Што на музейнай карце Полацка?

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік прапанаваў унікальную для Беларусі паслугу: магчымасць наведвання музеяў гэтага старадаўняга месца па адзінай музейнай карце.

На шматразовым білеце адлюстраваны план Полацкага езуіцкага калегіума з гравюры 1785 года і скульптура архангела Міхаіла, якая захоўваецца ў Сафійскім саборы. На адваротным баку - помнік легендарнаму князю Усяславу Чарадзею, а таксама пералік усіх 11 музеяў, права на наведванне якіх дае карта. Стварэнне адзінай музейнай карты стала магчымым дзякуючы рэалізацыі беларуска-шведска-латвійскага праекта "Панарама Дзвіна/Даугава". Такім чынам Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік стаў беларускім "піянерам" у справе ўкаранення ў практыку карыстання музейнымі картамі, шырока распаўсюджанымі ў краінах Еўропы. Набыць такую карту можна ў любым з музеяў Полацка. Яе кошт складае 11 тысяч рублёў, у той час як адно наведванне музея па звычайным білеце абыходзіцца ў 2 - 3 тысячы.

Ул. інф.