Патэнцыял “троечнікаў”, альбо Дзе хаваецца беларускі арт-хаус?

№ 18 (784) 05.05.2007 - 11.05.2007 г

27 красавіка, вось ужо другі раз, сталічны Дом кіно запрасіў айчынных кінаманаў на праграму пад назвай “КінаАрт па-беларуску”, якая сваёй галоўнай мэтай бачыць прэзентацыю маладых айчынных кінематаграфістаў, а разам з імі – і “іншага”, нефарматнага беларускага кінематографа. І калі першая праграма, прапанаваная гледачам летась, складалася з чатырох мастацкіх кароткаметражных стужак, дык сёлета былі прадстаўлены работы ажно 16 маладых беларускіх кінематаграфістаў, створаныя, у большасці сваёй, у жанры невялікіх відэаролікаў ці кіназамалёвак.

 /i/content/pi/cult/113/274/Patencyjal2.jpg
Гэткая насычанасць кінапраграмы сталася магчымай дзякуючы супрацоўніцтву Дома кіно з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, дзе з пачатку 90-ых гадоў існуе кафедра кінатэлемастацтва, якая, адзіная на Беларусі, рыхтуе спецыялістаў у кінагаліне.
Сёння на кафедры займаюцца амаль 250 чалавек, натуральнай часткай навучальнага працэсу для якіх з’яўляецца стварэнне ўласных кінаработ. Калі ж да “дзеючых” студэнтаў дадаць кінаархіў работ выпускнікоў (а ён складае больш за 700 касет VHS), можна пераканацца, што выбар у арганізатараў “КінаАрту па-беларуску” быў няпросты.

Адмовіўшыся ад “усёеднасці” і пакінуўшы па-за ўвагай аматарскае кіно (яно вартае асобнай гаворкі), у якасці прэтэндэнтаў на паказ было прапанавана больш за сто работ, з якіх абралі толькі 17.

Прычым, як прыадкрылі нам сакрэт самі арганізатары, “традыцыйны фармат” кінаработ, хаця многія з іх дэманстравалі цікавую рэалізацыю тых ці іншых творчых задач, выключаў удзел у дадзеным кінапаказе. Асноўны ўпор быў зроблены менавіта на адпаведнасць ідэям арт-хауса. У выніку ў паказ трапілі далёка не самыя моцныя з работ — гэтая сцяжына, часам з пэўнай доляй творчага хуліганства, у нас вельмі часта з’яўляецца лёсам “троечнікаў” — студэнтаў, якіх прынята лічыць “несур’ёзнымі”. Але ж там, дзе педагогі акадэміі ацэньвалі прафесійнасць вырашэння тых ці іншых творчых задач, пастаўленых перад маладымі кінематаграфістамі, адборшчыкі кінапраграмы зважалі найперш на нешараговасць мыслення і цікавасць работы для звыклага гледача. Дадатковай інтрыгай сталася і тое, што некаторыя з кінаработ маюць усе шанцы трапіць на Міжнародны Берлінскі кінафестываль Interfilm Wostok.

Мяркуючы па прапанаванай кінапраграме, асноўнай тэмай беларускага арт-хауса на сённяшні дзень з’яўляецца “чалавек бягучы”. Тэма бегу-ўцёку так ці іначай фігуруе ў такіх работах, як “Шматкроп’е” М.Крывіцкага, “Ва ўсім мне хочацца” А.Налівайкі, “Чалавек у паліцэйскай форме” Д.Мезіна і г. д. Здаецца, для маладых кінематаграфістаў сёння гэткая форма спасціжэння навакольнага сусвету — “на бягу” — падаецца самай адпаведнай нашаму сучаснаму рытму жыцця.

