Новыя спісы падрыхтаваны

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

У год 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Камітэт дзяржаўнай бяспекі на сваім інтэрнет-сайце, рэсурсах абласных выканаўчых камітэтаў і Мінгарвыканкама публікуе новыя спісы ўраджэнцаў Беларусі, якія загінулі ў фашысцкім палоне. Пра гэта паведамляе Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязей КДБ.

 Праца над гэтым праектам у Беларусі распачалася 29 красавіка 2002 года, калі была падпісана дамова паміж Камітэтам дзяржбяспекі і Аб'яднаннем "Саксонскія мемарыялы" аб сумесным вывучэнні архіўных дакументаў перыяду Другой сусветнай вайны. У выніку КДБ Рэспублікі Беларусь стаў паўнапраўным удзельнікам міжнароднага даследчага праекта, які падтрымліваецца федэральным кіраўніцтвам Германіі, па вызначэнні лёсаў ваеннапалонных і месцаў іх пахавання. Акрамя Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі ўдзельнікамі праекта з'яўляюцца Міністэрства абароны і ФСБ Расійскай Федэрацыі, Служба бяспекі Украіны. Супрацоўнікі Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржбяспекі апрацавалі звыш 20 тысяч трафейных нямецкіх картак на больш чым 12 тысяч ваеннапалонных - ураджэнцаў Беларусі. Трэба адзначыць, спроба аб'яднаць у адзіную камп'ютэрную базу архіўныя даныя з беларускіх, расійскіх, украінскіх і нямецкіх архіваў не ведала аналагаў у сучаснай сусветнай навуцы да цяперашняга часу. Намаганнямі беларускіх і нямецкіх архівістаў ды даследчыкаў ужо падрыхтаваны і выдадзены даведнік "Лагеря советских военнопленных в Беларуси. 1941 - 1944", зборнік артыкулаў "Советские и немецкие военнопленные в годы Второй мировой войны". Перавыдадзена Кніга Памяці савецкіх ваеннапалонных, загінулых у лагеры Хемельбург у Баварыі, апублікавана Кніга Памяці савецкіх ваеннапалонных, загінулых у лагеры Цайтхайн у Саксоніі. У ходзе рэалізацыі праекта беларускія і нямецкія даследчыкі змаглі ўстанавіць месцы гібелі і пахавання больш за 200 ваеннапалонных - ураджэнцаў Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Раней яны лічыліся прапаўшымі без вестак. Звесткі пра даты смерці савецкіх воінаў, месцы іх пахаванняў, а таксама копіі архіўных дакументаў былі перададзены родным загінулых. Як адзначаюць у Цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязей КДБ Беларусі, пасля апублікавання новых спісаў загінулых салдат многія жыхары рэспублікі пасля доўгіх гадоў няведання ўпершыню змогуць прачытаць імёны сваіх блізкіх з указаннем дат іх смерці і месцаў пахавання. Таксама Камітэт дзяржаўнай бяспекі звяртаецца да тых, хто сустрэне ў гэтых спісах імёны сваіх родных, з просьбай паведаміць пра гэта па адрасе: 220623, г. Мінск, праспект Незалежнасці, д. 17, Цэнтральны архіў КДБ Рэспублікі Беларусь, або па тэлефонах: 219-98-89, 219-97-59.