Колькі вострых вуглоў у кадравага трохкутніка?

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Што патрэбна для таго, каб малады спецыяліст змог замацавацца на сваім першым працоўным месцы? Якія фактары і “зоркі” мусяць сысціся ў адно, каб сустрэча гэтая сталася не толькі прыемнай, але ўзаемна карыснай і плённай? Здавалася б, складнікі гэтыя ляжаць на паверхні, у межах амаль класічнага “трохкутніка”, і не гаворыць пра іх хіба толькі абыякавы: цікавая творчая работа, годная заработная плата і жыллё. Але ж ці заўсёды гэтая трыяда з д о л ь н а я з а б я с п е чыць той вынік, на які разлічв а ю ц ь мясцовыя ўлады, запрашаючы да сябе па размеркаванні маладых спецыялістаў? Пра гэта думалася па дарозе на Лагойшчыну. Рэгіён выклікаў інтарэс нашай рубрыкі акурат з прычыны кадравых праблем. Перспектыўны раён, які актыўна і дынамічна развіваецца, сучасная буйная турыстычная зона, што прыцягвае інтарэс не толькі беларусаў, але і замежнікаў, непасрэдная блізкасць да сталіцы — здавалася б, што яшчэ патрэбна маладому амбіцыйнаму культработніку для таго, каб з першых жа крокаў у прафесіі трывала стаць на ногі і, разам з тым, мець магчымасць для плённай рэалізацыі ўласных творчых планаў ды памкненняў? Аднак на паверку аказалася, што ўсе гэтыя “плюсы” так і не змаглі самі па сабе забяспечыць сетцы ўстаноў культуры Лагойскага раёна трывалага прытоку ініцыятыўных маладых спецыялістаў.

 /i/content/pi/cult/218/2744/Clip_10-1.jpg

Ракіроўкі і тэндэнцыі

 Агульная карціна галіны культуры рэгіёна не сведчыць пра відавочныя кадравыя пытанні. Тым не менш, за апошні год змянілася кіраўніцтва раённай Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы, Дома рамёстваў, Цэнтра культуры, дзіцячых школ мастацтваў у Лагойску і Плешчаніцах. Зрэшты, і начальнік аддзела культуры Лагойскага раёна Пётр Вабішчэвіч таксама працуе на сваёй пасадзе ўсяго толькі год. Гэта, безумоўна, паказвае, што мясцовая ўлада дбае пра эфектыўнасць дзейнасці галіны. Таму і інтанацыя гэтага артыкула натуральным чынам рушыла не столькі ў рэчышча пошуку таго, як разблытаць складаныя кадравыя "вузлы". Важнейшым за гэтае падаецца знайсці, куды сёння можна "выруліць" з праблемамі, што чакаюць на Лагойшчыне свайго неадкладнага вырашэння. - Мы, - кажа Пётр Вабішчэвіч, - практычна кожны год запрашаем да нас у раён на працу маладых спецыялістаў - выпускнікоў ВНУ сферы культуры. Але бяда нашага прысталічнага рэгіёна і корань пастаяннай кадравай незадаволенасці Лагойшчыны заключаюцца ў тым, што да нас традыцыйна імкнецца размеркавацца як мага больш мінчан. Не хачу сказаць нічога дрэннага пра іх як пра спецыялістаў, але праходзіць два гады - і амаль сто працэнтаў з іх вяртаюцца ў сталіцу. Вось і атрымліваецца: з'язджае чалавек - а разам з ім з'язджаюць і напрацоўкі. Таму ягоным наступнікам на тым самым месцы фактычна даводзіцца пачынаць працу з нуля. У гэтым годзе я асабіста прысутнічаў на размеркаваннях ва ўсіх навучальных установах галіны культуры, выпускнікі якіх нас патэнцыйна цікавяць. У выніку чакаем на працу 8 маладых спецыялістаў. Сёлета нашай прынцыповай устаноўкай, нягледзячы на пэўны кадравы "голад", была адмова ад запрашэння на працу мінчан. Мы разумеем, што год-два давядзецца "ператрываць", але ж канкрэтныя рэаліі жыцця даводзяць: мы можам рабіць стаўку толькі на прадстаўнікоў свайго раёна. Што ж, пэўны кадравы рэзерв у Лагойшчыны маецца: на сённяшні дзень у навучальных установах культуры на розных формах навучання атрымліваюць адукацыю 73 студэнты з раёна, прычым 26 спецыялістаў павышаюць кваліфікацыю завочна, у тым ліку 10 -з вясковых устаноў культуры. На фоне гэтых лічбаў зусім паіншаму выглядае і такі факт: з 16 маладых спецыялістаў, якія прыехалі на працу ва ўстановы культуры Лагойскага раёна летась, за гэты час пераразмеркаваліся ўсяго 3 чалавекі. Многа гэта ці мала - пытанне рытарычнае, бо як не паставіцца з разуменнем да таго, што дзяўчына пасля заканчэння ВНУ бярэ шлюб і хоча надалей жыць ды працаваць побач са сваім мужам?.. Прынамсі, начальнік аддзела культуры зазначае: збольшага маладыя спецыялісты добра ўпісаліся ў калектывы раёна і ўжо пэўным чынам зарэкамендавалі сябе як цікавыя і актыўныя работнікі. У якасці ўзору называе - Таццяну Гайдукевіч. Яна працуе мастацкім кіраўніком Гасцілавіцкага сельскага дома культуры, паспела правесці ў раёне некалькі яркіх і запамінальных мерапрыемстваў. "Таму, калі ў яе будзе жаданне застацца ў нас, - кажа з надзеяйПётр Вабішчэвіч, - мы перавядзём Таццяну на працу ў Лагойскі гарадскі дом культуры, дзе ў яе з'явіцца яшчэ больш магчымасцей для творчай самарэалізацыі".

