Пад пералівы Аўгустоўскага

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Пад назвай “Мой край чароўны” ў Доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку адкрылася персанальная выстаўка Валянціны Брысач з Гродна. Прысвечаная Году роднай зямлі, экспазіцыя сапраўды ўвабрала ў сябе ўсю разнастайнасць хуткаплыннай прыгажосці родных мясцін, увасобленую ў жывапісных вобразах палотнаў.

 /i/content/pi/cult/219/2773/11-1.jpg
 /i/content/pi/cult/219/2773/11-3.jpg

На вернісажы, дзе прысутнічала культурная грамадскасць горада, шмат цёплых слоў на адрас мастачкі выказаў дырэктар музея Мікалай Гайба. Начальнік аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Аляксандр Карачан, а таксама дырэктар Гродзенскага гарадскога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культасветработы Валянціна Цыганец падкрэслілі, з якой шчырасцю і любоўю аўтар адлюстроўвае сціплыя, някідкія навакольныя пейзажы. У работах мастачкі мы бачым падрабязна выпісаныя, часта - знаёмыя з маленства, куточкі прыроды. Яе бацькоўскі дом знаходзіцца побач з пабудаваным у XIX стагоддзі знакамітым Аўгустоўскім каналам, непадалёку ад мяжы з Польшчай і Літвой, у найпрыгажэйшых мясцінах. Перадаючы на палотнах непасрэднасць жыццёвых назіранняў, узнаўляючы асобныя дэталі краявідаў, аўтар умее захаваць цэласнасць рэальнасці агульнага ўражання. Таму мы, здаецца, чуем, як пераліваецца вада праз шлюзы канала, як незадаволена рыпіць засмучаны стары вятрак пад Адэльскам, як ціха дрэмле закінутая хатка на хутары Чарток ці велічна маўчаць поўныя годнасці палац Валовічаў у Свяцку, касцёл у Сапоцкіне. Жывапіснае асэнсаванне навакольнага асяроддзя было б няпоўным без выяў кветак, што так прыцягваюць погляд. Урачыстыя макі, пяшчотныя рамонкі, пышныя бярозкі, элегантныя хрызантэмы і шмат яшчэ якія кветкі напоўнены веснавой цеплынёй, празрыстай летняй сонечнасцю, няўлоўнымі водарамі лугу ці саду. Эстэтычна ўзвышаючы звыклыя будзённыя карціны прыроды, суадносячы іх унутраны стан з асабістым светавыяўленнем, мастачка надае ім своеасаблівае эмацыянальнае гучанне - то спакойнай філасафічнасці, то узнёслай паэтычнасці, то настальгічнага суму, а ў цэлым - ствараючы непаўторны вобраз Наднёманскага краю. Сваімі творамі Валянціна запрашае гледача ўвайсці ў сімвалічны храм, дзе кожны мае магчымасць наталіцца духоўна, схіліўшы галаву перад адвечнай прыгажосцю сусвету.

Марына ЗАГІДУЛІНА,

мастацтвазнаўца

Гродна