“Зачараваны вандроўнік” Абара

№ 18 (784) 05.05.2007 - 11.05.2007 г

Глядзець на свет шырока раскрытымі вачыма, убіраць у сябе гукі, фарбы навакольнай прыроды, аднолькава шчыра радавацца цёпламу сонечнаму ранку і змрочнаму восеньскаму надвячорку… Ці ўсе могуць так удзячна і радасна ўспрымаць кожнае імгненне свайго існавання на Зямлі? “Мне падабаецца, калі снег растае, калі першая зеляніна, калі лета, калі восень”, — пералічвае ўсе поры года запар паэт і мастак, вялікі аматар беларускай прыроды Станіслаў Абара, “зачараваны вандроўнік”— кажучы словамі Мікалая Ляскова. Галоўнае захапленне Станіслава Міхайлавіча — вандраванні па родным краі і апяванне яго ў вершах, малюнках, фотаздымках…

 /i/content/pi/cult/113/277/Abakar.jpg

Нарадзіўся і вырас Станіслаў Абара ў Мінску, але ўсе свае школьныя канікулы праводзіў у матчынай сястры ў вёсцы Русаковічы, што на Пцічы. Менавіта там мастак пачаў спасцігаць паэзію сельскіх пейзажаў, што чаруюць яго душу і да сёння. Усё, што моцна ўражвала, маляваў на паперы. Найперш — прыгожыя краявіды. А аднойчы на нейкім уроку ў чацвёртым класе “папаўся” на тым, што перамалёўваў у сшытак партрэт Леніна з газеты. Настаўніца выставіла яго за такое штукарства ў калідор, дзе за даводкай партрэта правадыра яго застаў дырэктар. Не раззлаваўся, а накіраваў у мастацкі гурток Палаца піянераў і школьнікаў. Пасля школы працаваў у друкарні выдавецтва ЦК КПБ, вучыўся завочна ў Маскоўскім народным універсітэце культуры (аддзяленне станковага жывапісу і графікі), быў некаторы час мастаком-афарміцелем… На графічных карцінах, што малюе “для душы” падчас сваіх вылазак на прыроду,— лясы, гаі, поле… І, найчасцей, — снег: першы снег, апошні снег…

— Чаму? — пытаюся ў аўтара.

— Першы снег асацыіруецца з чысцінёй, ачышчэннем зямлі, апошні— з хуткім абуджэннем прыроды. Да таго ж, мне падабаецца маляваць простым алоўкам, а з-пад яго найлепш выходзяць чорна-белыя зімовыя пейзажы. Блізкія скептычна ставяцца да майго захаплення. У іх разуменні гэта — пустая забава, бо малюю не дзеля заробку, а так… для сябе. Гэта мой спосаб бавіць вольны час.

Станіслаў Міхайлавіч захапляецца вандраваннем на веласіпедзе па Беларусі. Па выхадных, у час летняга адпачынку ўжо шмат гадоў круціць педалі ў пошуках новых уражанняў,адчуваючы неадольную цягу да пазнання прыроды роднага краю, яго людзей, гісторыі. Станіслаў Міхайлавіч імкнуўся ўбачыць, ацаніць сваю зямлю як бы поглядам збоку, але наўрад ці яму гэта ўдалося: сэрца любячага сына не давала абстрагавацца да такой ступені. Кожная паездка нечым радавала, а нечым глыбока засмучала яго. Недалёка ад Харужанцаў месца, дзе некалі жыў і працаваў Янка Купала, — бачыў выпаленыя з сярэдзіны магутныя дубы, і дух перахоплівала ад абурэння і болю… “Пастухі грэліся”, — сказалі тутэйшыя людзі. “Якая чэрствасць!” — дагэтуль не можа супакоіцца Абара. Паранены лебедзь на вадасховішчы ля Мінска яшчэ адна зарубка на сэрцы.… Крынічка ў лузе, зламанае бурай дрэва, жыта, якое паспявае ў полі, невялікая рачулка, на беразе якой “жанчына акунёў вудачкай сцёбае!” — усё так міла, так прыгожа! Ён адкладвае ў памяці такія моманты, назапашвае іх, як скнара збірае дарагія камяні, каб потым, з замілаваннем у душы, бясконца перабіраць, любавацца імі.

