“ВЯЛЕБНЫ КСЁНДЗ”

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Падцягнуты, ветлівы, заўсёды некуды спяшаецца. Клопатаў у яго столькі, што адзін-два штодня, праз недахоп часу, застаюцца незавершанымі, але ён абавязкова давядзе справу да канца заўтра. І гэтак — усё жыццё. Ён — святар, пастаноўшчык рэлігійных урачыстасцей, грамадскі дзеяч, паэт, перакладчык, асветнік, тэолаг, прамоўца, абаяльны чалавек і нават... акцёр. У многіх краінах свету стаў для тамтэйшых беларусаў “тварам” сталічнага Чырвонага касцела. Як жа звяртацца да ксёндза-магістра Уладзіслава Завальнюка, якому днямі споўнілася шэсцьдзесят гадоў? А так, як ён, кансультант па касцёльных справах 33-серыйнай меладрамы “Пракляты ўтульны дом”, вучыў звяртацца адзін да аднаго акцёраў, што выконвалі ролі каталіцкіх святароў.

 /i/content/pi/cult/218/2752/Clip_14-2.jpg
План-схема Мемарыяла. 
Чырвоны касцёл з юнацтва вабіў мяне: спачатку марыў працаваць на кінастудыі, якая там больш за дзесяць паваенных гадоў месцілася, затым - хацеў стаць сябрам Саюза кінематаграфістаў, што з цягам часу заняў памяшканне. Усё здзейснілася, таму і сцены гмаху мне добра знаёмыя. Неяк, седзячы ў кабінеце Завальнюка, дзе некалі вёў пасяджэнні праўлення Саюза Уладзімір Корш-Саблін, пачуў я ўспаміны і мудрыя разважанні Уладзіслава Мацвеевіча. *** Для вернікаў Малдовы ў 1970-х смерць блізкага чалавека станавілася адзінай магчымасцю правесці набажэнства. Такім чынам, на пахаванне незнаёмага чалавека збіраліся ў нейкую вёску сотні чалавек: кішынёўскі ж касцёл даўно зачынены, адзіны на рэспубліку стары ксёндз рэдкія імшы праводзіў у каплічцы на могілках пад пільным наглядам, але і ён сышоў у лепшы свет... Новым ксёндзам стаў выпускнік Рыжскай духоўнай семінарыі, што прыехаў у Кішынёў пробашчам храма, якога, па сутнасці, не было. На пачатку 1970-х Завальнюк з'яўляўся адзіным каталіцкім святаром на ўсю Малдову. Распачаліся адстойванне зачыненага касцёла і дзейнасць, накіраваная на ўзвядзенне яшчэ аднаго- на падмурку зруйнаванага. Цяпер ксёндз прыгадвае пра "малдаўскае" былое з усмешкай. Тады ж яго дзейнасць з'яўлялася небяспечнай. Часам выязджаў ён з Кішынёва ў калясцы матацыкла ў адным, адсочаным міліцыяй, накірунку, а недзе пасярод кукурузнага поля патаемна перасаджваўся ці ў легкавушку, распластаўшыся на заднім сядзенні, ці ў сялянскі воз-каруцу і ехаў іншым шляхам. У калясцы матацыкла тым часам каціла "лялька"... А часам святару даводзілася пераапранацца... ў жаночае адзенне, каб "усыпіць" пільны нагляд. А колькі было налётаў міліцыі на патаемныя набажэнствы ў сялянскай хаце ці ў сутарэнні між вінымі бочкамі! Зразумела, цярпенне ўлады ўрэшце скончылася: Завальнюка арыштавалі і выслалі за 200 кіламетраў ад Караганды. Але і там святар прадоўжыў сваю місіянерскую дзейнасць: імшу праводзіў, дзе й жыў,- у зямлянцы. На сценах і на падлозе - вада, перакрыцці даху - з жэрдак, на ім - гліна, а зверху - двухметровы пласт снегу. Паўгода - завіруха, што збівае з ног. Але тунелі да падземнага "касцёла" былі заўсёды расчышчаныя. *** У 1986-м Завальнюк прыязджае ў Мінск, становіцца пробашчам касцёла, які вернікам не належаў. Справа для яго не новая: паўтор кішынёўскай сітуацыі. Амаль чатыры гады ідзе дыялог вернікаў з гарадскімі ўладамі. І ўрэшце Дом кіно перасяляецца ў іншае памяшканне, а Чырвоны касцёл - ужо