“Прыправа” оптам і ў розніцу

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Праца ў кіно — не жаночая. Праўда, жанчын у беларускім кіно нямала. А вось сярод сцэнарыстаў, бадай, меней, чым у іншых прафесіях. Аўтарамі сцэнарыя новай беларускай кінастужкі “Кадэт” сталі пісьменнік Анатоль Жук і кінаактрыса Валянціна Бялько. Пазней да двух сцэнарыстаў замацавалі яшчэ аднаго сур’ёзнага літаратара — Яўгена Амельчанку. Сцэнарый, канешне, мужчынскі, ды і падзеі ў ім зусім не для экзальтаваных жаночых натур. Але Анатоль Жук, аўтар аповесці, па якой напісаны сцэнарый, шчыра прызнаецца: каб не жаночы погляд, каб падзеі не разглядаліся праз прызму жаночых эмоцый, пачуццяў і перажыванняў, паўнавартасны, нанава прачытаны сюжэт наўрад ці атрымаўся б.

Не толькі ў літаратуры, але і ў кіно падобная асноўная фабула ўжо з'яўлялася. Дастаткова ўспомніць кінатрагедыю "Ніхто не хацеў паміраць" Вітаўтаса Жалкявічуса. У фільме "Кадэт" дзеянне адбываецца ў Заходняй Беларусі. У толькі што вызваленую вёску прыязджае суворавец і спрабуе высветліць, хто з былых нямецкіх прыспешнікаў распраўляецца з мясцовым насельніцтвам... Толькі экспрэсіўнасць жаночай апавядальнасці, дапоўненая лірычна-рамантычнай лініяй, дазваляе праверанаму сюжэту атрымаць новае і чыстае прачытанне ды ўдыхнуць у фільм той напал пачуццяў, які прымушае гледача сачыць за падзеямі з пастаяннай увагай. Кінаактрыса Валянціна БЯЛЬКО працуе начальнікам акцёрскага аддзела "Беларусьфільма". Гэта, у тым ліку, дзякуючы ёй у апошнія гады ўсё часцей і часцей у нашых фільмах сталі з'яўляцца беларускія акцёры. Дарэчы, у фільме "Кадэт" усе ролі сыграны беларусамі. Валянціна Яўгенаўна ў жніўні адзначае юбілей. А на студыі яе часта называюць "маторам", а яшчэ - "вечным рухавіком". Усяго і паўсюль. І спыніць распачатую справу, мерапрыемства, дзеянне практычна немагчыма: настолькі вялікая ейная ўнутраная энергетыка. Сцэнарый фільма яна напісала адна. Гэта потым, калі ніякай "маторнай" сілы не хапала, у дадатак спатрэбіліся памочнікі, спадзвіжнікі, літаратурныя сааўтары. У працэсе далучэння новых сіл і выкрышталізаваўся сцэнарый - дыхтоўны, якасны, эмацыянальна насычаны і дакладна выбудаваны драматургічна. Ёсць закадравы закон: калі фільм атрымліваецца - хваляць рэжысёра, пры правале ж лаюць сцэнарыста. Але ў дадзеным выпадку гэтае правіла ніяк не падыходзіла. Фільм "Кадэт" адбыўся. І галоўныя прычыны гэтага - якасны і духоўна насычаны сцэнарый, а таксама цудоўная ігра беларускіх акцёраў Андрэя Сенькіна, Паліны Сыркінай, Алега Ткачова, Руслана Чарнецкага. Паглядзеў карціну - і вырашыў задаць сцэнарысту некаторыя пытанні:

- Валя, а што самае галоўнае ў гэтым фільме, у жыцці тваіх герояў і ў тваім уласным? У кіно ўвогуле?

 - Кіно ні пры чым. Кіно - гэта толькі прыправа да жыцця. Усё перамяшалася. Я так шмат гадоў працую ў кіно, што ўспрымаю яго як сваё ўласнае жыццё. Вельмі часта нельгаадрозніць кіношнае і сапраўднае. І жыццё маіх дачок, а яны - самае галоўнае, часам перамяшана з кіно. Ірына - другі рэжысёр на "Беларусьфільме". Насця працуе ў замежным прадпрыемстве, жыве без усялякага кіно, але ўсё роўна пра кіно яна ўсё ведае. Унучка Саша таксама спяшаецца ў гэты "цэх", ужо здымаецца і, кажуць, удала. Мэту жыцця фармулюе пастаянна: "Хачу, як бабуля, усюды і ўсім быць патрэбнай".

- Ну, і як жыць далей? Пасля юбілею?

- Жыць разам з новым фільмам. Сцэнарый будзе называцца "Оптам і ў розніцу"

Юрый ЦВЯТКОЎ

Фота з архіва аўтара