НА СКРЫЖАВАННІ ГАЛАСОЎТРЭКАЎШЛЯХОЎ

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2009” завяршыўся. Перамаглі, як і на некалькіх ранейшых фестывалях “Славянскі базар у Віцебску”, беларусы. Гамяльчанін Дзмітрый Даніленка, які выступаў ад Расіі, дзе жыве, вучыцца і працуе, заваяваў Гран-пры. Яго зямляк, сябра і ў чымсьці “аднакласнік” Андрэй Коласаў (абодва вучыліся ў класе аднаго педагога — маці Андрэя) атрымаў Другую прэмію і Прыз імя У.Мулявіна. Конкурс упершыню трансліравалі замежныя тэлекампаніі, а не толькі Першы нацыянальны. Здавалася б, што яшчэ трэба? Роздум. Над поспехам і не толькі.

Конкурс, на маю думку, - заўсёды скрыжаванне. Ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Гэта і крыжаванка: паспрабуй разгадай! І ўменне падлічваць "крыжыкі": у каго болей плюсаў? І цяжкі крыж, які нясе кожны сольны выканаўца: без конкурсаў сёння ўсё цяжэй прабіцца і заявіць пра сябе. Гэта і скрыжаванне, вобразна кажучы, рыцарскіх шпаг, калі лепшага вылучае паядынак. Скрыжаванне сцежак, адна з якіх вядзе да перамогі. Нарэшце, жыццёвае скрыжаванне, бо пасля конкурсу ўдзельнікаў падсцерагаюць каго - слава, каго - расчараванне ці, наадварот, упартасць, прага да лідэрства. А яшчэ любы конкурс - гэта скрыжаванне мастацтваў: трэба ж не толькі мець адпаведны ўзровень, але і ўмець яго прадэманстраваць. Няма чаго і казаць, што на "Славянскім базары ў Віцебску" неабходнасць скрыжавання мастацтваў становіцца яшчэ больш відавочнай.

Намалюйце нам турнір!

 Музычны конкурс як відовішча - такая канцэпцыя творчага спаборніцтва пачала развівацца ў нас зусім нядаўна. Але ж чым, як не шоу, разлічаным на ўдзячную публіку, можна назваць і старажытнагрэчаскія алімпіяды, і рыцарскія турніры, і многія цяперашнія конкурсныя тэлепраекты? Набыў відовішчнасць і конкурс "Славянскага базару ў Віцебску" - дарэчы, следам за дзіцячым, бо там выступленні юных артыстаў традыцыйна падтрымліваліся падтанцоўкамі харэаграфічнага ансамбля "Зорька" Гарадскога цэнтра культуры "Віцебск", аздабляліся скразной тэмай, пазначанай у сцэнаграфіі. Сёлетні конкурс сапраўды было цікава не толькі слухаць, але і глядзець, так што публіка (асабліва ля тэлеэкранаў) ад такогановаўвядзення толькі выйграла. Праўда, часам "карцінка" пачынала прэтэндаваць на куды больш значную ролю, выходзячы на першы план і адцягваючы ўвагу ад канкурсанта і яго песні. Упершыню канцэртампрэзентацыяй стала і лёсаванне, гэтым разам - адкрытае для публікі (на яго, дарэчы, таксама прадавалі білеты). Паабапал авансцэны Віцебскай абласной філармоніі былі выстаўлены малюнкі віцебскай дзятвы, іх аўтары займалі першы рад партэра. Кожны з маладых салістаў, праспяваўшы пазаконкурсную кампазіцыю па ўласным жаданні, выбіраў кагосьці з юных мастакоў. Той, у сваю чаргу, паказваў сваю карціну, на адваротным баку якой і хаваўся парадкавы нумар чарговага конкурснага выступлення. Малюнкі потым раз'ехаліся па краінах-удзельніцах, але пад час усяго лёсавання яны заставаліся перад вачыма гледачоў - быццам "кліпы", "рэжысіраваць" якія публіка магла самастойна. А які "піар" дзятве! Ці часта на якой-небудзь выстаўцы мы можам правесці перад аднымі і тымі ж карцінамі дзве гадзіны запар? А тут - калі ласка. І, як вынік, запомніліся абсалютна ўсе малюнкі. Запомніліся, на жаль, і не зусім удалыя строі, сцэнічныя паводзіны ды, шырэй, іміджы некаторых канкурсантаў. Гэта праблема паўстае на "Славянскім базары ў Віцебску" штогод. Старшыня журы Лайма Вайкуле мела рацыю, калі прапанавала далучаць да конкурсных праграм спецыялістаў, якія дапамагалі б канкурсантам "знайсці сябе" ў выбранай песні: не толькі далучалі б да іх "знешні антураж", але і "кіравалі" іх уласнымі сцэнічнымі рухамі, адпаведным знешнім выглядам.

