“Magnificat”: убачыць, каб пачуць

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

У свеце існуе больш за пяць тысяч кінафестываляў. Але каталіцкі фестываль хрысціянскага кіно і тэлепраграм “Magnificat”, што ўжо пяты раз напрыканцы чэрвеня прайшоў на Глыбоччыне, у гэтым спісе стаіць асобна. Народжаны сумеснымі высілкамі аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама і вядомага кінематаграфіста Юрыя Гарулёва ў 2005 годзе, форум вельмі хутка знайшоў сабе сяброў і прыхільнікаў, як у Беларусі, так і далёка за мяжой.

/i/content/pi/cult/216/2719/15-2.gif
 /i/content/pi/cult/216/2719/15-3.gif

Крытэрый - адзіны

"Галоўным крытэрыем для нашай працы была адпаведнасць прадстаўленых на конкурс стужак хрысціянскім ідэалам і каштоўнасцям", - з гэтай фразы старшыні журы "Magnificat-2009", выкладчыка і журналіста, ураджэнца Беларусі, а цяпер масквіча Віктара Хруля пачалося абвяшчэнне вынікаў кінафоруму. І сапраўды, калі паглядзець на спіс фільмаў-прызёраў і дыпламантаў фестывалю, стане зразумела: "Magnificat" мае зусім не тыя мэты, што большасць астатніх кінафорумаў. Мастацтва кіно з'явілася на свет як частка забаўляльнай індустрыі. Але кіно павінна не толькі забаўляць і зарабляць грошы, але і накіроўваць чалавека ў бок высокіх каштоўнасцей. Адданасці хрысціянскім рэлігійным ідэалам прысвечаны гэты беларускі кінафестываль. Безумоўна, традыцыйныя хрысціянскія канфесіі мелі на "Magnificat'е" роўную магчымасць выказацца і яшчэ раз упэўніцца ў тым, што іх прадстаўнікі размаўляюць на адной мове. Па словах старажылаў фестывалю, пяты "Magnificat" атрымаўся больш цікавым і маштабным, чым папярэднія. Пашырылася праграма, дадалося сваіх і замежных гасцей. Конкурс дапоўніўся анімацыйнымі стужкамі, што былі вылучаны ў асобную праграму, якую разглядала спецыяльнае дзіцячае журы. Кінафестываль на вачах вырас з мясцовай падзеі да сур'ёзнага міжнароднага мерапрыемства, якое выклікае зацікаўленасць на розных кантынентах. Па яго сёлетняй праграме і колькасці ўдзельнікаў, прэсы можна было зразумець, што на культурнай карце Беларусі стала замацавалася яшчэ адна каштоўная адметнасць. Цэнтрам "Magnificat'у" і гэтым разам стала Глыбокае, але фестывальныя мерапрыемствы праводзіліся па ўсім раёне: ва Удзеле, у Івесі, Мосары. "Нам вельмі прыемна прымаць на сваёй зямлі свята кіно, накіраванае на вышэйшыя духоўныя каштоўнасці. Мы вельмі ганарымся тым, што "Magnificat" праходзіць тут. Вялікі дзякуй усім, хто здымае і паказвае такія стужкі", - сказаў на ўрачыстым адкрыцці фестывалю старшыня Глыбоцкага райвыканкама Міхаіл Кандзерскі. Трэба сказаць, што такія прыемныя словы падзякі сустракалі гасцей "Magnificat'у" літаральна паўсюль, дзе праходзіла яго праграма.

