Скульптура і карункі

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

У наш час разнастайнасць можна заўважыць не толькі ў форме выражэння зместу, але і ў форме арганізацыі выстаўкі. Побач з традыцыйнымі калектыўнымі і аўтарскімі выстаўкамі ўсё часцей у сталічных музеях сустракаюцца дыялагічныя экспазіцыі. Больш за ўсіх да такой формы звяртаюцца ў Музеі гісторыі беларускага кіно. Варта ўспомніць хаця б выстаўку работ маладых мастакоў Ігара Клуйшы і Ігара Назарэнкі “3 вокі” ці сумесную выстаўку Віктара Ціханава і Сяргея Шылы “ПроУдовольствие”. Уступаючы ў дыялог, мастакі прадстаўляюць два розныя погляды на адну праблему, розныя спосабы вырашэння пэўнай задачы, ствараючы тым самым своеасаблівую палеміку. У той жа час, творы двух мастакоў могуць прадстаўляць думкі аднаго кшталту, але з розным падыходам да формы выражэння, выкарыстаннем розных відаў выяўленчага мастацтва.

 /i/content/pi/cult/218/2739/Clip_8-2.jpg
 А.Верашчагін. “Казка”.

Цікавай, у тым ліку і з гэтага пункта гледжання, з'яўляецца выстаўка работ жывапісца Аляксандра Верашчагіна і скульптара Анатоля Сярчэні, якая гэтымі днямі праходзіць у выставачнай зале таго ж Музея гісторыі беларускага кіно. Што аб'ядноўвае мастакоў? Перш за ўсё - дзевяцігадовае сяброўства. Па-другое, што заўважылася асабіста мне, - творчасць ні аднаго з іх не ўпісваецца пэўным чынам у агульнапрынятыя межы. Так, калі, пры стандартным успрыняцці, скульптура асацыіруецца з манументальнымі, адлітымі з бронзы ці, у крайнім выпадку, высечанымі з каменю, фігурамі, то А.Сярчэня працуе пераважна з дрэвам і пры стварэнні скульптурных аб'ектаў прынцыпова карыстаецца сякерай. У сваю чаргу, жывапісныя творы А.Верашчагіна назваць палотнамі ў прамым значэнні гэтага паняцця ўвогуле не магчыма: мастак выкарыстоўвае кардон, неачэсаную драўніну, тканіны з карункавымі ўстаўкамі і нават кавалкі дываноў. Ад алею, які нібыта з'яўляецца прыкметай жывапісца, мастак адмовіўся яшчэ на другім курсе навучання. Зараз піша акрылам і тэмперай. Складана ўявіць сабе, што ўкладае аўтар у свае творы, які змест хаваецца за гэтымі мудрагелістымі формамі, за багаццем фарбаў, за тэхнікай сакавітых, густых мазкоў. Але творца не мае на мэце раскрыць сябе гледачу. "Галоўнае - заставацца сабой, - кажа жывапісец, - а спадабаецца гэта аўдыторыі ці не, - справа другарадная. А яшчэ вельмі важна - захапляцца самім працэсам стварэння карціны. Так, калі пішу карціны, некаторыя дэталі ўзнікаюць проста пад час працы, адны элементы патрабуюць іншых. Аб іх раней, падаецца, і не думаў". Па словах Аляксандра Верашчагіна, экспануюцца тыя творы, якія ўдалося сабраць. Таму яны не абмежаваны ні часавымі, ні тэматычнымі рамкамі. Так, н е к а т о рым палотнам ужо "за 20", іншыя ж мастак завяршаў літаральна ў дзень адкрыцця выстаўкі. Складана вызначыць і стыль жывапісца: ягоную творчасць і з гэтага пункта гледжання складана абмежаваць нейкімі рамкамі. Наколькі супярэчлівыя ці, наадварот, блізкія адзін аднаму погляды мастакоў на творчасць і жыццё ў цэлым, вызначыць даволі складана. Відаць, кожны ўбачыць гэта сам і па-свойму.

 Дар'я ДАНІЛЕВІЧ