Слабы і моцны полы

Сёлетні конкурс атрымаўся пераважна мужчынскім: на 12 хлопцаў - 4 дзяўчыны. Лайма Вайкуле пракаменціравала гэта з пазіцый публікі: маўляў, дрэнна, што будзе мала прыгожых сукенак (Вось вам, дарэчы, яшчэ адзін доказ на карысць неабходнага павышэння відовішчнасці конкурсу за кошт танцавальных і цыркавых нумароў "суправаджэння"!). Расклад дзіцячага спаборніцтва застаўся пры гэтым звычайным: на 16 дзяўчынак - усяго 3 хлопчыкі. Для дзятвы гэта нармальна. Усе дзяўчынкі, як вядома, мараць стаць артысткамі, яны больш паслухмяныя, уседлівыя. Хлопчыкаў жа прывучыць да рэгулярных заняткаў было больш складана. А з дарослымі - скажаце, выпадковасць? Можа, і так. Але рэзкія змены такога кшталту ў тым ці іншым кірунку дзейнасці маюць яшчэ і сацыяльны аспект. Рэзкі прыток мужчын у нейкую прафесію сведчыць пра павышэнне яе сацыяльнага статуса, прэстыжу, - і наадварот. Так што цяперашні конкурс - адна з "першых ластавак" таго, што музычныя спецыяльнасці, нягледзячы на крызіс, пачынаюць усё больш ацэньвацца не толькі ў апладысментавым, але і грашовым эквіваленце: публіка былых сацыялістычных рэспублік і дзяржаў не толькі пачынае ўсведамляць, што за мастацтва і майстэрства артыстаў трэба плаціць, але і пагаджаецца гэта рабіць, "галасуючы" грашыма.

Прайсці па этапах

Сёлета ў конкурсе знік паўфінал: прэтэндэнтамі на ўзнагароды выступалі ўсе адабраныя арганізатарамі канкурсанты (праўда, адразу ў меншай колькасці, прыдатнай для тэлетрансляцый). Але "этапаў" і, адпаведна, конкурсных дзён засталося, як і раней, тры. І хаця спевы канкурсантаў пад час лёсавання не ацэньваліся баламі, журы і ўсе ахвотныя мелі магчымасць зрабіць свой выбар, хай і не канчатковы. Па словах Л.Вайкуле, гэта вельмі дапамагло журы. Паводле традыцыі, балы, выстаўленыя кожным з членаў журы на конкурсных праслухоўваннях у Летнім амфітэатры, адразу з'яўляюцца на электронным табло. Таму вельмі добра, што, перш чым імгненна выносіць свой вердыкт кожнаму спеваку, журы змагло зарыентавацца і ў вакальных магчымасцях удзельнікаў, і ва ўзроўні іх падрыхтоўкі, і, галоўнае, у агульным конкурсным раскладзе: "У канкурсантах мы звычайна шукаем унутраны стрыжань, ацэньваем перспектыву. Спевака бачна ўжо праз хвіліну - нават па тым, як ён трымаецца на сцэне, даносіць змест песні". Дый для саміх спевакоў дадатковае выступленне было не залішнім. Паказальна, што балы, выстаўленыя ў апошні конк у р с н ы дзень, калі ўдзельнікі спявалі з Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга, амаль ва ўсіх былі традыцыйна вышэйшымі. І гэта зразумела, бо сказваюцца і плённыя аркестравыя рэпетыцыі, што пачынаюцца ў Мінску за некалькі дзён да віцебскай вандроўкі, і "прывыканне" да новай сцэны Летнягаамфітэатра. Але ўжо пасля першага знаёмства з канкурсантамі ўражанні той жа Л.Вайкуле былі добрымі. Таму яна выказала думку, што спевакам, мабыць, было б псіхалагічна лягчэй выходзіць у розныя конкурсныя дні пад рознымі нумарамі. Але і заўважыла, што ўдзельнікам, незалежна ад парадкавага нумара, трэба дбаць пра добрую конкурсную песню. Па-першае, тая павінна выйгрышна паказваць галасавыя даныя. Па-другое, канкурсантам не трэба забывацца на слухача: наўрад ці Аляксандр Рыбак перамог бы на "Еўрабачанні", каб не трапны выбар песні. А кампазітар і спявак Крыс Цёрнер, які прадстаўляў у журы Велікабрытанію, адзначыў уласнымі прызамі канкурсантаў, што выступілі са сваімі аўтарскімі песнямі.

