Два храмы Скарыны

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Ініцыялы з выданняў Ф.Скарыны з’яўляюцца своеасаблівай маленькай энцыклапедыяй сімволікі, якая была вядома яго адукаваным сучаснікам.

 Напрыклад, выявы касачоў праз аманімію лацінскага "іris" указваюць на вясёлку, якая з'яўлялася вядомым сімвалам Нябеснага Царства. На ініцыялах з пражскіх прадмоў выява канюшыны ("trifolium", "трёхлистник") праз лічбу "тры" сімвалізуе Бязмежны Розум. Адметна, што ў адным са старажытных англамоўных манускрыптаў кветка канюшыны намалявана на ініцыяле, які пачынае слова "разумны". Адзначым, што англійскае "clever" - "разумны", a "clover" - "канюшына". Медыявістам добра вядома пра тое, што сярэднявечныя багасловы выкарыстоўвалі так званыя псеўдаэтымалогіі слоў, якім надаваўся статус безумоўнай даказальнай сілы. Сучасная сімволіка літары "ікс", падобнай на кірылічную літару "Х" і рымскую лічбу "10", узыходзіць да сімволікі невядомага абстрактнага Бога - пачатку ўсяго (адзінкі), з'яднанага з абсалютным небыццём (нулём) яго для органаў пачуццяў чалавека. Стваральнікі кірыліцы добра ведалі пра гэта. Назва літары "Х" узыходзіць да яўрэйскага слова, ад якога паходзіць слова "храм". Ініцыял літары "Х" упрыгожаны выявай саадака. Праз лацінскае "comu" ("лук", "рок", "маладзік") лук сімвалізуе Маісея і іудаізм, калчан - Біблію, а стрэлы - словы з яе. Другі ініцыял гэтай жа літары аздоблены выявай мяча і шчыта (вядомыя метафары з тэксту Бібліі). Наяўнасць на апошнім выявы "сонейка маладзіковага" цалкам нівелюе існуючыя павярхоўныя трактоўкі гэтай "зброі". На самых складаных ініцыялах выкарыстоўваецца сімволіка круга і яго сегментаў. Круг - сімвал бясконцасці ў трыадзінстве Мінулага (ніжняя палова), Цяперашняга (гарызантальная рыса паміж паловамі круга - так званы "Гарызонт адвечнасці") і Будучага (верхняя палова). Акрамя выданняў Скарыны, гэтая сімволіка выкарыстана ў візантыйскім манускрыпце пачатку XIV стагоддзя, А.Дзюрэрам ("Мадонна з касачом" і нават С.Далі ("Нязменнасць памяці"). Ідэаграму Будучыні можна заўважыць на славутым партрэце нашага асветніка пад яго правай нагой, якая абапіраецца на маленькую лавачку. Ножкі апошняй, выкананыя ў выглядзе паўкружжа, не маюць аналагаў у гісторыі мэблі. Сімвал жа Мінулага змешчаны ў верхняй частцы ініцыяла літары "амега" з выявамі аголенай жанчыны (Канчатковая недасягальная Абсалютная ісціна) і чэрапа (Неба). На гэтым сімвале (Мінулае) адлюстравана першапачатковая іскра неаплатонікаў, у рэнесансных манускрыптах якіх, поруч з выявамі капы пшаніцы ("мэта", "фініш", "узнагарода"), сустракаюцца выявы крэсіва і іскры.

Мікалай ПАЛКОЎНІЧАНКА

Гомель