 /i/content/pi/cult/218/2744/Clip_10-2.jpg

 Жыллёвае пытанне

 Што ж Лагойшчына можа прапанаваць маладым спецыялістам у якасці прывабных "казыроў"-аргументаў? Начальнік аддзела культуры бачыць у якасці іх актыўнае развіццё раёна ў вытворчай галіне і ў плане агульнага добраўпарадкавання ды будаўніцтва. Не сакрэт, што штуршок тут далі два гарналыжныя комплексы, якія актывізавалі турызм на Лагойшчыне, а значыць - і развіццё сферы паслуг. Вельмі абнадзейлівыя прагнозы дае начальнік аддзела культуры і адносна "кватэрнага пытання". Зараз на ўзроўні раённай улады абмяркоўваецца пытанне аб стварэнні жыллёвага кааператыву з ліку работнікаў бюджэтнай сферы, куды змогуць увайсці і тыя 9 чалавек, што стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў непасрэдна ў аддзеле культуры. Таму на працягу двух бліжэйшых гадоў гэтая праблема мусіць быць знятая. Ну, а пра тое, што падобныя прагнозы маюць пад сабой рэальную глебу, сведчыць той факт, што летась, і "К" пра гэта пісала, райвыканкам Лагойска перадаў аддзелу службовую чатырохпакаёвую кватэру з мэтай прыстасавання яе пад інтэрнат для маладых спецыялістаў, дзе сёння і пражывае жаночая "частка" маладых культработнікаў раёна. Аднак, канешне ж, жыллёвы аптымізм, мусім дадаць, мае месца хіба што ў дачыненні да тых маладых спецыялістаў, якія атрымліваюць працу непасрэдна ў Лагойску. А вось калі ты прыязджаеш у невялікую вёску - туды, дзе капітальнае жыллёвае будаўніцтва проста не прадугледжана, - разлічваць можаш адно толькі на сябе. Таму за межамі райцэнтра малады спецыяліст спадзяецца хіба на пошукі "кута" ў прыватным сектары. Калі аддзелу і, адпаведна, вяскоўцам "пашчасціць" - то за час размеркавання такі навічок возьме шлюб з мясцовым жыхаром і, магчыма, замацуецца тут, а калі не - надзеі на доўгую працу практычна няма. І ў гэтым сэнсе надзвычай паказальная вастрыня кадравай праблемы ў Калачынскім доме культуры, дзе ёсць вакансіі дырэктара і мастацкага кіраўніка. Здаецца, сама па сабе ўстанова культуры выглядае надзвычай прывабна.Дзякуючы таму, што аграгарадок "Калачы" быў здадзены летась, у Доме культуры зрабілі вялікі рамонт, і будынак, які быў практычна без гаспадароў і больш за 10 гадоў не ацяпляўся, займеў, нарэшце, нармальныя ўмовы для працы. Але ёсць "дом", ды няма для яго ўвішных "гаспадароў"-культработнікаў - каб маглі музычнымі інструментамі валодаць і ўмелі працаваць з людзьмі. "Ідэальным варыянтам для Калачынскага СДК, - кажа Пётр Вабішчэвіч, - была б сямейная пара..." Ды яе пакуль няма.

