Свет пра фальклор

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

З 13 па 18 ліпеня Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіцца Міжнародная навуковая канферэнцыя “Сусветная фальклорная спадчына: мінулае, сучаснае, перспектыўныя накірункі даследавання”.

 Гэтым разам у ёй прынялі ўдзел, акрамя беларускіх дэлегатаў, 50 запрошаных навукоўцаў з 22 краін свету. Гэта прадстаўнікі вядучых даследчых школ Еўропы, Паўночнай Амерыкі, Азіі і Аўстраліі: Абердынскага, Эдынбургскага і Кардыфскага універсітэтаў (Велікабрытанія), Гарвардскага універсітэта (ЗША), Нацыянальнага аўстралійскага універсітэта, Кёльнскага універсітэта (Германія), Лісабонскага універсітэта (Партугалія), Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта (Расія) і многіх іншых, а таксама супрацоўнікі нацыянальных акадэмій навук розных еўрапейскіх краін. Галоўная мэта навуковага міжнароднага мерапрыемства, па словах старшыні рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні канферэнцыі, прафесара, доктара філалагічных навук, загадчыка аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў ІМЭФ НАН Беларусі Аляксандра Марозава, - гэта падагульненне вынікаў даследавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны краін і народаў свету ў першым дзесяцігоддзі XXI стагоддзя і выпрацоўка комплекснай праграмы навуковай работы найбуйнейшых даследчых цэнтраў свету па дадзенай праблематыцы на перыяд да 2020 года. Правядзенне мінскай канферэнцыі як знакавага міжнароднага форуму будзе садзейнічаць актывізацыі ўзаемакарысных кантактаў беларускіх навукоўцаў з прадстаўнікамі іншых краін і дазволіць падрыхтаваць шэраг сумесных праектаў з даследчыкамі з краін Еўрапейскага саюза. Акрамя навуковых пасяджэнняў і "круглых сталоў" па разнастайнай тэматыцы, міжнародным дэлегатам была прапанавана і вялікая культурная праграма: госці пазнаёміліся з адметнасцямі беларускай сталіцы, наведалі Музей гісторыі і археалогіі Акадэміі навук Беларусі, Батанічны сад, Нацыянальны музей гісторыі і культуры, Музей народнай архітэктуры і побыту.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