Дарогі Абара выбірае спантанна. Пачуе ад знаёмых, калег па рабоце пра нейкую запаведную мясціну — і цягне яго пабачыць тое на свае вочы. Неяк працаваў у іх студэнт-практыкант па прозвішчы Жаваранак. Расказаў, што родам ён з вёскі Івесь, што на Віцебшчыне, а гэта побач з вёскай Бычкі, дзе нарадзіўся Васіль Быкаў. І так расхвальваў той партызанскі край, лясы, азёры Ушачыншчыны, што не змог утрымацца Станіслаў Міхайлавіч ад спакусы. У апошні тыдзень адпачынку схапіў веласіпед, сеў на “дызель” і “махнуў” да станцыі Зябкі ў Полацкім накірунку. Пабываў у Бычках, у Кублічах (там знаходзіцца школа знакамітага пісьменніка), у Селішчы, дзе ў час вайны ў вялікім чырвоным касцёле фашысты расстралялі мясцовых жыхароў. Тады вельмі засмучаўся, убачыўшы кучы смецця ў напаўразбураным храме: “Святое месца, дзе людзі прынялі пакутніцкую смерць, і раптам — смецце!..” Пабываў ля возера, сярод якога на вастраўку ў час варожай блакады хаваліся жанчыны з немаўлятамі. Шмат паданняў існуе пра тое месца.“Ледзь прабіўся на бераг возера: такі гушчар, балота — не выказаць! Веласіпед увесь час нёс на сабе, прадзіраючыся задам наперад праз малады бярэзнік... Пабачыў вялізныя старыя сосны, спрэспасечаныя кулямі, асколкамі…”Тэма вайны вельмі блізкая сэрцу Станіслава Міхайлавіча. Можа, таму, што бацька яго ваяваў пад Кёнігсбергам. Маці з малой сястрычкай на руках, уцякаючы ад карнікаў, спяшаліся “па слізкай кладцы на той бок перабрацца…” (верш “Пра маю маці і пра вайну”). Любімая цётка Дуня (па-мясцоваму Аўдулька) была двойчы горкаю ўдавіцай: першы муж загінуў на фінскай, другі — на Вялікай Айчыннай вайне.

У канцы вандроўкі цэлую гадзіну чытаў па памяці свае вершы ў сельскім клубе. Потым, ля вогнішча, тутэйшыя жанчыны аддзячылі яму старадаўнімі песнямі. Напаследак завітаў у Полацк, каб на свае вочы пабачыць знакаміты Сафійскі сабор. Падчас гэтай паездкі пабываў таксама на возеры Шо, якое, паводле пэўных даследаванняў, быццам бы з’яўляецца цэнтрам Еўропы. Праехаў па Кацярынінскім шляху… “Там бярозы — старыя, каржакаватыя…”“Лагойшчына— мая любоў”, — не перастае паўтараць Станіслаў Міхайлавіч. Абхадзіў і аб’ездзіў яе ўздоўж і ўпоперак. Аднаго разу выехаў з дому ў сем гадзін раніцы. Меркаваў дабрацца ў адну мясціну, але ў лесе павярнуў не на тую сцяжынку і заблудзіўся. Пакуль шукаў патрэбную дарогу, прайшло шмат часу. Выбраўся на адкрытае месца — і ўбачыў надзвычайнае відовішча. Вось як апісаў ён надыход буры-ўрагана, што пракаціўся ў жніўні 2005 года па ўсёй Беларусі: “Плыве ў небе статак змрочных хмар, / Замерла ўсё ў напружанай трывозе,/ … Пыл моцны вецер гоніць па дарозе…” Першы страшэнны ўдар стыхіі пераседзеў у нечай хаце, а потым пайшоў супраць ветру і буры да Мінска, 60 кіламетраў піхаючы перад сабою веласіпед.“Заначаваць не мог, родныя пачалі б хвалявацца”. Дамоў заявіўся каля апоўначы.У час аднаго з адпачынкаў пабываў на Браслаўшчыне. Там за адзін дзень аб’ехаў два вялікія возеры — ажно 72 кіламетры накруціў на сваім веласіпедзе. З пачуццём вялікай удзячнасці ўспамінае сям’ю з Браслава, якая гасцінна дазволіла яму пажыць у сваім дачным доміку ў вёсцы Струста — у “салаўіным раі” — ля аднайменнага возера.— Быў і на Бярэзіне. Казачнае месца неверагодная прыгажосць! Зараз мару пабываць на бацькавай радзіме — на Браншчыне… А яшчэ мару з’ездзіць на Гомельшчыну — радзіму Івана Мележа, — паглядзецьна Сож, на Прыпяць…

— Як ставіцца да гэтых вандровак ваша жонка Людміла Канстанцінаўна?

— Калі сказаць адным словам, дык паблажліва. Бывае, пакпіць, падакарае, часам пазлуецца, калі ёсць нейкія неадкладныя (з яе пункта гледжання) хатнія справы. А потым усё роўна скварку купіць і засоліць у дарогу. Я ж, са свайго боку, таксама яе разумею, стараюся дома ўсё парабіць, памагчы ёй. Але што зробіш, цягне мяне на прастору! Не магу пагодным днём сядзець у горадзе. Пад Пухавічы, на радзіму, часта езджу. Там зараз мая старэйшая сястра жыве. Бульбачку ёй увесну дапамагаю пасадзіць. Колькі там прыгожых мясцін! (Цэлы альбом каляровых здымкаў Абары — таму пацвярджэнне. С.Т.) Адно засмучае ў вандроўках. Бывае, толькі знойдзеш маляўнічы куточак, сядзеш памаляваць ці проста так— шчэбет птушак паслухаць, шолах лістоты... Аж раптам аднекуль — легкавушка! Музыка так і раве сваімі дэцыбеламі, заглушаючы ўсё на свеце. І пайшло-паехала: дым, чад, шашлыкі, бутэлькі, горы смецця… І гэта называецца “культурна адпачылі”. Не ўмеюць людзі адчуваць прыроду. Не навучаны. Баюся, што яна нам жорстка адпомсціць за гэта.… А можа, і не. Дзякуючы такім асобам, як Станіслаў Абара, на Зямлі, на мой погляд, якраз і ўтрымліваецца такая неабходная для нашага агульнага існавання прыродная раўнавага.

Святлана ТРУКШЫНА