 Матэрыяльны падмурак крэатыву

 Увосень на Лагойшчыне плануецца правядзенне раённага конкурсу на лепшую ўстанову культуры сельскай мясцовасці, прычым ацэньвацца будзе як канкрэтная праца ўстановы на працягу года, так і паўгадзінная творчая "візітоўка"-справаздача, якая будзе ўключаць і выступленне творчых калектываў, і, пажадана, фотаматэрыялы, невялічкі відэафільм. Няўжо ў вясковых установах культуры Лагойшчыны сёння ёсць магчымасць і матэрыяльная база для таго, каб уласнымі сіламі зняць відэафільм? Кіраўнік аддзела культуры прыцішае мой імпэт, прызнаючы, што многае ў гэтым накірунку робіцца за кошт уласных сродкаў і тэхнікі саміх работнікаў культуры. Хаця не так даўно з пазабюджэтных сродкаў аддзелам культуры былі закуплены два ноўтбукі для Лагойскага ГДК і для Цэнтра культуры, якія значна спрасцілі і палепшылі якасць работы, тэхнічная мадэрнізацыя іншых устаноў раёна - справа надзвычай актуальная. Цалкам пагаджаюся: два новыя ноўтбукі на ўвесь раён, якія, да таго ж, "аселі" ў самім Лагойску, - гэта, бы кропля ў моры. Бо не сакрэт, што сёння тэхніка крочыць наперад проста гіганцкімі тэмпамі, і дастаткова 3 - 5 гадоў, каб яна стала маральна састарэлай. Што ўжо казаць пра светлавое і гукаўзмацняльнае абсталяванне, якое было закуплена 10 - 15 - 20 гадоў таму?.. Магу ўявіць сабе той "імпэт", з якім возьмецца за працу нават вельмі творчы і крэатыўны малады культработнік, што прыязджае працаваць на вёску, калі яму прапаноўваюць карыстацца "паслугамі" тэхнікі з мінулага стагоддзя, якая не здольная адказаць на запатрабаванні нават не ягоныя, а - спажыўца. Між іншым, пра тэхнічны "голад" у сваёй сферы і адчувальнасць састарэласцікамп'ютэрнага парку ЦБС кажа яе дырэктар Вера Балцэвіч, адзначаючы, што сёння бібліятэкі трапілі ў такую моцную інфармацыйную плынь, дзе кніга - гэта толькі невялічкая частка сферы дзейнасці. На жаль, яны не заўсёды гатовыя задаволіць новыя інфармацыйныя патрэбы насельніцтва. І, нягледзячы на тое, што сталіца зусім побач, у Лагойскім раёне далёка не ва ўсіх бібліятэках ёсць магчымасць доступу да Інтэрнета з-за адсутнасці тэлефанізацыі саміх устаноў, не кажучы ўжо пра працу з новымі інфармацыйнымі сістэмамі. Што ж, дадумваю я далей, магчыма і гэта з'яўляецца адной з важкіх прычын таго, што з усяго, няхай і нешматлікага, кола маладых спецыялістаў, якія за апошнія два гады па размеркаванні прыязджалі на працу ў бібліятэчную сістэму Лагойшчыны, толькі адзін "дабыў" да канца свой тэрмін і не пераразмеркаваўся ў іншы рэгіён... І ў гэтым я іх разумею: маладыя спецыялісты сутыкаюцца з тым, што ўсе іхнія навыкі, напрацоўкі, веданне сучасных тэхналогій і арыентацыя на новыя формы работы, у тым ліку і з насельніцтвам, не знаходзяць свайго прымянення на практыцы. Прыкладам цудоўнай "пляцоўкі" для таго, каб заявіць аб сабе як аб прафесіянале, стаў для мяне Лагойскі гісторыка-краязнаўчы музей імя К. і Я. Тышкевічаў. Прынамсі, я не магла не адзначыць таго, што залы музея, з пункта гледжання функцыянальнасці, вельмі якасна прадуманы і адпаведным чынам абсталяваны, таму не толькі ў самой экспазіцыі, але і ў выставачнай зале работы, як кажуць, не "на цвічках". І обны ўзровень экспазіцыйнай культуры сведчыць не толькі пра клопат гарадскіх улад, якія на пачатку 2000х уводзілі ў эксплуатацыю Цэнтр культуры, дзе і месціцца музей, але і, не ў меншай ступені, - пра імкненне саміх музейных работнікаў не быць "правінцыяламі" паводле свайго творчага мыслення. Зрэшты, гледзячы на маладога дырэктара музея Святлану Жыгунову, не дапускаеш сумненняў: нярэдка менавіта маладыя кадры на чале ўстаноў культуры здольныя надаваць ім пэўны жывы імпульс. Святлана Ігараўна працуе ў музеі тры з паловай гады, з якіх два - на пасадзе дырэктара. І, пры ўсёй сваёй немалой адміністратыўнай нагрузцы, знаходзіць магчымасць займацца навуковай работай. Цудоўна, калі матэрыяльны падмурак дае магчымасці для рэалізацыі ўласных навукова-даследчых інтарэсаў у рэчышчы пэўных практычна-вытворчых задач сваёй установы.

