Працяг будзе...

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

У № 21 “К” за 2009 год быў змешчаны артыкул “Ці ва ўсякім пакоі — месца для бібліятэкі?”. Гаворка ў матэрыяле вялася пра дзейнасць Карэліцкай ЦБС. У прыватнасці, узнімаліся пытанні, звязаныя з удасканаленнем бібліятэчнай справы Карэліччыны, а менавіта: запатрабаванасць бібліобуса для Карэліцкай ЦБС, размяшчэнне дзіцячай бібліятэкі г. п. Карэлічы ў іншым асобным будынку, захаванне фондаў Мірскай гарпасялковай бібліятэкі і аднаўленне работы дзіцячай Мірскай бібліятэкі ва ўласным будынку. Артыкул быў накіраваны на рэагаванне. Вось што адказаў начальнік упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Лойка:

"У адказ на пісьмо, а таксама ў якасці каментарыяў да артыкула, дасылаем наступную інфармацыю. Карэліцкая дзіцячая бібліятэка размешчана на першым паверсе ў будынку Карэліцкага раённага дома культуры. Агульная плошча- 300 кв. м. Літаратура, якая там захоўваецца, займае плошчу 107 кв. м (згодна з нарматывам, гэтая лічба павінна складаць каля 80 кв. м). У памяшканнях бібліятэкі ў 2008 годзе зроблены бягучы рамонт, набыта новае бібліятэчнае абсталяванне. Размяшчэнне дзіцячай бібліятэкі ў асобным будынку не плануецца. Штогод у сукупнай сетцы публічных бібліятэк Гродзеншчыны адбываюцца рэарганізацыйныя працэсы з улікам дзяржаўнай палітыкі развіцця галіны і дэмаграфічных змен у рэгіёне. Так, Мірская гарпасялковая дзіцячая бібліятэка была зачынена 20 лютага 2007 года ў працэсе аптымізацыі сеткі бібліятэк. У Мірскай гарпасялковай бібліятэцы адкрыты дзіцячы аддзел, які размяшчаецца ў асобным пакоі. Для абслугоўвання маленькіх чытачоў уведзена штатная адзінка бібліятэкара. Частка фондаў дзіцячай бібліятэкі пераразмеркавана ў Мірскую гарпасялковую, Карэліцкую дзіцячую і сельскія бібліятэкі. На сённяшні дзень у г. п. Мір бібліятэчным абслугоўваннем дзяцей займаюцца бібліятэка ўстановы адукацыі "Мірскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж", бібліятэка Мірскай сярэдняй школы і Мірская гарпасялковая бібліятэка, што з'яўляецца дастатковым для якаснага абслугоўвання падрастаючага пакалення. Аднаўленне работы Мірскай гарпасялковай дзіцячай бібліятэкіў асобным будынку не з'яўляецца мэтазгодным. На цяперашні час былы будынак дзіцячай бібліятэкі знаходзіцца на балансе Карэліцкага раённага унітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, і ў будучым плануецца аддаць яго ў жыллёвы фонд. Для Карэліцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы набыццё бібліобуса запланавана ў 2009 годзе. Інфармацыйна-бібліятэчным абслугоўваннем насельніцтва займаюцца 24 публічныя бібліятэкі, у тым ліку 2 бібліятэкі-клубы. У бібліятэчнай сістэме працуюць 6 бібліятэчных пунктаў, дзе выдаецца літаратура: 2- ад Карэліцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі, 1- ад Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі (у летні перыяд), 2- ад Мірскай гарпасялковай бібліятэкі, 1- ад Трошчыцкай сельскай бібліятэкі-клуба (у летні перыяд). Паслугамі публічных бібліятэк Карэліцкай ЦБС у 2008 годзе карысталіся больш за 19 тыс. чалавек, што складае 77% ад агульнай колькасці насельніцтва раёна (па вобласці- 46%). За мінулы год ім выдадзена каля 399 тыс. экземпляраў дакументаў. Колькасць наведванняў склала больш за 149 тыс. разоў. На камплектаванне фондаў у 2008 годзе накіравана 15,7% сродкаў ад агульнага фінансавання бібліятэк (у першым паўгоддзі 2009 г. - 15%). Камп'ютэрызавана 12 бібліятэк: яны маюць 19 камп'ютэраў, з іх 10 - у бібліятэках аграгарадкоў. 12 бібліятэк маюць выхад у Інтэрнет і электронную пошту. Абслугоўванне чытачоў у Карэліцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы праводзіцца ў аўтаматызаваным рэжыме. Усе планавыя творчыя паказчыкі ў Карэліцкай ЦБС выконваюцца. Упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама задаволена работай аддзела культуры Карэліцкага райвыканкама і Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы... Упраўленне культуры валодае інфармацыяй аб праблемах, якія існуюць у гэтай сферы, і па магчымасці паступова іх вырашае сумесна з мясцовымі ўладамі..."

Ад рэдакцыі

Вось ужо больш чым паўгода ў нашай газеце існуе рубрыка "Родная зямля: час крэатыву". За гэты час журналісты "К" наведалі каля 30 раёнаў Беларусі, узнялі розныя праблемныя пытанні, якія тычыліся будаўніцтва аб'ектаў культуры, развіцця сеткі дамоў рамёстваў, платных паслуг, мабільных устаноў культуры, кадравых праблем, і многія іншыя. Практычна кожны матэрыял накіроўваўся на рэагаванне абласному кіраўніцтву і пасля друкаваўся адказ па вырашэнні акрэсленых сітуацый. Не сталася выключэннем і публікацыя "К", у якой мы звярнулі ўвагу менавіта на стан матэрыяльнай базы ЦБС Карэліцкага раёна. І ў першую чаргу нашы пытанні былі адрасаваны да мясцовых уладаў гэтага іміджавага рэгіёна Беларусі, дзе багата турыстаў, якія яго наведваюць, каб на свае вочы пабачыць знакамітую перліну старажытнага беларускага дойлідства - Мірскі замак. Рэдакцыя плануе разгледзець яшчэ некаторыя грані гэтай тэмы, наведаўшы Карэліччыну і іншыя раёны вобласці сумесна з начальнікам упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандрам Лойкам, атрымаўшы ад яго такую прапанову. Пра вынікі "выязной рэдакцыі" "К" - у адным з наступных выпускаў вышэйназванай рубрыкі.