Шыкоўны падарунак Віцебску

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Першая знакавая падзея ”Славянскага базару” адбылася ў мастацкім музеі фестывальнага горада: Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД падарыў Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею, філіялам якога з’яўляецца мастацкі, лічбавыя копіі шасці карцін Іллі Рэпіна, арыгіналы якіх знаходзяцца ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве і Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу.

 /i/content/pi/cult/218/2738/Clip_8-1.jpg
Дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Глеб Савіцкі, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Сяргей Нарышкін, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей, міністр культуры нашай краіны Павел Латушка ў час цырымоніі перадачы.

Ва ўрачыстай цырымоніі ўдзельнічалі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Сяргей Нарышкін, які выступіў галоўным ініцыятарам і арганізатарам праекта, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей і міністр культуры нашай краіны Павел Латушка. Гэты падарунак быў прымеркаваны не толькі да славянскага форуму: 5 жніўня спаўняецца 165 гадоў з дня нараджэння знакамітага мастака, жыццё і творчасць якога былі звязаны не толькі з Расіяй, але і з Беларуссю ды Украінай. Непадалёк ад Віцебска знаходзіцца Музей-сядзіба І.Рэпіна "Здраўнёва": у гэтых мясцінах у 1892 - 1902 гг. ён стварыў больш за 60 карцін і малюнкаў. - Год таму ў час правядзення фестывалю, - паведаміў Сяргей НарышкІн, - нам пашчасціла пабываць у Здраўнёве, дзе вялікі мастак чэрпаў натхненне. І мы вырашылі зрабіць такі падарунак: узяць на сябе абавязак падарыць копіі некалькіх работ Рэпіна, напісаных тут. - Нішто не можа разарваць, - дадаў Уладзімір Макей, - нашы братэрскія сувязі. Гэты падарунак - чарговы важкі ўнёсак у развіццё агульнай культурнай прасторы. Уважліва разглядаю карціны "На сонцы (Т.І. Рэпіна)", "У хаце", "Восеньскі букет", "Дуэль", малюнкі "У полі", "Паненка ў вёсцы". Лічбавыя копіі маюць такую добрую якасць, што адрозніць іх ад арыгіналаў змогуць хіба спецыялісты, - тым больш, што і выкананы яны на палотнах алеем. Звяртаюся па каментарый да загадчыка мастацкага музея Вольгі Акуневіч. - Гэта вельмі значная для нас акцыя,- распавяла Вольга Іванаўна. - У нашых фондах ёсць 14 рэпінскіх арыгіналаў. Пераважна гэта малюнкі, выкананыя на паперы ці кардоне алоўкам і акварэллю, 8 з якіх у 1935 годзе падарыла дачка Іллі Рэпіна Таццяна. Два абразы, напісаныя Рэпіным алеем на цынку - "Божая Маці з немаўляткам" ("Богоматерьс младенцем") і "Хрыстос з чашай" ("Христос с чашей"), - прыйшлі са Слабодскай царквы. Для яе ў свой час мастак іх напісаў. Але выстаўляць рэпінскія арыгіналы ў Музеі-сядзібе "Здраўнёва" небяспечна: там немагчыма стварыць неабходны тэмпературна-вільгасны рэжым, трэба ўлічваць і аддаленасць ад горада. Як жа тады знаёміць наведвальнікаў непасрэдна з творчасцю мастака яго здраўнёўскага перыяду? Выйсце было адно: копіі добрай якасці. Зараз існуюць найноўшыя тэхналогіі, якія дазваляюць гэта зрабіць. Але ж і каштуюць яны нятанна! Дый музеі звычайна насцярожана ставяцца да таго, што такія копіі з'явяцца яшчэ ў кагосьці. Таму мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто спрычыніўся да дадзенай акцыі. Найперш - кіраўніцтву Траццякоўскай галерэі і Рускага музея, што яны пагадзіліся прадаставіць свае карціны для капіравання, і, вядома, Міждзяржаўнаму фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД, паколькі ён вылучыў неабходныя сродкі і падарыў копіі нам. Так што ў хуткім часе, калі завершыцца выстаўка работ Іллі Рэпіна ў нашым музеі, падораныя карціны змогуць убачыць і наведвальнікі "Здраўнёва". Дадам, што апошнім часам умацоўваецца і наша супрацоўніцтва з Рускім музеем у Санкт-Пецярбургу. Там будзе ладзіцца выстаўка твораў Давіда Якерсона, і нас запрасілі да ўдзелу, бо ў нашых фондах захоўваецца шмат яго работ, падораных жонкай мастака. Спадзяёмся, праз нейкі час і ў нас будуць выстаўлены творы вучняў Казіміра Малевіча - Веры Ермалаевай і Мікалая Суэціна, што знаходзяцца ў Рускім музеі. Дарэчы, запланаваны ў Віцебску і майстар-класы маладых мастакоў краін СНД. Адпаведна, будзе арганізавана выстаўка іх работ. Няма сумнення, што гэтыя і многія іншыя сумесныя праекты ўзбагачаюць нашу культурную прастору.

Надзея БУНЦЭВІЧ,

наш спецкарэспандэнт у Віцебску

 Фота Віктара ТАЛОЧКІ, БелТА