“Воўк” і дзейныя асобы

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Значны ўнёсак ва ўмацаванне дружбы паміж народамі зрабіў і народны артыст Расіі, заснавальнік і рэжысёр маскоўскага “Тэатра на Паўднёвым Захадзе” Валерый БЕЛЯКОВІЧ, якога запрашаюць ставіць спектаклі нават у Амерыку і Японію, а ўсяго ён іх ажыццявіў ажно 139!

 /i/content/pi/cult/218/2742/Clip_9-2.jpg

Са сваім тэатрам Беляковіч у Беларусі аказаўся ўпершыню, хоць кожнае лета ездзіць з сям'ёй адпачываць у вёску на Піншчыне, дзе жывуць шматлікія сваякі ягонага бацькі: "Беларуская вёска адраджаецца літаральна на вачах, а матчынай роднай вёскі пад Разанню ўжо няма: памерла разам са сваімі апошнімі старымі". Дый па нацыянальнасці В.Беляковіч не толькі адчувае сябе беларусам, а з'яўляецца ім афіцыйна: "У вайну Беларусь страціла кожнага чацвёртага, і калі ў 16 гадоў я атрымліваў пашпарт, вырашыў крыху паправіць гэтую сітуацыю, хаця і нарадзіўся ў Маскве: хай беларусаў будзе больш!" Звяртаўся ён і да беларускай драматургіі: гадоў 20 таму па просьбе адной з вядомых расійскіх артыстак ставіў "Злом" Аляксея Дударава. Версій таго, як лёс звязаў В.Беляковіча з тэатрам, на "Зорнай гадзіне" было агучана дзве. І абедзве - з вуснаў яго самога. Такі вось "рэжысёрскі" прыёмчык! Версія першая: "Мы жылі ў рабочым пасёлку. Вось я і захацеў быць артыстам, бо там, на экране, было іншае жыццё". Версія другая: "Не магу гуляць у футбол. У дзяцінстве стаў аднойчы на вароты, а мне як далі мячом па твары - вось я і пайшоў у рэжысёры: тут мяне ніхто не заткне за пояс!" Адметны вопыт "вынес" В.Беляковіч з гісторыі сусветнага тэатра: "Я не падзяляю спектаклі на "тэатр паказу", як у Неміровіча-Данчанкі, і "тэатр суперажывання", паводле Станіслаўскага. Аснова ўсіх асноў - тэатр народны, што выйшаў з плошчаў. Трэба іграць так, каб усё было зразумела і тады, калі раптоўна "выключыцца гук". І калі, наадварот, "выключыцца карцінка". І нават калі пры гэтым артысты будуць размаўляць на іншай мове! Бо ёсць жа яшчэ і інтанацыя, і эмацыйны пасыл! У праграмках невыпадкова пішуць: "Дзейныя асобы". Артысты павінны дзейнічаць! Чым больш на сцэне руху, тым лепей. Кожны рэжысёр павінен сам выхоўваць сабе артыстаў. Я так і раблю. Здараецца, і сваруся з імі, і "аблаю" перад спектаклем. А то прыехалі, бачыце, на фестываль, расслабіліся, ходзяць сабе па горадзе, "кайфуюць". А раззлуюцца на мяне - і сыграюць, бы ў першы і апошні раз, на шалёнай энергетыцы. Дый сваім прыкладам я іх "натхняю": і паказваю сам, і іграю разам з імі на сцэне. Таму не люблю, калі яны сыходзяць у іншыя тэатры. Але калі іх запрашаюць у кіно, радуюся разам з імі: заробкі там куды вышэйшыя. Ды ўсё ж добра, што крызіс адбіўся на кінаіндустрыі: артысты сталі менш здымацца ў кіно і больш працаваць у тэатры". Сяброў сярод рэжысёраў у В.Беляковіча няма: "Рэжысёры - гэта ваўкі-адзіночкі: кожны - на чале сваёй зграі". Тым не менш, нашаму Валерыю Анісенку, які прыехаў у Віцебск на абодва спектаклі тэатра - "Лялькі" і "Майстар і Маргарыта", - ён падарыў вялізны альбом "Тэатр на Паўднёвым Захадзе" з дарчым надпісам. Дык, можа, гэты ўжо папраўдзе легендарны тэатр мы ўбачым, нарэшце, і ў Мінску?

Н.Б.