Майстры і "...-класнікі"

Павышэнне прафесійнай планкі конкурсу ў пэўнай ступені звязана і з больш сталым узростам удзельнікаў: паводле конкурсных умоў - ад 17-ці да 35-ці, паводле сёлетняга складу канкурсантаў - ад 19-ці да 33-х. Што ні кажыце, а ў такім узросце нават эстрадныя музыканты ўжо канчаткова вызначаюцца з прафесіяй, атрымліваюць адукацыю, маюць магчымасць асэнсавана ўдасканальваць сваё майстэрства. У тым ліку, на самім "Славянскім базары ў Віцебску". І хаця на нашым фестывалі не практыкуюцца майстар-класы, шмат цікавага даюць выступленні членаў журы і былых пераможцаў конкурсу. Не менш сімвалічна, што завяршаюць конкурсную праграму, паводле традыцыі, выступленні членаў журы. Таму была магчымасць пераканацца, што роўных Лайме Вайкуле - няма. Сярод канкурсантаў-майстроў (хаця некаторым з іх, можа, не зусім пашанцавала) адзначу ўладальнікаў ІІІ прэміі - Іеронімаса Мілюса (Літва) і Пятра Дзмітрычэнку (Украіна), вельмі стыльнага Збінэка Дрду (Чэхія), уладальніка І прэміі Пашу Парфенія (Малдова), які скарыў новым прачытаннем "Свечкі" з рэпертуару Алы Пугачовай. А вось нашага Андрэя Коласава (ІІ прэмія і Прыз імя У.Мулявіна), пры ўсёй мяккасці яго барытона і конкурсных выступленнях "па ўзыходзячай", яшчэ чакае працяглая і ўпартая праца: і над вакальнымі тонкасцямі, і над сцэнічнымі вобразамі, дзе вельмі важна бывае "пражываць" не толькі куплет і прыпеў, але і інструментальныя пройгрышы, і над рэпертуарам. Няпростыпошук уласнага "Я" наканаваны і ўладальніку Гран-пры Дзіму Даніленку (Расія) - пакуль што, па меркаванні фестывальнай прэсы, гэткаму "Мікалаю Баскаву-2". На ўсе пытанні журналістаў наконт гэтага знешняга, вакальнага і рэпертуарнага п а д абенства Дзіма неаднаразова падкрэсліваў: маўляў, такое параўнанне можа мне толькі "льстить". Хай сабе і так, але ж ці ў гэтым прызначэнне творцы - быць чыімсьці "клонам"? Гэта, хутчэй, псіхалогія пачаткоўцы: быць ва ўсім падобным да куміра. А яшчэ - закон шоу-бізнесу: чаму б не тыражаваць тое, што карыстаецца попытам?

Вольнае плаванне

 Пераможцамі можна лічыць усіх канкурсантаў: хто не стаў лаўрэатам - стаў дыпламантам Міжнароднага конкурсу, што, паверце, таксама вельмі і вельмі прэстыжна. А дзякуючы шматлікім спонсарам, практычна ўсе ўдзельнікі атрымалі спецыяльныя ўзнагароды і разнастайныя прызы. Цікавай уяўляецца і прапанова Райманда Паулса: арганізаваць на адным з наступных фестываляў сумесны канцэрт пераможцаў розных гадоў "Славянскага базару ў Віцебску" і "Новай хвалі". Але ж сэнс конкурсу - зусім не толькі ў перамозе і далейшай "раскрутцы". Ёсць так званы "сіндром студэнта": паступіўшы ў ВНУ, былы выдатнік раптам страчвае прагу да вучобы і паступова скатваецца па нахільнай. Псіхолагі сцвярджаюць, што так адбываецца, калі абітурыент ставіць перад сабой толькі адну мэту - паступіць, а дасягнуўшы яе, не ставіць новых, больш высокіх. Так і з конкурсам: дасягнуўшы мэты - перамагчы - трэба ставіць ды ставіць новыя. І так - усё жыццё. Як справядліва сказала Л.Вайкуле, "журы не вырашае лёс канкурсантаў. Мы даём ім хіба маленькі шанц". Той шанц - прага шукаць самастойны творчы шлях. А калі і збочваць на пратаптаную сцяжынку, дык для таго, каб выйсці на гасцінец поспеху.  

Матэрыялы падрыхтавала Надзея БУНЦЭВІЧ,

наш спецыяльны карэспандэнт у Віцебску

Фота аўтара і з сайта фестывалю