носячы імёны Святых Сымона і Алены - вяртаецца ў будынак. Але ў ім прастора па гарызанталі аказалася падзеленай на два паверхі. Таму да якасцей ксёндза дадалася яшчэ "прафесія" архітэктара: увесь двор быў ператвораны ў вялікі катлаван, затым перакрыты плітамі, пад якімі цяпер- бібліятэка, дзве тэатральныя залы, капліцы, выставачныя залы, школа, гараж, падсобныя памяшканні, майстэрні, алтар з копіяй Турынскай плашчаніцы- адной з сямі ў свеце! Словам, сутарэнні Чырвонага касцёла ператвораны ў моцны культурны цэнтр. *** У касцёле заўсёды шматлюдна. І ўсе, каб спаведацца, чакаюць самога ксяндза-пробашча. Выходзіць ад яго забітая горам жанчына, і сам ён - стомлены, крыху збялелы. Чалавеку стала лягчэй. А ксёндз? Ён павінен выслухаць, суцешыць, даць дзейсную параду. І гэтак - для кожнага. Ведаю адзін з "сакрэтаў" ягонай стойкасці: маці Ганна. Ёй дзевяноста, раніцай і ўвечары яна - у касцёле, моліцца за сына, які моліцца за ўсіх нас. Ён шчаслівы, бо, дзякаваць Богу, ёсць каму называць яго "сынком". Вось ужо ў трэцім фільме я пакідаю кадры, дзе бачны засяроджаны твар Ганны ў нязменнай белай хустачцы. Вялікая магія кіно захавае вобраз маці на векі вечныя. Казані ягоныя выклікаюць водгук, людзі пішуць яму лісты. І не толькі ад блізкасці і зразумеласці думак ксяндза-магістра шырокай аўдыторыі, але і таму, што ён легка пераходзіць з беларускай на польскую, рускую, малдаўскую, літоўскую, латышскую, ведае іншыя еўрапейскія мовы, а набажэнствы вядзе, дарэчэ, на лаціне. *** Акцёру Горкаўскага тэатра Іосіфу Ражбу, які ў серыяле "Пракляты ўтульны дом" выконваў ролю Старога ксёндза, ішоў 87-ы год. Нейкія бясколерныя вочы, дрыжачая несыходзячая ўсмешка, сівыя пасмы з-пад чорнага берэта, замаруджаная рэакцыя, але - мудрыя парады і сентэнцыі. І наадварот: выканаўца ролі Новага ксяндза - акцёр Тэатра лялек Аляксандр Васько - сухі, падцягнуты. Выказваў ён жорсткія, энергічнабезапеляцыйныя меркаванні - гэткі тыповы езуіт. Агледзеўшы акцёраў у Чырвоным касцёле, Уладзіслаў Мацвеевіч загадаў прынесці камплекты адпаведнага адзення: для службы, хатнія і зімовыя. Калі акцёры апрануліся, доўга пазіраў на іх, а потым шапнуў мне: - Яны больш за мяне падобныя на ксяндзоў. Паводле сюжэта, для 30-й серыі спатрэбіўся выканаўца ролі Прыезджага ксяндза. Яму належыла справіць імшу па гаспадары Дома. Кансультант павінен навучыць гэтаму нейкага акцёра... Але тут шчаслівая думка падказала мне прапанову: - Велебны ксёнжа, лічу, лепей вас самога ніхто не выканае ролю. Ён наадрэз адмовіўся. Але яшчэ не ведаў, якая яна, настойлівасць рэжысёра, апантанага ідэяй! Угаворы былі доўгімі і скончыліся тым, што я пакінуў яму сцэнарый 30-й серыі. З веданнем тэксту прыехаў ён у вёску Варонча (па паданні, яе апісаў Міцкевіч у "Пане Тадэвушы"). Там, у цэнтры сучасных могілак з абавязковымі кратамі-агароджамі, цудам захавалася з паўсотні помнікаў, якім па 100, 150 гадоў і болей... Іграць Уладзіславу Мацвеевічу не было патрэбы: імша, потым - размова з галоўнай гераіняй, Саламеяй, дзе ён супакойвае і настаўляе дзяўчыну, якая страціла жыццёвую абапору: - Няма пустэчы... І быць не можа!.. А калі пусцее душа, яе тут жа запоўніць цемра. Ты згодная са мной? Гэта была ўжо чыста акцёрская задача, якую выдатна вырашыў Завальнюк...
Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр
Фота з архіва аўтара