“Дзякуй за 12 балаў!”

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

“Зорныя гадзіны” на “Славянскім базары ў Віцебску” дораць артыстам магчымасць пагутарыць адразу з усёй акрэдытаванай на фестываль прэсай, а журналістам — убачыць “зорак”, так бы мовіць, на “камернай сцэне”. Бо іх прэс-канферэнцыі — гэта часта тыя ж сцэнічныя выступленні, толькі крыху ў іншым жанры. Дарэчы, ураджэнцаў нашай краіны сярод іх аказалася нямала. Для некаторыя з гасцей “Славянскага базару ў Віцебску” прыязджаць да нас як дадому ўвайшло ў традыцыю, а іншыя, падобна на тое, такое правіла толькі назапашваюць.

 /i/content/pi/cult/218/2736/Clip_7-2.jpg

Той жа пераможца "Еўрабачання" Аляксандр РЫБАК "журыў" на тэлепраекце "Новыя галасы Беларусі". Тым не менш, яго першымі словамі на віцебскай "Зорнай гадзіне" зноў стала падзяка за падтрымку, якая і прынесла яму перамогу: "Дзякуй, што "хварэлі" за мяне і галасавалі,- дзякуй за 12 балаў ад Беларусі".

 Ён шчыра радаваўся, што сустрэў тут сяброў. Расказваў, якой шчаслівай была яго маці, даведаўшыся пра запрашэнне на гэты фестываль, бо "Славянскі базар у Віцебску" - адзін з найбольш прэстыжных форумаў. Шкадаваў, што давялося прыехаць толькі на адзін дзень, дый тое няпоўны, ледзь "выкраены" са шчыльнага графіка гастролей: 9 ліпеня ў яго быў канцэрт у Нарвегіі, 10-га - самалётам да Віцебска, а пасля канцэрта - назад. Нават са сваёй віцебскай бабуляй сустрэцца не паспеў: "Мне сказалі: напішы ёй паштоўку. Я так узрадаваўся: не ведаў, што яна ўмее чытаць SMS". Пасля гэтых слоў, вядома, "узрадаваліся" журналісты, а Саша не мог зразумець, што ж такое смешнае ён сказаў. Не разабраўся ён пакуль і ў іншых нашых звычках, блытаючы ў зваротах да акул пяра "ты" і "вы": "Я ведаю, што ў вас да шаноўных людзей трэба звяртацца на "вы". Але ніяк не ўцямлю, каго трэба шанаваць, а каго - не вельмі". Вось яны, асаблівасці нацыянальных традыцый! Але сваім музычным выхаваннем ён абавязаны менавіта нашай выканальніцкай школе, заснаванай на трывалых традыцыях - у прыватнасці, раннім далучэнні адораных дзяцей да рэгулярных штодзённых заняткаў: "Маці мне гаварыла, што так робяць усе дзеці тут, і я займаўся па дзве-тры гадзіны на дзень, хоць аднагодкі, здаралася, і смяяліся з мяне". Зараз па столькі ж, а то і болей часу ў яго прыпадае на раздачу аўтографаў. Пасля аднаго з канцэртаў гэтая прыемная для Сашы працэдура доўжылася, па яго словах, чатыры гадзіны: "Мне падабаецца сустракацца з публікай, таму я стаў артыстам, а не кампазітарам ці рэжысёрам". З-за напружанага гастрольнага графіка давялося нават адкласці атрыманне кансерваторскага дыплома. Аднак працай сваёй ён задаволены: "Мне плацяць грошы за тое, за што некалькі гадоў таму я сам збіраўся плаціць, каб толькі гэтым займацца". Дый ад кампазітарскай прафесіі не адмаўляецца- наадварот, думае плаўна "змадуляваць" да яе праз нейкі час. І не толькі таму, што даўно піша ўласныя песні, з ліку якіх і яго пераможная "Казка": "Праз чатырыпяць гадоў я ўжо не буду "ідалам" для маленькіх дзяўчынак. Дый вельмі цяжка мець жонку і ездзіць на гастролі. Тады я стану кампазітарам і буду пісаць музыку да фільмаў". Дый на сваёй радзімеён збіраецца быць часцей: "Самае галоўнае - праз год-два я прыеду сюды проста адпачыць, а не дзеля таго, каб людзі за мной бегалі".

Матэрыялы падрыхтавала Надзея БУНЦЭВІЧ,

наш спецыяльны карэспандэнт у Віцебску

Фота аўтара і з сайта фестывалю