Універсітэцкі фармат “...Акадэміі”

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Можна шмат казаць пра перспектывы захавання і папулярызацыі нашай спадчыны, разнастайныя пагадненні і законы ў гэтай сферы, аднак, у першую чаргу, неабходна бачыць плён іх рэалізацыі. Важным крокам у гэтым стаўся унікальны міжнародны праект “Нясвіжская акадэмія”, які цягам 15 гадоў рэалізуецца ў нашай краіне пры падтрымцы Міністэрства культуры. Яго тэма сёлета — ахова і выкарыстанне гісторыка-культурных аб’ектаў і ансамбляў.

Юбілейны курс Міжнароднай летняй школы ў гэтым годзе прайшоў на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Таксама арганізатарамі праекта выступілі польскія партнёры - Нацыянальны цэнтр даследаванняў і дакументацыі гістарычных помнікаў горада Варшавы і Мінстэрства культуры і нацыянальнай спадчыны суседняй дзяржавы. Намеснік міністра культуры Уладзімір Грыдзюшка пад час адкрыцця ХV курса адзначыў, што ў беларуска-польскіх стасунках па ахове гісторыка-культурнай спадчыны назіраецца станоўчая дынаміка. У чарговы раз пацвярджэннем гэтаму стала "Нясвіжская акадэмія". Намеснік міністра падкрэсліў, што для слухачоў летняй школы створаны добрыя ўмовы для навучання. Да таго ж, у другой палове гэтага года ў іх будзе магчымасць наведаць Варшаву і пазнаёміцца з вопытам польскіх калег. За два тыдні слухачы курса з Беларусі і Украіны - пераважна навуковыя супрацоўнікі музеяў- мелі магчымасць пазнаёміцца з сучаснымі распрацоўкамі ў сферы аховы спадчыны народа. Апрача таго, лекцыі летняй школы былі прысвечаны прынцыпам састаўлення дакументацыі, ахове і фарміраванню гісторыка-культурнага ландшафту, разглядаліся праграмы добраўпарадкавання Аўгустоўскага канала і польскага палацава-паркавага ансамбля-музея ў Вілянове. Не абышлося і без практычнай часткі: вучэбнага аб'езду і знаёмства з аховай і добраўпарадкаваннем гістарычных частак Мінска, Нясвіжа і Міра. І ўсё ж, як адзначыў адзін са стваральнікаў праекта - старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, паводле задумы, першы год навучання - гэта пераважна тэарэтычная падрыхтоўка. Менавітатаму за два тыдні слухачы курса, апрача засваення лекцый, мусілі вызначыцца з тэмамі дыпломных работ, звычайна звязаных з мясцінамі, адкуль яны прыехалі. Працяглы час з прычыны фінансавых цяжкасцей ішла размова пра закрыццё гэтага праекта, але пасля аналізу дасягненняў "Нясвіжскай акадэміі" гэтае пытанне адпала само па сабе. Мяркуйце самі: каля 200 чалавек, сярод якіх - і архітэктары, гісторыкі, музеязнаўцы, ужо прайшлі курс Міжнароднай летняй школы і працуюць у сферы аховы і рэстаўрацыі гістарычных помнікаў. Больш за тое: яны прысвяцілі сваю дзейнасць тэме дыпломнага даследавання. Як зазначыў Уладзімір Гілеп, сярод вынікаў папярэдніх выпускнікоў "Нясвіжскай акадэміі"- і ўдзел у рэстаўрацыі Аўгустоўскага канала, Опернага тэатра, сядзібы Міцкевіча ў Завоссі.

 Кастусь АНТАНОВІЧ