Здымкі і прэс-тур

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

На тэрыторыі Брэсцкай крэпасці поўным ходам ідуць здымкі аднайменнай поўнаметражнай мастацкай стужкі. Карціна ствараецца Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм” і расійскай кампаніяй “Central parthnership” па замове Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы.

/i/content/pi/cult/219/2758/2-3.jpg

Праца над фільмам, сцэнарый да якога напісаны вядомым беларускім драматургам Аляксеем Дударавым і яго расійскімі сааўтарамі Канстанцінам Вараб'ёвым і Віктарам Яроміным, вядзецца пад кіраўніцтвам вядомага маскоўскага рэжысёра, вучня Анджэя Вайды і Уладзіміра Хаціненкі, Аляксандра Котта. "Старт гэтага унікальнага праекта, прэм'ера якога павінна адбыцца ў дні святкавання 65-й гадавіны Вялікай Перамогі, рыхтаваўся амаль два гады", - распавёў "К" генеральны прадзюсер стужкі Ігар Угольнікаў. - "Перш чым прыступіць да здымак, давялося шмат папрацаваць над сцэнарыем, вырашыць мноства арганізацыйных, фінансавых і юрыдычных пытанняў". Унікальнасць фільма - у маштабах здымак, а таксама ў тым, што ўсе натурныя здымкі вырашана зрабіць непасрэдна на месцы гістарычных падзей - тэрыторыі крэпасці-героя. Плануецца, што гэта будзе самы буйны кінапраект з тых, што ствараюцца зараз на постсавецкай прасторы. Як распавялі нашаму карэспандэнту на кінастудыі "Беларусьфільм", пры стварэнні дэкарацый вядомым мастаком-пастаноўшчыкам Алімам Мацвейчуком (дарэчы, ураджэнцам Брэста) спатрэбілася амаль 400 грузавікоў з бітай цэглай, якую дапамаглі даставіць да здымачнай пляцоўкі спецыялісты беларускага МНС. Галоўныя ролі ў стужцы выконваюць папулярныя беларускія і расійскія акцёры, сярод якіх - Генадзь Давыдзька, Павел Дзеравянка, Андрэй Мярзлікін. Ролю хлопца-падлетка, які, па сцэнарыі, побач з дарослымі героямі абараняе крэпасць, іграе малады акцёр Аляксей Капашоў. У рамках візіту ў Беларусь дэлегацыі расійскіх журналістаў запланавана наведванне імі Брэсцкай крэпасці, дзе адбудуцца экскурсіі па цытадэлі і прэс-канферэнцыя стваральнікаў стужкі, якая фінансуецца з бюджэту Саюзнай дзяржавы.

С.А.

 Фота Уладзіміра ГАЙСЛЕРА