 /i/content/pi/cult/218/2744/Clip_10-3.jpg

Дзе адшукаць "тумбачку" з грашыма?

Працягваючы "матэрыяльную" тэму, Пётр Вабішчэвіч вымушаны канстатаваць: па выніках мінулага года заробак работнікаў культуры сярод усіх галін раёна займае "ажно" другі радок знізу: у сярэднім - 560 тысяч у месяц. Механізмы "карэкціровак" гэтых лічбаў у бок хаця б невялікага павелічэння вядомыя: "дагрузка" спецыялістаў яшчэ на палову стаўкі, а таксама- увядзенне гасразліковых адзінак. У Лагойскім раёне сярод іх - кіраўнік духавога аркестра, метадыст па рабоце з дзецьмі, некаторыя іншыя спецыялісты Цэнтра культуры. Безумоўна, гэта пэўная нагрузка на спецрахунак аддзела культуры, але як іначай? Да прыкладу, у снежні мінулага года раённы калектыў "Жывіца" абараніў званне народнага, але магчымасці знайсці бюджэтную стаўку для яго кіраўніка так і не знайшлося, - дапамог гасразлік. Аднак і спецрахунак неабходна папаўняць, і размовы пра платныя паслугі насельніцтву і пазабюджэтную дзейнасць сёння адной са сваіх задач ставяць пошукі прыхаваных рэзервовых магчымасцей для паляпшэння дабрабыту работнікаў культуры. Ды на Лагойшчыне шукаць чорнага ката ў цёмным пакоі доўга не трэба: навідавоку - турыстычны вектар рэгіёна, які пэўным чынам канцэнтруе вакол сябе і іншыя сферы інфраструктуры. Вось толькі пад час размовы з шэрагам кіраўнікоў устаноў культуры ў мяне склалася ўражанне, што акурат гэты накірунак дзейнасці пакуль яшчэ застаецца неўзаранай цаліной. Хаця, здавалася б, на руках усе козыры: бяры "за рогі" турыстычны бізнес і інтэгруй у яго культурны складнік, насычаючы актыўны "фізкультурны" адпачынак творчай "начынкай". А за кошт атрыманых прыбыткаў стымулюй матэрыяльна ініцыятыву тых жа маладых спецыялістаў, якія і самі з задавальненнем уключацца ў такую крэатыўную рэалізацыю прывабных ідэй і пачынанняў. - Мы хацелі б, каб тыя работы, што ствараюцца і ў Лагойскім доме рамёстваў, і народнымі майстрамі на вёсцы, - кажа Пётр Вабішчэвіч, - не толькі выстаўляліся пад час буйных масавых святаў, але і адпаведным чынам рэалізоўваліся. І райвыканкам пайшоў нам насустрач: унесены змяненні ў Палажэнне аб аддзеле культуры, дзякуючы чаму на сённяшні дзень атрыманы дазвол на рэалізацыю сваёй прадукцыі, узгоднены яе пералік. Зараз наша задача - знайсці ў Лагойску памяшканне, прыдатнае для таго, каб адкрыць тут гандлёвы пункт па рэалізацыі сувенірнай прадукцыі. Цалкам пагаджаюся з гэткай