|
Летась вёска стала аграгарадком. Дзівінскі дом культуры з гэтай нагоды якасна адрамантавалі. Стараліся вельмі, бо пад адным дахам гэтай установы месцяцца яшчэ дзве бібліятэкі (адна - дзіцячая), школа мастацтваў з харэаграфічным і інструментальным аддзяленнямі, Дом рамёстваў. Карацей кажучы, сапраўдны вясковы культурнаасветны цэнтр, дзе на кожным з двух п а в е р х а ў віруе жыццё. Творчага клопату хапае і малым, і пажылым, і людзям сярэдняга веку. Як расп а в я д а е дырэктар СДК Алена К р а ч к а , шмат ва ўстанове цікавостак, адна з іх - фальклорны гурт, што ўзначальвае мастацкі кіраўнік Фёдар Штык. Шэсць спявачак у калектыве: Галіна Штык - бальнічная санітарка, Ларыса Дарашук - майстар-метадыст па ткацтве Дома рамёстваў, Вера Кавальчук - памочніца выхавальніка мясцовага дома-інтэрната, Вольга Крачка - даярка, Таццяна Кацэвіч - работніца пякарні, Таццяна Брышуель - супрацоўніца СДК. У рэпертуары - каля сотні палескіх песень, родных і зразумелых кожнаму "дывінцу". Таму і прымаюць гурт паўсюль "на ўра". Цікавіцца фальклорам і дзятва. Напрыклад, Коля - сын дырэктара Дома рамёстваў Наталлі Клімук - раз-пораз забягае на рэпетыцыі, "спрабуе голас". Глядзіш, праз час у калектыве мужчын паболее. Хіба ж дзіва: песню "пасееш" - песня і "прарасце".
Я.Р.
На здымку: мастацкі кіраўнік фальклорнага гурта Дзівінскага СДК Фёдар Штык.