Чытач — Газета — Міністэрства

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

У мяне асноўная праца — у дзіцячай музычнай школе, дзе тыднёвая нагрузка складае 36 педагагічных гадзін. Прашу растлумачыць, ці могуць мне прадаставіць унутранае сумяшчальніцтва на 0,5 стаўкі канцэртмайстра ў дзіцячай школе мастацтваў? Ці патрэбна прымаць пад увагу тое, што гэтыя дзве школы адносяцца да аднаго аддзела культуры?

- Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1134 ад 01.09.2003 г. "Аб устанаўленні скарочанай працягласці працоўнага часу асобным катэгорыям педагагічных супрацоўнікаў" прынята ў адпаведнасці з артыкулам 114 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь з мэтай упарадкавання нарміравання працягласці працоўнага часу педагагічных супрацоўнікаў і вызначае гранічную працягласць працоўнага часу настаўнікаў, якія выконваюць выкладчыцкую дзейнасць, што не можа перавышаць 36 гадзін на тыдзень, незалежна ад крыніц фінансавання. Разам з тым, выкладчыкі з дазволу наймальніка маюць права выконваць педагагічную працу ў аб'ёме, які перавышае 36 гадзін на тыдзень (1440 гадзін у год). Гадзіны, якія выконваюцца звыш вызначанай гранічнай працягласці працоўнага часу, аплачваюцца на прынцыпах дагавора-падраду ў аб'ёме не больш за 240 гадзін у год толькі пасля выканання нагрузкі, вызначанай пры тарыфікацыі, штомесячна ці ў канцы навучальнага года.

Адміністрацыя школ мастацтваў мае права на педагагічную нагрузку ў памеры 9 педагагічных гадзін, якая не з'яўляецца сум я ш ч а л ь н і ц твам. Ці павінна аплачвацца гэтая нагрузка ў перыяд канікул?

- Кіраўнікам (іх намеснікам) устаноў адукацыі, у тым ліку і ўстаноў, што забяспечваюць атрыманне пазашкольнага выхавання і адукацыі, якія выконваюць у працоўны час выкладчыцкую працу, што аплачваецца, па месцы асноўнай работы, па аб'ёме не большую, чым палова нормы гадзін выкладчыцкай дзейнасці за стаўку педагагічных супрацоўнікаў, а таксама супрацоўнікам на ўмовах сумяшчальніцтва аплата на перыяд канікул навучэнцаў праводзіцца ў тым выпадку, калі гэтая праца прадугледжана раскладам урокаў (навучальных заняткаў). Правядзенне заняткаў на перыяд канікул афармляецца загадам.

На пытанні адказваў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар КУРАШ

Які парадак прадастаўлення метадычных дзён выкладчыку ССНУ? Ці могуць яны пераносіцца на другі семестр навучальнага года пры немагчымасці прадаставіць іх у першым семестры? Якім нарматыўным дакументам гэты парадак рэгулюецца?

- У нарматыўнай прававой базе Рэспублікі Беларусь адсутнічаюць акты, якія рэгулююць прадастаўленне метадычных дзён выкладчыкам устаноў, што забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У адпаведнасці з артыкулам 112 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей - Кодэкс) поўная норма працягласці працоўнага часу не можа перавышаць 40 гадзін на тыдзень, - гэта значыць, для многіх катэгорый супрацоўнікаў устаноўлены васьмігадзінны працоўны дзень. Разам з тым, тыднёвая педагагічная нагрузка выкладчыка складае, як правіла, 18 - 24 гадзіны. Такім чынам, у выкладчыкаў штодзённа застаецца дастаткова часу для выканання арганізацыйна-выхаваўчай работы, дадатковага кантролю за навучальнай дзейнасцю вучняў і іншых абавязкаў, якія прадугледжваюцца кваліфікацыйнымі характарыстыкамі, у тым ліку метадычнай працы. Артыкул 123 Кодэкса вызначае рэжым працоўнага часу як парадак размеркавання наймальнікам усталяваных Кодэксам для супрацоўнікаў норм штодзённай і штотыднёвай працягласці працоўнага часу і часу адпачынку. Такім чынам, кіраўнік установы адукацыі, калі палічыць магчымым і неабходным, можа прадаставіць супрацоўніку так званы метадычны дзень.

Як правільна аплаціць выкладчыку замену гадзін?

- Па пытанні аплаты выкладчыку за замену гадзін Міністэрства культуры паведамляе наступнае. Калі педагагічныя работнікі выконваюць працу за выкладчыка, які часова адсутнічае, то аплата іх работы выконваецца ў межах устаноўленай скарочанай працягласці працоўнага часу (36 гадзін на тыдзень) па часавых стаўках за фактычна праведзеныя гадзіны. Інструкцыя па методыцы вылічэння ставак педагагічных работнікаў з улікам педагагічнай нагрузкі зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 30 сакавіка 2007 № 25.

Практыка працы ССНУ у плане тарыфікацыі выкладчыкаў паказвае, што тарыфікуецца працоўны час, якіскладае 1080 гадзін, або 1080 гадзін плюс гадзіны выхаваўчай і вучэбна-арганізацыйнай дзейнасці, або амаль што дзве стаўкі. Хто тарыфікуе правільна?

- Тарыфная стаўка складае 720 гадзін на год, паўтары стаўкі- 1080 гадзін, дзве стаўкі - 1440. Аднак пры вызначэнні педагагічнай нагрузкі належыць кіравацца пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1.09.2003 г. № 1134 "Аб устанаўленні скарочанай працягласці працоўнага часу асобным катэгорыям педагагічных работнікаў". Кіраўнік установы адукацыі размяркоўвае педагагічную нагрузку паміж работнікамі, улічваючы канкрэтную кадравую сітуацыю ва ўстанове адукацыі і шэраг іншых прычын.

На пытанні адказвала начальнік упраўлення вучэбных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля ШМАКАВА

Прашу растлумачыць, якая працягласць адпачынку канцэртмайстра ДШМ? Чым адрозніваецца змест працы акампаніятара і канцэртмайстра? Якая працягласць працоўнага часу акампаніятара? На пытанне адказвае галоўны спецыяліст упраўлення навучальных устаноў і кадраў Ірына АНЦІПЕНКА:

- У адпаведнасці з артыкулам 155 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь працягласць асноўнага адпачынку складае 24 каляндарныя дні. Кваліфікацыйныя характарыстыкі акампаніятара і канцэртмайстра выкладзены ў Кваліфікацыйным даведніку пасад служачых, занятых у культуры і мастацтве, зацверджаным пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 29.12.2001 № 25. У адпаведнасці з артыкулам 112 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь працягласць працоўнага часу акампаніятара складае 40 гадзін на тыдзень.

Паважаныя чытачы! Калі ў вас ёсць пытанні ў рубрыкі "Чытач - Газета - Міністэрства" і "Юрыдычныя тонкасці", накіроўвайце іх на адрас рэдакцыі: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77, альбо на электронную скрыню: kultura@tut.by .