Фестываль + ноўтбук...

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Са сваіх беларускіх сувязей пачаў размову на “Зорнай гадзіне” знакаміты паэт-”шасцідзесятнік” Яўген ЕЎТУШЭНКА.

/i/content/pi/cult/218/2737/Clip_7-5.jpg

Узгадваў, як ягоная сваячка, якая ў вайну была партызанскай сувязной, паказвала яму апёкі на грудзях ад фашысцкіх зажыгалак, дадаючы: "Я нікога не выдала!". І як ён чытаў вершы на перонах, калі маці, ад'язджаючы на фронт, адправіла яго да бабуль. На думку, паэта, літаратура - гэта, найперш, педагогіка. На яго творчым вечары "Раман з жыццём" у Канцэртнай зале "Віцебск" лейтматывам гучалі словы: "Вы адвыклі ад паэзіі". Стаўшы першым такім госцем-пісьменнікам за 18-гадовую гісторыю фестывалю, адну са сваіх місій на "Славянскім базары ў Віцебску" Я.Еўтушэнка бачыць у тым, каб давесці пра неабходнасць і надалей развіваць на гэтым свяце мастацтваў літаратурную частку, запрашаючы да ўдзелу паэтаў, празаікаў, журналістаў, што выдалі свае кнігі. Еўтушэнка адгукнуўся на прапанову Райманда Паулса, зробленую яму яшчэ напярэдадні віцебскага форуму, напісаць некалькі песенных вершаў. Сустрэча творцаў адбылася акурат на свяце мастацтваў, і, быццам дэманструючы яшчэ адно яднанне муз, Яўген Аляксандравіч плённа сумяшчаў "фестываленне" з непасрэднай творчай працай. Паэта ў атачэнні ўсёй яго сям'і (жонкі і двух сыноў) можна было бачыць у прэс-цэнтры, дзе ён, адным вокам пазіраючы на экран з конкурснай трансляцыяй, з галавой сыходзіў у свой ноўтбук. Яшчэ адну сваю місію Я.Еўтушэнка бачыць у тым, каб увесці ва ўсе ВНУ, нават тэхнічнага профілю, пасады "пісьменніка пры універсітэце". Той павінен дбаць не толькі пра арганізацыю і вядзенне літаратурнага гуртка: праз далучэнне да добрай літаратуры ў моладзі будуць выхоўвацца адпаведныя эстэтычныя густы, мысленне, уменне аналізаваць жыццёвыя сітуацыі.

 Матэрыялы падрыхтавала Надзея БУНЦЭВІЧ,

наш спецыяльны карэспандэнт у Віцебску

Фота аўтара і з сайта фестывалю