Гукі эфіру

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Напярэдадні ўступных экзаменаў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі студэнты-кампазітары трымалі свой “іспыт”: былі падведзены вынікі конкурсу, аб’яўленага напрыканцы навучальнага года і прысвечанага 125-годдзю з дня нараджэння Ганны Ахматавай. У конкурсе ўзялі ўдзел 14 маладых кампазітараў — навучэнцаў Акадэміі і музычных вучылішчаў. Палова з іх была адзначана прэміямі (зборнікамі беларускіх паэтаў) і дыпломамі.

- Да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў,- расказаў старшыня журы і адзін з арганізатараў конкурсу, прафесар Вячаслаў КУЗНЯЦОЎ, - Рэспубліканскі конкурс праводзілі Міністэрства культуры краіны і Беларускі саюз кампазітараў. Многія нашы студэнты таксама ўдзельнічалі ў гэтай творчай акцыі. І каб не дубліраваць той конкурс, мы аб'явілі іншы - разлічаны выключна на камерныя жанры. Атрымаўся, можна сказаць, конкурс аднаго верша: усе ўдзельнікі павінны былі напісаць свой твор на васьмірадкоўе Ганны Ахматавай "Истлевают звуки в эфире...". Некаторыя сумняваліся, ці мэтазгодна такое абмежаванне: маўляў, творы будуць аднастайнымі. Каб пазбегнуць гэтага, мы ўвялі яшчэ адно абмежаванне: адсутнасць фартэпіяна. І фантазія ўдзельнікаў літаральна завіравала! Інструментальны склад рамансаў быў самым розным: ад аднаго альта да самых розных тэмбравых спалучэнняў. Адзін з твораў быў - для голасу і... баяна. Але ж бачылі б вы, што там вырабляў той баян! Вядома, гэта былі зусім не звыклыя фальклорныя найгрышы, а, хутчэй, санорныя "ўздыхі"-трымценні баяннага нутра, самой яго паветранай душы, што ўзнікае ад расцягвання мяхоў. Быў нават музычна-тэатральны твор, разлічаны на сцэнічнае ўвасабленне. Адпаведна, адрознымі былі і назвы твораў: "Начная размова", "Два галасы", "Раманс", "Дуэт", была і такая - "* * *": маўляў, "Безназоўнае". У склад журы ўваходзілі не толькі кампазітары, але і народная артыстка Беларусі, знакамітая оперная салістка Наталля Руднева. А пераможцай стала студэнтка 4-га курса Ганна Стасевіч, бо ў яе атрымалася, бадай, самае псіхалагічна тонкае, эмацыйна дакладнае прачытанне верша гарманічным дуэтам мецца-сапрана і віяланчэлі. Плануецца, што наступны конкурс таксама пройдзе са сваёй "фішкай" і будзе прысвечаны творчасці Уладзіміра Караткевіча.