Хельсінкі, 10 і 12 мая

№ 18 (784) 05.05.2007 - 11.05.2007 г

2 мая ў сталіцу Фінляндыі, дзе 10 і 12 мая адбудзецца Міжнародны конкурс песні “Еўрабачанне — 2007”, прыбыла афіцыйная беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам Старшыні Белтэлерадыёкампаніі Юрыем Азаронкам.

Сёлета ў “Еўрабачанні” возьмуць удзел 42 краіны — гэта рэкордная колькасць краін-удзельніц за ўсю гісторыю песеннага конкурсу. Нашу краіну прадстаўляе Калдун. Беларуская дэлегацыя прыбыла ў Хельсінкі 2 мая вечарам, і ўжо 3 мая адбылася першая рэпетыцыя паўфіналістаў.

Рабочы графік удзельнікаў конкурсу надзвычай насычаны. Акрамя абавязковых рэпетыцый (а іх у паўфіналістаў будзе пяць), артысты ўдзельнічаюць у прэс-канферэнцыях, вечарынах краін-удзельніц, канцэртах у Еўравёсцы. Упершыню 8 мая ў Хельсінкі адбудзецца сумесная вечарына Беларусі, Расіі і Украіны.

Выступленне беларускага ўдзельніка і іншых паўфіналістаў гледачы Першага канала і тэлеканала “Беларусь-ТБ” убачаць 10 мая ў прамой трансляцыі ў 22.00. У паўфінале возьмуць удзел прадстаўнікі 28 краін.

Прамая трансляцыя фінальнага тура конкурсу адбудзецца 12 мая на Першым канале і на “Беларусь-ТБ” у 22.00. У фінале возьмуць удзел канкурсанты з 24 краін: 10 лепшых — з кваліфікаванага раунда (паўфіналу) і 14 абавязковых удзельнікаў фіналу — гэта краіны вялікай чацвёркі (Велікабрытанія, Германія, Іспанія, Францыя), якія ў найбольшай ступені вызначаюць  матэрыяльную базу “Еўрабачання”, і 10 лепшых па выніках фіналу “Еўрабачання — 2006” (Боснія, Ірландыя, Фінляндыя, Літва, Грэцыя, Швецыя, Расія, Украіна, Румынія, Арменія). 

Прэс-служба
Белтэлерадыёкампаніі