пазіцыяй, бо і сама з разнастайных вандровак ды камандзіровак з задавальненнем прывожу дадому невялічкія сувеніры-напамінкі. А колькі на Лагойшчыне такіх "вандроўнікаў", акрамя тых, хто наведвае гарналыжныя комплексы! Вось дзе рэзерв, які здолеў бы, з аднаго боку, ажывіць інтарэс прыезджых турыстаў да культуры Лагойшчыны, а з другога - даць дадатковы імпульс для эканамічнага развіцця галіны, пашырэння сеткі тых жа самых платных паслуг, якіх у раённым пераліку - каля 70 найменняў. Але практыка паказвае, што далёка не ўсе яны актыўна запатрабаваны насельніцтвам. А, між тым, гэта яшчэ адзін, мала задзейнічаны, але надзвычай перспектыўны, вектар прымянення творчых сіл маладых спецыялістаў, якія, з аднаго боку, могуць праявіць сваё крэатыўнае мысленне ў рэальнай дзейнасці, атрымліваючы ад гэтага вынікі як у выглядзе творчага плёну, так і, не менш істотна, - у якасці матэрыяльнай падтрымкі ўласнага бюджэту. *** Вяртаючыся з камандзіроўкі, злавіла сябе на думцы, што пасля наведвання Лагойшчыны ў мяне пэўным чынам змянілася ўяўленне пра той самы "кадравы трохкутнік", які з'яўляецца каменем спатыкнення ў пытанні замацавання маладых спецыялістаў галіны культуры. Відавочна, што на першае месца сёння выходзіць справа прафарыентацыйнай падрыхтоўкі маладых кадраў, і яна - безумоўны і абавязковы клопат мясцовага кіраўніцтва. Таму што сярэдняя спецыяльная ці вышэйшая навучальная ўстанова здольная даць чалавеку адпаведную адукацыю, забяспечыць яго працоўным "інструментарыем", а вось заахвоціць да далейшай працы па спецыяльнасці, стварыць матэрыяльныя і маральныя перадумовы да таго, каб малады спецыяліст з гатоўнасцю аддаваў уласныя сілы, веды і ідэі на карысць галіны і тых канкрэтных людзей, якія складаюць кола яго "культурных спажыўцоў" у канкрэтным рэгіёне, няхай гэта раённы цэнтр, аграгарадок ці нават аддаленая вёска, - гэта мусіць быць першачарговая задача кіраўнікоў саміх устаноў культуры. І, аказваецца, клапаціцца пра кадравую моц варта пачынаць яшчэ да паступлення будучых спецыялістаў на вучобу: дзеля таго, каб іхняй канчатковай мэтай было не атрыманне "корачкі", а цвёрдая перакананасць у тым, што іх праца будзе запатрабавана і годна ацэнена, і не "ўвогуле", а ў канкрэтным рэгіёне, у сябе на радзіме. Бо нездарма кажуць: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся.

 Таццяна КОМАНАВА,

 наш спецыяльны карэспандэнт Мінск - Лагойск - Мінск

Фота аўтара