“Дэбют” — на “Сузор’і”

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Маладая беларуская актрыса Паліна Сыркіна адзначана дыпломам грамадскага журы “За лепшы жаночы дэбют” на XVII Міжнародным фестывалі акцёраў кіно “Сузор’е”, які праходзіў у расійскай Цвяры. Такую адзнаку беларуска атрымала за працу ў нядаўняй прэм’еры Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” — драме “Кадэт” Віталя Дудзіна.

/i/content/pi/cult/218/2729/Clip_3-4.jpg

Беларуская дэлегацыя на "Сузор'і" стала адной з самых цікавых. Узначальвала яе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны, старшыня Гільдыі кінаакцёраў Святлана Сухавей. А папулярны акцёр Анатоль Кацянёў уваходзіў у склад журы фестывалю. Акрамя беларусаў, гасцямі "Сузор'я", што сёлета адзначыў сваё 20-годдзе, было каля 100 акцёраў з Расіі, Украіны, Польшчы, якія прайшлі на "зорнай дарожцы" на Тэатральнай плошчы перад Цвярскім драматычным тэатрам. Акрамя названага горада, фестывальныя мерапрыемствы прайшлі яшчэ ў шасці населеных пунктах вобласці. Міжнародны фестываль акцёраў кіно накіраваны на прапаганду акцёрскай прафесіі і штогод арганізуецца Гільдыяй кінаакцёраў Расіі. Спецыфіка "Сузор'я" - у тым, што і ў журы, і ў адборачнай камісіі ўдзельнічаюць толькі акцёры, якія ацэньваюць працу выключна сваіх жа калег. Гэтым разам галоўнымі прызамі акцёрскага журы, якое ўзначальваў Эмануіл Вітарган, былі адзначаны расійскія акцёры Дар'я Мароз і Алег Янкоўскі (пасмяротна).

Антон СІДАРЭНКА

Фота Юрыя ІВАНОВА