Кітлік і нажутка

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

“Кітлік”, “нажутка”, “наржутка”, “шнуроўка”… Старажытныя назвы, нязвыклыя для нас. Адкуль яны ўзяліся? Што абазначаюць? Аказваецца, так раней называўся прадмет жаночага адзення — безрукаўка. “Прымерыць” яе ды іншыя модныя ў мінулым прадметы адзення і запрашаем сваіх чытачоў “К”.

Па-дэ-суа ці дамасэ?

У Беларусь і Літву комплекс безрукаўкі і спадніцы, відавочна, трапіў з Заходняй Еўропы праз Польшчу ў XVII ст. А ў XVIIІ - пачатку ХІХ стст. святочнае адзенне з парчы і шоўку - кароны, безрукаўкі і спадніцы- з'яўлялася прыналежнасцю касцюма мяшчанак на Віцебшчыне. Шырока выкарыстоўваліся пластычныя ўласцівасці парчовых тканін, шоўку. Жанчыны апраналіся ў тканае золатам адзенне - нягнуткае, цвёрдае, як быццам выкаванае, а не вытканае. Безрукаўка з парчы, пашытая "у абліпку", падкрэслівала прыгажосць жаночай фігуры. Карона з парчы (з шоўку з "бліскаўкамі") ззяла, як сонейка, як і шырокая атласная спадніца. Тканіну для шыцця святочнага адзення куплялі на кірмашах. На Віцебшчыне ў XVIIІ - ХІХ стст. найбольш буйныя кірмашы праводзіліся ў Бешанковічах Лепельскага павета. Тканіну прывозілі з Расіі: парчу надта складаных і разнастайных малюнкаў, падобныя да яе глазет (гласет), брокат, для фабрыкацыі якога ўжываліся шаўковыя ніткі, абвітыя залатымі або сярэбранымі. Везлі ў наш край тафту, што насіла шмат розных назваў: люстрын, градэнапль, пу-дэ-суа, шаўковыя рыпс у "рубчык" і штофы з разводамі. Прапаноўвалі "адамашку гвоздиковую" - старажытная назва вырабленай у Дамаску тканіны дамасэ: з буйнымі ўзорамі ды чаргаваннем бліскучых і матавых паверхняў. Прадавалі атлас "шкарлатное масці" - гэта значыць чырвонага колеру. І пакупнікі цікавіліся шыкоўнымі аксамітамі. Парчовыя ўзорыстыя і залачоныя тканіны вырабляліся і на мануфактуры князёў Радзівілаў. Іх везлі з "града Слуцка". З імем графа А.Тызенгауза звязана развіццё мануфактурнай дзейнасці ў Брэсцкай і Гарадзенскай эканоміях, дзе выраблялі сукно, палатно і шоўк. У Паставах ім былі заснаваны ткацкія майстэрні. З даматканага палатна і мануфактурнага паркалю рабілася падкладка для святочнага адзення. Існавалі розныя віды ўпрыгожвання адзення. Часам шаўковая тканіна аздаблялася бліскаўкамі - маленькімі кружкамі з накладнога золата або срэбра, з адтулінай пасярэдзіне для прышывання (цяпер такія бліскаўкі вядомыя пад назвай "пайеткі"). Нязменна карысталася попытам аздабленне пазументам - звычайна прынята так называць пераважна залаты або сярэбраны басон - мішурную (медную, алавяную) тасьму, павязку, ашалёўку, аблямоўку, галун. Сюды адносіцца і аграмант - узорныя "плетежки" са шнуркоў для аблямоўкі жаночага галаўнога ўбору, "витейкі", "витушки". Адзенне з бліскучай парчы і ўзорчатага шоўку ўпрыгожвалася карункамі - плеценай "дзірчастай" стужкай, тасьмой з нітак, паперы, шоўку, золата, якая плялася або ткалася. Гэта далёка не поўны пералік тавару, што прапаноўвалі гандляры пакупнікам і пакупніцам, якія маглі пафранціць сваімі ўборамі перад суседзямі. Усё гэта куплялі гараджанкі, жыхары мястэчак ды сяляне, каб пасля прынесці краўцам, якімі ў той час звычайна былі яўрэі па нацыянальнасці. Праз іх у беларускую вёску прыходзілі гарадскія фасоны і тыпы крою разам з назвай "кітлік". Дарэчы, у якасці прадмета святочнага адзення сялянак іх і апісвае этнограф М.Нікіфароўскі.

Саф'ян і саян-сарафан

Маладая жанчына ў поўным камплекце мяшчанскага касцюма паказана на літаграфіі "Наряд купчихи м. Усвята Витебской губ. в 60-х годах" у кнізе "Река Западная Двина" А.Сапунова 1893 года. Добра перададзена фактура тканіны касцюма: цвёрдасць парчы на безрукаўцы, шырокія, цяжкія складкі на спадніцы, снежная белізна, лёгкасць кісяі кашулі, яркі арнамент на высокім галаўным уборы. Тонка прапісаны ўсе ўпрыгожанні: завушніцы, тры нізкі караляў з круглых пацерак, брошка і пярсцёнкі. Каралі на жанчыне былі тымі самымі "пярловымі маціцамі", пра якія пісаў М.Нікіфароўскі, - каралі з фальшывых і сапраўдных жамчужных зярнятак. Чым больш было на шыі іх скруткаў, тым больш багата, прыгожа і зайздросна для іншых выглядала мясцовая "щеголиха". Жанчына апранута багата, густоўна, нават з вытанчанасцю. У кнізе есць дадатковае апісанне прадметаў убору купчыхі: "Хустка" - платок, повязанный "купцом", "закруткой"; "завушницы", "крали" - кораллы, красные бусы, иногда жемчуг; "китлик" - корсаж из парчи и шелковой материи; саян-сарафан, "юпка", на ногах - непременно сафьяновые башмачки... Точно такой же наряд, с незначительными изменениями, носили купчихи и зажиточные мещанки Велижа, Суража, Витебска и Полоцка".

