Землякі па ўсім свеце

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Сёння беларуская дыяспара — гэта некалькі мільёнаў чалавек, што жывуць у розных краінах і на розных кантынентах. Нягледзячы на абставіны, нашы суайчыннікі за мяжой не губляюць сувязей з Радзімай, захоўваюць духоўныя каштоўнасці свайго народа. І прыкладам гэтаму — шматлікія імпрэзы, канцэрты, выстаўкі, што ладзяцца аб’яднаннямі беларусаў замежжа.

/i/content/pi/cult/218/2747/Clip_12-3.jpg
 /i/content/pi/cult/218/2747/Clip_12-4.jpg

Каб даведацца аб працы такіх арганізацый, наш карэспандэнт стэлефанаваўся з іх прадстаўнікамі. Сябры многіх гэтых аб'яднанняў прымуць удзел у рабоце V З'езда беларусаў свету. У Расіі - самая вялікая беларуская дыяспара: каля мільёна чалавек, большасць з якіх удзельнічаюць у беларускіх культурных арганізацыях. Група энтузіястаў з Новасібірскага цэнтра беларускай культуры рэгулярна ладзіць народныя святы, аднаўляе старадаўнія абрады. І, трэба сказаць, іх дзейнасць будуецца не на пустой глебе. Як адзначыла дырэктар Цэнтра Ніна Кабанава, больш за два стагоддзі захоўвае сваю нацыянальную ідэнтычнасць цалкам беларуская вёска з дзіўнай назвай "Каўбаса", дзе існуе калектыў народных аўтэнтычных спеваў "Зязюля". І хоць Новасібірск ад Мінска аддзяляюць тысячы кіламетраў, па словах Ніны Васільеўны, мясцовыя музычныя калектывы са сваімі выступленнямі даволі часта наведваюцца на этнічную Радзіму. Так, нядаўна на святкаванне Дня Незалежнасці ў Гродна прыязджаў гурт "Сібірскія ўзоры". Адна са старэйшых дыяспар нашых суайчыннікаў цягам ужо 55 гадоў дзейнічае ў гарадах Ізраіля і аб'ядноўвае больш за 130 тысяч чалавек. Як адзначыў старшыня Беларускага зямляцтва ў гэтай краіне Міхаіл Альшанскі, у захаванні сваіх каранёў вельмі вялікую дапамогу аказвае Пасольства Беларусі. У прыватнасці, дапамагае ў спрошчаным адкрыцці віз, перадае разнастайныя буклеты пра Радзіму. Апрача гэтага, рэгулярна адбываюцца выязныя консульскія вечары па ўсіх аддзяленнях зямляцтва. Не забываюцца прадстаўнікі пасольства наведваць культурныя мерапрыемствы ва ўсіх 33 гарадах Ізраіля, дзе прадстаўлена зямляцтва. У размове з карэспандэнтам "К" Міхаіл Альшанскі падкрэсліў важнасць традыцыі "Беларускага лесу" - штогадовага свята на вольным паветры каля аэрапорта горада Лод, куды збіраецца каля 5- 10 тысяч чалавек, каб паглядзець канцэрт, падзяліцца ўспамінамі пра Беларусь. У Польшчы жывуць дзесяткі тысяч нашых суайчыннікаў, пераважная большасць - на Беласточчыне. Менавіта там дзейнічае шэраг беларускіх таварыстваў, школ, асветніцкіх цэнтраў. Як адзначыў старшыня галоўнага ўпраўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі, сёння пры генконсульстве дзейнічае Культурны цэнтр Беларусі ў Беластоку, які рэпрэзентуе беларускую культуру ў краіне, займаецца выставачнай дзейнасцю, актыўна супрацоўнічае з польскімі пазаўрадавымі арганізацыямі, школамі, займаецца стварэннем бібліятэкі з матэрыяламі пра гісторыю і сучаснасць Радзімы. Сярод найбольш значных мерапрыемстваў дыяспары Ян Янавіч адзначыў найперш святкаванне Купалля ў Белавежскай пушчы, якое цягам 25 гадоў збірае сваіх прыхільнікаў. Напэўна, адна з самых актыўных - беларуская дыяспара ў Эстоніі. Вялікая роля ў гэтым, бясспрэчна, належыць старшыні Асацыяцыі беларускіх абшчын Эстоніі Ніне Савінавай. Варта толькі пералічыць некаторыя апошнія мерапрыемствы: штогадовае традыцыйнае свята ў Таліне "Спатканне", майстар-класы ў Цэнтры народных промыслаў з удзелам спецыялістаў з Беларусі. Апрача гэтага, шмат гадоў дзейнічае праграма па знаёмстве моладзі з беларускімі ВНУ. Нельга не адзначыць і унікальны праект "Знаёмая - незнаёмая Беларусь", дзякуючы якому адбываецца падарожжа прадстаўнікоў дыяспары на Радзіму. Гучыць у эстонскім радыёэфіры і штотыднёвая праграма на беларускай мове. У далёкай Аргенціне беларуская дыяспара актыўна супрацоўнічае з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у гэтай краіне. Так, па словах першага консула Сяргея Лукашэвіча, праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Году роднай зямлі. Да таго ж, нашчадкі беларусаў актыўна ўдзельнічаюць у ІІІ Міжнародным беларускім конкурсе "Зямля і людзі: учора, сёння, заўтра". Як адзначыў Сяргей Лукашэвіч, сёлета ў Буэнас-Айрэсе адбудзецца канферэнцыя суайчыннікаў, на якой плануецца прыняць праграму дзейнасці на бліжэйшыя гады. Дадам, што кожны з прадстаўнікоў беларускіх дыяспар, з кім давялося пагутарыць, падкрэсліў значнасць сталых кантактаў з Радзімай і прамовіў цёплыя словы прывітання ўсім землякам.

Кастусь АНТАНОВІЧ

На здымках: беларусы Эстоніі і Аргенціны пад час святаў нацыянальнай культуры ў гэтых краінах.