Рыга, Даўгаўпілс і... “Адэса...”

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Да ледзь не штогадовых прэзентацый адметнай керамікі з Латвіі на “Славянскім базары” ўжо прызвычаіліся: Даўгаўпілс з’яўляецца горадам-пабрацімам Віцебска. Але так прадстаўніча, як гэтым разам, краіна-суседка была прадстаўлена ўпершыню. Эканоміць — дык з розумам

Постаць Райманда ПАУЛСА, які ўпершыню прыехаў на "Славянскі базар у Віцебску", надала фестывалю асаблівае адценне "сціснутай спружыны". Моцная ўнутраная энергетыка творцы не растрачвалася на знешні антураж, а канцэнтравалася ў фантазіях, выкананых на піяніна, афарыстычных фразах пра фестывальны рух, развіццё эстрады і жанру мюзікла. "Одесса, город колдовской..." - ужо пяты спектакль Р.Паулса, створаны ім сумесна з Рыжскім рускім тэатрам імя Міхаіла Чэхава. Далёка не ўсе з іх, нягледзячы на развіты музычны складнік, сам маэстра лічыць мюзікламі, бо, на яго думку, музыка тут павінна быць галоўным рухавіком дзеяння, мець развітую драматургію. Стрымлівае развіццё жанру ў Латвіі і адсутнасць спецыяльнай падрыхтоўкі артыстаў. Але ўбачаны спектакль уразіў і добрымі спевамі, і цудоўнай пластыкай, асабліва - маладзёжнай часткі трупы. Нерв задавала цалкам "жывое" выкананне: скрыпка, кларнет, раяль, кантрабас і ўдарная ўстаноўка складалі "пашыраны" яўрэйскі ансамбль, музыканты якога знаходзіліся на сцэне і станавіліся непасрэднымі ўдзельнікамі падзей. У нас такі прыём выкарыстоўвае хіба Уладзімір Кур'ян у Купалаўскім тэатры.

Адпрацоўваць напоўніцу!

Абсалютна ўсе дзеячы культуры і творчыя калектывы Латвіі ўдзельнічалі ў некалькіх фестывальных праектах. Але - з рознай праграмай. У складзе дэлегацыі былі прадстаўнікі самых розных жанраў і відаў мастацтваў, разам з сусветна прызнанымі майстрамі прыехалі і пачаткоўцы: камерны аркестр Даўгаўпілскага музычнага вучылішча, навучэнцы "Саўлесшколы", якія дэманстравалі свае модныя калекцыі і дызайнерскія распрацоўкі. Сапраўдным адкрыццём фестывалю стала унікальная оперная спявачка Ілона Багеле (яна ж прадстаўляла краіну ў журы дзіцячага к о н курсу). Публіка ішла пераважна "на Паулса", з кім салістка павінна была выступаць сумесна. Але першае аддзяленне склала руская камерная класіка, якую Ілона спявала з тонкім, чуйным канцэртмайстрам Латвійскай оперы Ганнай Ражджэсцвенскай. У кожным творы атрымаўся не проста свой стыль, а нават - свой тэмбр голасу для рамансаў П.Чайкоўскага і С.Рахманінава,неафальклорных дзіцячых песенек І.Стравінскага. Пасля ж антракту, у праграме з твораў Р.Паулса, імідж опернай дзівы рафаэлеўскай прыгажосці спявачка змяніла на прыцягальную харызму стыльнай зоркі эстрады, джаза, мюзіклаў. Яе педагагічнае майстэрства адбілася на поспеху "Одессы...": яна працуе з артыстамі Рыжскага тэатра над вакалам.

Быць гатовым

Ды ўсё ж лепшым "рэкламным агентам" культуры Латвіі стала, пэўна, Лайма ВАЙКУЛЕ. Удзельнічаючы ў многіх фестывальных праграмах, яна штораз дэманстравала бездакорны густ, стыль і, разам з тым, іранічна-мудрую непрадказальнасць аблічча, выказванняў, паводзін. - Цягам некалькіх гадоў я працавала ў Амерыцы, - прызналася Лайма. - Мне прапаноўвалі ролю Маты Хары ў брадвейскім мюзікле, але я адмовілася. У мяне, мабыць, быў шанц стаць там зоркай, але я не захацела. Бо не змагла там жыць. А яшчэ раней я некалькі гадоў працавала ў Азербайджанскай канцэртнай арганізацыі. Менавіта адтуль паехала на Міжнародны конкурс, дзе перамагла. Як мне не любіць гэтую рэспубліку? Мы заўсёды любім тых, хто любіць нас. Дзеля гэтага я і спяваю на розных мовах. Песенны тэкст для мяне вельмі важны. Калі нейкія радкі падабаюцца больш за астатнія, выконваю іх зусім інакш. Мо ў гэтым сакрэт? Бо і сапраўды ўсё, што трапляе ў маё атачэнне - кветкі, людзі, бізнес, - усё прыжываецца і працвітае. У мяне даволі часта пытаюць: маўляў, як стаць прыгожай? І просяць падзяліцца сакрэтамі захавання маладосці. Ды якія ж тут сакрэты? Галоўнае быць не прыгожай, а - таленавітай. І шмат працаваць. Тады, раней ці пазней, - лёс абавязкова падорыць табе шанц. Але выкарыстаць яго зможаш толькі тады, калі будзеш маральна да гэтага гатовы. Каб лёс не заспеў цябе разгубленым, і трэба працаваць! Гэткую ж ролю "лёсу" выконвае звычайна і конкурс. Але смешна думаць, што лёс канкурсантаў вырашаюць члены журы: мы ўсяго толькі даём ім маленечкі шанц. Далейшае - у іх руках!

На здымках: Лайма Вайкуле; сцэна са спектакля "Одесса, город колдовской..."; Райманд Паулс.