“Дом Масквы” на набярэжнай Свіслачы

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Вытрыманы ў стылі неакласіцызму, будынак Культурнадзелавога цэнтра “Дом Масквы” ўпрыгожыў сабой знакамітую панараму беларускай сталіцы з боку ракі Свіслач. Мерапрыемствы з нагоды яго адкрыцця прайшлі пры высокім прадстаўніцтве Беларусі і гасцей з Масквы.

/i/content/pi/cult/219/2757/2-1.jpg

Адкрыццё будынка суправаджалася канцэртам дзіцячых творчых калектываў. Рэжысёр свята Наталля Аўдзеенка распавяла "К", што аснову ўдзельнікаў склалі беларусы - пераможцы шматлікіх міжнародных конкурсаў. Так, адкрыў свята ансамбль дзіцячай песні "Цярнічка" - лаўрэат маскоўскіх конкурсаў "Музыка для ўсіх" і "Сонца свеціць усім". Сваё майстэрства прадэманстравалі таксама стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, салістка тэатра эстраднай песні "Каларыт" Крысціна Святлічная, танцавальны ансамбль школы танца А.Мяжэннага, салісткі Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна Злата Ларчанка і Карына Жуковіч - лаўрэаты спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, ансамбль танца "Гарэзлівыя агеньчыкі". З расійскага боку першых наведвальнікаў "Дома Масквы" віталі калектыў дзяржаўнай установы культуры "Маскоўскі культурны цэнтр творчасці "Руская душа" пад кіраўніцтвам Людмілы Нікалаевай, дзіцячыя вакальна-харэаграфічныя калектывы "Сонечны балаганчык" і "Балалаечкі". "Дом Масквы" - унікальны цэнтр, які павінен стаць "візітоўкай" расійскай сталіцы ў Мінску. Акрамя прадстаўніцтва Урада Масквы ў ім размесцяцца культурныя аб'екты, сярод якіх - падарунак маскоўскай бібліятэкі імя Някрасава: дзве тысячы тамоў рускай класікі, што ўжо дастаўлены ў будынак у цэнтры беларускай сталіцы.  

Антон СІДАРЭНКА