Букет з шаўковых валошак

У Віцебскімабласным краязнаўчым музеі захоўваюцца прадметы з к а л е к ц ы й К . К . Бергнера, В.П. Федаровіча і А.Р. Брадоўскага. У этнаграфічным аддзеле апынуліся рэдкія асобнікі адзення гарадскога, мяшчанскага ўжытку мінулага часу. Захавалася фатаграфія мяшчанкі з суседняга з Бешанковічамі мястэчка Ула, зробленая М.Кусцінскім у 1860-я гг., на якой паказана жанчына ў высокім галаўным уборы, абшытым парчой і галунамі. Падобныя галаўныя ўборы мяшчанак апісаны ў дакументах музейнага архіва: "Женский головной убор из парчи, обшитой красивым позументом <...>, снизу подшит холстинкой" - быў пашыты з "золотной" парчы, у арнаменце тканіны- кветкі і галінкі (Маскоўская мануфактура, апошняя чвэрць XVIIІ ст.). Вакол абшыты пазументам, нашыты на кардон. Унізе, пасярэдзіне - мыс. Або іншыя апісанні: "Тоже из парчи, но более узкий, на концах - по 3 крючка и по 3 петли" - быў пашыты з "золотной" парчы канца XVIIІ ст. У клеймах - невялікія букеты кветак (тканіна Маскоўскай мануфактуры). Форма блізкая да дзявочага вянца - кароны, падбітай светла-карычневым ласцікам (ці паўатласам) - баваўнянай матэрыяй атласнага перапляцення. "Тоже из тафты, с узорами, вышитыми блестками, битью и канителью". Пашыты з шаўковай тканіны, па валошкавым рубчастым полі "золотной" ніццю вытканы арнамент у выглядзе рыбнай лускі. Па паўпарчы вышыты бліскаўкамі.

Хто - у падвічцы, хто - у кароне

Галаўны ўбор з вострым верхам з фондаў музея ў пачатку 80-х гг. ХХ ст. этнограф М.Раманюк вызначыў як "карону" - вясельны галаўны ўбор "дзяўчынымяшчанкі, накшталт падвічкі, выраблены з парчы і расшыты бліскаўкамі". Галаўны ўбор замужніх жанчын "падвічка" існаваў у Ляхавіцкім раёне Беларусі, "падвіку" - галаўны ўбор з хусткі, каптура або шапкі - насілі ў Польшчы. Пад час вясельных абрадаў у ваколіцах Віцебшчыны жаніха і нявесту называлі "князь" і "княгіня": "Гэта і пры Мікалаі было, як Мікалай цар быў, мая ж матка тады "кінягінілась". "Кінягінілась" - ад "кінягіня", гэта значыць "нявеста"; "кінягініцца" азначае ўзроставы перыяд, калі маладзіца знаходзіцца на выданні. Падобны зварот да жаніха і нявесты быў характэрны і для некаторых раёнаў Расіі. У Валагодскай губерні, да прыкладу,вянчальны галаўны ўбор зваўся "коруна", у каруне маладзіца сядзела на вясёлым банкеце. Каруну выразалі з бяросты і абцягвалі дарагой тканінай, упрыгожвалі, ззаду прымацоўвалі шырокую паласу парчы.

 "Кітлік" для "щеголихи"

Безрукаўка і спадніца на згаданай літаграфіі нагадваюць прадметы з фондаў музея. У калекцыі знаходзяцца кароткія безрукаўкі розных фасонаў і спадніцы, пашытыя з дарагой мануфактурнай тканіны. На Віцебшчыне мясцовыя безрукаўкі называліся "шнуровка", "китлик", "наржутка". "Шнуровка" - род лифа без рукавов, зашпиленная на боку с левой стороны груди на 3 крючка ("гоплика") <...>, делалась из <...> тяжелой материи... обшивалась галуном" (Суражскі павет, Каралеўская воласць). Назва "китлик", відавочна, прыйшла ад яўрэйскага насельніцтва ("кітл" - "белае адзенне, якое апранае асоба ва ўрачыстых выпадках"). "Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии" этнографа М.Я. Нікіфароўскага 1895 г. утрымліваюць маляўнічае апісанне: "Китлик" есть именно та шнуровка, о которой сохранились песенные упоминания: "Прадай, маця, ялывицу - купи мине шнуровицу". Вядома, такая безрукаўка каштавала нятанна. Набыць тканіну, аплаціць працу краўца каштавала вялікіх грошай, да таго ж, шыццё безрукаўкі планавалася ў самы адказны перыяд: "Китлик" справлялся раз в девической жизни и донашивался потом в первые годы замужества... Зажиточные щеголихи справляли "китлик" из парчи; лица же победнее шили его из какой-нибудь яркой материи или из лучших домотканок". Тканіны для шыцця гэтага віду адзення былі самымі лепшымі, краўцы выкарыстоўвалі выкрайкі і меркі: "Овальные выкройки в белье и простейшей одежде не имеют места", только "китлики" кое-где составляют исключение: для них имелись кое-какие бумажные выкройки или мерки из бумажных и холстинных полос. Но это важивалось у заведомых закройщиц и портних, к которым и обращались носительницы "китлика". (Заканчэнне будзе.)

 Святлана САЛАЎЁВА,

 навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея