І маёнткі, і млыны

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

30 чэрвеня адкрыўся Мемарыял “Памяці былых вёсак” непадалёк ад Снежкава Вілейскага раёна. Усяго такіх населеных пунктаў у гэтым рэгіёне Міншчыны — 253.

 /i/content/pi/cult/218/2753/Clip_14-1.jpg
 Цэнтральная частка Мемарыяла
 /i/content/pi/cult/218/2753/Clip_14-3.jpg
 План-схема Мемарыяла
Розны лёс напаткаў іх у ХХ стагоддзі. Большасць зніклых паселішчаў сёння засталіся хіба ў памяці старэйшых людзей. Не пакінуў час пра іх ні здымкаў, ні ўспамінаў колішніх жыхароў. Вялікі пералік ужо саміх тыпаў зніклых паселішчаў. Гэта маёнткі - зямельнае ўладанне памешчыка з панскай гаспадаркай, фальварак - невялікая сядзіба пана, аколіца, ці засценак, - невялікае сельскае паселішча дробнай шляхты, хутар - адасоблены сялянскі зямельны ўчастак разам з сядзібай уладальніка, калонія, ці таварыства,- новае сялянскае пасяленне выхадцаў з іншых мясцовасцей, а таксама леснічоўкі, чыгуначныя або шасэйныя будкі, асады, вадзяныя млыны... Знікалі і вёскі, у тым ліку вялікія. Напрыканцы 1930-х было ліквідавана паняцце такога буйнога населенага пункта негарадскога тыпу, як мястэчка. Існуе некалькі прычын знікнення нашых шматлікіх паселішчаў, і амаль ва ўсіх выпадках прысутнічае чалавечы фактар: людзі выбіралі па сваёй волі ці праз збег абставін новае месца жыхарства. Вілейшчына панесла страты і з-за адсялення шэрагу вёсак з зоны затаплення Вілейскім вадасховішчам, якое пачалося на пачатку 1970-х гадоў. У выніку ажыццяўлення гэтага мерапрыемства пад хвалямі штучнага вадаёма цалкам ці часткова апынуліся месцы, дзе раней віравала вясковае жыццё. Гэта дзевяць населеных пунктаў: Альшанка (Лазарцы), Вольшына, Касуцкае, Малмыгі, Рыбчына, Сенішча, Слабада, Сутокі, Пахомава. Апошняя вядомая тым, што ў пачатку XIX стагоддзя тут пражываў дзед славутага авіяканструктара Паўла Сухога. Незайздросны лёс напаткаў гэтую вёску. Двойчы цягам Вялікай Айчыннай яна была спалена немцамі, але ацалелыя жыхары адбудавалі яе. У 1970-я гады, калі пачалося будаўніцтва вадасховішча, вёска была затоплена. Многія са зніклых сядзіб былі ў мінулым калыскай інтэлігенцыі, крыніцай творчага натхнення выдатных дзеячаў навукі і культуры не толькі нашых, але і суседніх народаў. Не абмінула гэта і Вілейшчыну. Сярод іх - Ганута - маёнтак Агінскіх, Дзевятні - месца, дзе правёў большую частку свайго жыцця класік польскай і беларускай літаратуры Ігнат Ходзька, Крыстынопаль- тут жыў і пахаваны беларускі паэт-дэмакрат, фалькларыст Адам Гурыновіч. Адкрыўшы Мемарыял "Памяці былых вёсак", віляйчане здзейснілі сваё вяртанне. I дапамагалі ў гэтым не абыякавыя да духоўнай спадчыны людзі. Канцэпцыя мемарыяла не ўзнікла стыхійна - яна нарадзілася ў час традыцыйных сустрэч, якія штогод ладзяць былыя жыхары непадалёк ад месца, дзе знаходзілася вёска Рыбчына. Палымнеючы пялёсткамі шыпшыны, луг на беразе Вілейскага вадасховішча стаўся для іх своеасаблівым сімвалам мінулага, у чым спляліся ўспаміны і сучаснасць. Падалося, што менавіта такі сімвал павінен быць у кожнай зніклай вёсцы. I калі гэтай ідэяй захапіліся адначасова старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўген Ігнатовіч, вядомы краязнаўца Анатоль Рогач і архітэктар Анатоль Капцюг - нарадзіўся праект, дзе цэнтральнае месца адводзілася абрысам вясковай хаты. На пад'ездзе да Снежкава арганічна ўплёўся ў бярозавы гай арыгінальны па кампазіцыі мемарыял, якога яшчэ не даводзілася бачыць на прасторах нашай Радзімы. Яго пачаткам стаў камень у выглядзе перакуленага звона з назвамі пяці населеных пунктаў Вілейшчыны, што напаткаў лёс Хатыні. Драўляная скульптура ахопленай полымем жаночай постаці дапаўняе кампазіцыю. Так тэму роднай зямлі ўскалыхнуў матыў роспачнага болю нашчадкаў на папялішчах той страшнай вайны. Трынаццаць сельскіх саветаў Вілейскага раёна сімвалізуюць трынаццаць камянёў, якія размяшчаюцца па дзвюх спіралях. На кожным камені- мемарыяльная шыльда з назвамі зніклых вёсак. Яшчэ адзін камень змяшчае пералік вёсак, якія ўліліся ў рысу Вілейкі. Цэнтральнае месца займае 15-тонны валун са зваротнымі словамі да наведвальнікаў. На бетонным слупе - кола для буслянкі, сімвала вечнага і шчаслівага жыцця. Яно павінна быць менавіта такім у нашчадкаў зніклых вёсак.
Сяргей ГАНЧАР,
дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея