Камень, бронза, танец

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Ацаніць мастацкую вартасць тых ці іншых узораў нацыянальнай скульптуры цяжка, не пабачыўшы іх, так бы мовіць, “жыўцом”. У той жа час, прывезці апрацаваныя глыбы граніту ў іншую краіну даволі праблематычна. Тым не менш, знаёмства польскай грамадскасці з сучасным беларускім мастацтвам адбылося ў цэнтральнай выставачнай зале Беластока, размешчанай у будынку ратушы, дзе адбылося адкрыццё экспазіцыі “Сучасная беларуская скульптура: камень і бронза”, дзе выстаўлены работы васьмі беларускіх скульптараў, якія прадстаўляюць усе рэгіёны рэспублікі.

У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел аўтары твораў - вядомыя беларускія скульптары В.Капач, В.Панцялееў, А.Вараб'ёў, Е.Злоціна, А.Старавойтава, прадстаўнікі гарадскога кіравання, інтэлігенцыі Беластока, беларускай нацыянальнай меншасці, супрацоўнікі Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыя прадоўжыцца да сярэдзіны жніўня 2009 года. Гэтымі ж днямі мастацкія калектывы Брэсцкага раёна, у межах развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва ў гмінах Вішніцэ і Канстанцінаў Бяльскага павета, удзельнічалі ў Днях славянскай культуры. У прыватнасці, у Польшчы Беларусь прадстаўлялі народны ансамбль "Дабравест", групы "Лагуна", "Спадчына", "Шакалад" і баяністы браты Круцікавы. Як адзначаюць у прэс-службе айчыннага пасольства ў Рэспубліцы Польшча, у выкананні мастацкіх калектываў прагучалі песні беларускіх кампазітараў, дэманстраваліся нацыянальныя танцы.  

Ул. інф.