Жанр гістарычнага даследавання на айчынным відэаэкране пашырае свае межы. У мінулым годзе Юрый Цвяткоў ужо зняў стужку пра Сямёна Зорыча - вядомага магната часоў Кацярыны ІІ, які стаў ініцыятарам стварэння першага беларускага балета. І вось - наступная карціна, пры працы над якой таксама былі выкарыстаны элементы мастацкага кіно: здымкі пра гістарычных прататыпаў знакамітага пушкінскага Уладзіміра Дуброўскага праходзілі на месцах падзей. Фільм "Робін Гуды з беларускімі імёнамі", сцэнарый да якога рэжысёр напісаў сумесна з журналістам Уладзімірам Мехавым, прысвечаны надзвычай цікавым і да гэтай пары таямнічым постацям Паўла Астроўскага і Аляксандра Савіцкага. Гэтыя асобы жылі на Беларусі ў пачатку пазамінулага стагоддзя, былі "галаўным болем" паліцэйскага ведамства і карысталіся вялікай павагай мясцовага насельніцтва. А вялікі рускі пісьменнік аб'яднаў іх гісторыі ў сваім хрэстаматыйным творы. Стужкі ж Ігара Бышнёва, які шмат разоў атрымліваў прызы ў Беларусі і за яе межамі, апавядаюць пра напоўнены цудамі свет жывой прыроды. Чатыры новыя часткі яго серыяла, прызначанага, у першую чаргу, для маленькіх натуралістаў, прысвечаны розным бакам жыцця дзікай жывёлы.