Але ж побач з гэтым існуе і іншая, “жаночая” форма спасціжэння — лірычнаяі знарочыста-сузіральная, як у “Жанчынах архітэктара Йохансена” Н.Ціхінскай, “Капелюшы” Н.Ліпскай, “Вы разгаданыя” А.Вольскай… Як ні імкнуліся арганізатары выбраць “іншае” кіно, але ў праграму “пракраўся” і традыцыйны для беларускага кінематографа матыў вайны і гвалту над асобай (“Заслон” В.Біндзюкова, “Сон у зімовую ноч” Д.Гаўрыка, анімацыйная стужка “Хтосьці дзесьці” Д.Скварцова), які засведчыў, што “свежымі” ў падачы могуць быць і самыя традыцыйныя для нашага кінематографа тэмы і праблемы.Дарэчы, праграма “КінаАрту…” дала магчымасць прадметна гаварыць пра больш шырокае “выкарыстанне” творчага патэнцыялу нашых студэнтаў-кінематаграфістаў на практыцы, у прыватнасці, на айчынных тэлеканалах — у якасці аўтараў сацыяльных ролікаў, відэакліпаў, арт-заставак… Той жа дзвюххвілінны “Заслон” нагадаў пра папулярны некалькі гадоў таму, але, на жаль, незаслужана забыты айчынным тэлебачаннем жанр “ажыўшай карціны” — калі галоўнымі персанажамі невялічкага роліка становяцца героі знаных палотнаў мастакоў.

Упэўнена, што калі б падобны цыкл з твораў беларускай класікі, увасоблены маладымі кінематаграфістамі, з’явіўся на адным з айчынных тэлеканалаў, ён значна ажывіў бы і візуальны бок беларускага тэлебачання, і паспрыяў бы прафесійнаму сталенню нашага творчага кінатэлепатэнцыялу.

Як зазначылі арганізатары “КінаАрту па-беларуску”, адною са сваіх задач гэты праект як раз і бачыць арганізацыю “знаёмства” і больш цеснай узаемасувязі паміж Акадэміяй мастацтваў, кінастудыяй “Беларусьфільм”, кінапракатнымі арганізацыямі і іншымі зацікаўленымі структурамі… Менавіта дзеля таго, каб Яны больш прадметна ўяўлялі сабе, што існуюць канкрэтныя маладыя людзі, якія працуюць у галіне кінатэлевідэамастацтва і робяць у ім пэўныя крокі.

А яшчэ да ліку зацікаўленых варта было б не ў апошнюю чаргу дадаць і гледачоў — тых, якія прыйшлі ў гэты красавіцкі дзень у сталічны Дом кіно па квітках, а не “па прымусе”, і тых, якія б у сваіх несталічных гарадах таксама жадалі спрычыніцца да “невядомага” беларускага кіно. Дарэчы, адносна ідэі таго, каб згаданая кінапраграма прайшла не ў “разавым” фармаце, а больш шырока, даючы магчымасць пазнаёміцца з ёю хаця б гледачам абласных гарадоў, арганізатары выказваюцца асцярожна (маўляў, каб не сурочыць), але з пэўнай надзеяй, “прагаварыўшыся” пра тое, што, у прыватнасці, Магілёўскі кінапракат ужо выказаў пэўную зацікаўленасць праектам. Галоўнае, канешне ж, “не перагінаць палку” і дакладна адчуваць адрасатаў гэтага кіно, не імкнучыся “ўцюхаць” яго ўсім і кожнаму. Тыя ж, каму насамрэч цікавы гэты творчы накірунак маладых беларускіх кінематаграфістаў, могуць больш дэталёва пазнаёміцца з праектам “КінаАрт па-беларуску” на сайце Мінскага кінапракату, пакінуўшы там, дарэчы, і свае водгукі-галасы за стужкі, паказаныя ў апошняй праграме. І для адмысловых гурманаў: мяркуецца, што красавіцкі “КінаАрт…” з’явіцца неўзабаве і на дысках, праўда, невялікім накладам.

Арганізатары “КінаАрту па-беларуску” не хаваюць, што асноўнай “функцыяй” дадзенага праекта бачаць “рэанімацыю” іміджа беларускага кіно, магчымасць паказаць і даказаць, што яно можа быць разнастайным і цікавым для самых розных катэгорый гледачоў. Як, зрэшты, і для саміх маладых кінематаграфістаў, для якіх удзел у “КінаАрце...” ужо сёння з’яўляецца сур’ёзным творчым стымулам. 

На здымку: кадр з фільма“Жанчыны архітэктара Йохансена"