на падыходзе. За год уладкуюцца. Вельмі рады за іх…

На ферме — канцэрт. Але Аню Жукаву я не пабачыла: пайшла тая ў іншае сяло пешшу. Вядомая на ўвесь раён даярка на ўласны легкавік зарабіць яшчэ не паспела. Мама Ані, Алена Мікалаеўна, запрашае мяне на ўлазіны: “Калі ўладкуемся — дашлем запрашэнне”. Абяцаю абавязкова прыехаць.

Прыйдзе час — усе Уборкі, я ўпэўнена, зладзяць для Ані Жукавай і вяселле. Ёй будзе што падарыць: ікону Божай Маці вышыюць у клубе, народны майстар Наталля Чуўюрава, вучаніца Бярнацкай, зробіць букет з саломкі, Наталля Курдзесава напіша вершы. Айцец Віктар у храме Прасвятой Божай Маці абвянчае…

Першы Анін катэдж, напэўна, — не апошні! Рыза Фярдзінавіч цэніць маладых спецыялістаў. Яны ад Яго не збягаюць.У наступным годзе будзе ўзведзена ва Уборках яшчэ некалькі домікаў. У адным з іх, хачу спадзявацца, адсвяткуе наваселле і сельскі работнік культуры. 

Вольга ЯГОРАВА, наш спецкар.
Мінск — Лоеў — Мінск
Фота аўтара