Дыстанцыя - мінімальная

/i/content/pi/cult/216/2719/15-4.gif
 /i/content/pi/cult/216/2719/15-5.gif

 Сёлета ў Глыбокім самымі прадстаўнічымі былі дэлегацыі з Расіі і Украіны. Удзельнікі фестывалю з радасцю віталі матушку Сафію - старшыню праваслаўнага кінафоруму "Сретенье" з Расіі, якая наведвае "Magnificat" не ўпершыню. Сярод гасцей вылучалася каларытная постаць святара Ігара Сабко - праваслаўнага журналіста і кінематаграфіста. Як заўсёды, на "Magnificat'е" вельмі прадстаўніча выглядала дэлегацыя з Польшчы. Былі ўдзельнікі і з іншых краін. Албанец Ілі Пепе прывёз сваю стужку пра унікальны рукапіс албанскага Евангелля, швейцарац Жэрарда Вуцьер з пляменнікам Матэа паказалі вельмі эмацыянальны фільм пра старое дрэва, якое расце ў іх роднай вёсцы. Далей за іншых давялося дабірацца маладому канадцу Дайрану Мастарсану. Дарэчы, за некалькі тыдняў да фестывалю ён ажаніўся, таму падарожжа на "Magnificat" сталася для яго і ягонай жонкі не толькі фестывальным, але яшчэ і шлюбным. У выпадку "Magnificat'у" дыстанцыя паміж аўтарамі і гледачамі была мінімальная. Гэтаму вельмі спрыяла камерная атмасфера, якую нельга сабе ўявіць на кінафорумах у вялікіх гарадах. Яшчэ адзін плюс кінафестывалю ў невялікім населеным пункце - набліжанасць да прыроды, якой так славіцца Глыбоччына. Госці, асабліва замежныя, здолелі адчуць гэта на сабе у час экскурсіі па славутым партызанскім краі і пад час спецыяльнага Свята кіно на беразе возера ў Івесі, дзе яны самі пасадзілі сімвалічныя дрэўцы (кожны - у гонар сваёй краіны), а таксама мелі магчымасць азнаёміцца з традыцыйнымі беларускімі рамёствамі і адпачыць разам з жыхарамі вёскі цягам этнадыскатэкі.

Вайна заўсёды будзе балець

У вельмі шчыльнай праграме "Magnificat'у-2009" вылучаліся некалькі стужак пра Другую сусветную вайну і асэнсаванне яе наступстваў. У "Марыі і Марфе" ўкраінскі рэжысёр Наталля Патракова паказвала лёсы выжыўшых пад час карнай аперацыі жыхароў адной вёскі на Чарнігаўшчыне. У фільме Белтэлерадыёкампаніі "Панна Марыя з Ражкоўкі" яго аўтар і рэжысёр Зоя Катовіч згадвала гісторыю цудоўнага выратавання іншай вёскі, ужо на Брэстчыне. Расійская стужка "Спіс Кісялёва" Юрыя Малюгіна апавядала пра гісторыю подзвігу ўраджэнца Беларусі, які выратаваў ад гітлераўцаў некалькі соцень чалавек. І ўсё ж самым яркім і хвалюючым "ваенным" фільмам сталакарціна немца Крыстафа Вольфа "Насуперак цемры. Духоўнае знаёмства з Аўшвіцам", якая была прызнана лепшай рэжысёрскай работай у праграме фестывалю. Простая па форме, але вельмі эмацыянальная стужка паказвала духоўную канферэнцыю, якая штогод праходзіць у Польшчы на месцы канцэнтрацыйнага лагера "Аўшвіц-Біркенаў", больш вядомага нам як Асвенцым. Прадстаўнікі некалькіх рэлігій, нашчадкі ахвяр нацызму і нават нашчадкі саміх ваенных злачынцаў, проста неабыякавыя асобы з розных краін свету збіраюцца разам, каб узнесці малітвы побач з месцамі масавых забойстваў людзей. Малітвы за ахвяр і, у той жа час, за іх катаў прамаўляюцца і спяваюцца ў бараках былога лагера смерці на розных мовах, вернікамі розных канфесій, рэлігій. Але сэнс дзейства адзін: праз агульнае сімвалічнае набажэнства адзначыць памяць усіх загінулых і абавязкова з'яднаць усе светлыя сілы, якія хочуць, каб ваенныя жахі больш ніколі не паўтарыліся. На беларускім фестывалі, які праходзіць на зямлі, што больш за астатнія пакутавала ад нацызму, фільм Крыстафа Вольфа быў успрыняты з асобай увагай. Наогул, усе стужкі, дзе так ці інакш закранаецца тэма Другой сусветнай вайны, аўдыторыя "Magnificat'у" сустракала з прыкметным хваляваннем. І гэта цалкам зразумела: тая вайна для беларусаў заўсёды застанецца незагойнай ранай.

/i/content/pi/cult/216/2719/15-6.gif
 /i/content/pi/cult/216/2719/15-7.gif
 /i/content/pi/cult/216/2719/15-8.gif

 Кінамісія

 Цэлы шэраг фільмаў фестывалю апавядаў пра служэнне чалавека Богу і выкананне Божай волі. Служэнне гэтае можа праходзіць так або інакш, на розных кантынентах, але абавязкова зводзіцца да адной формулы: "Служыць Богу, дапамагаць людзям". Герой польскай стужкі Катаржыны Уроды і Кацпера Чубака "Від зверху", адзначанай на фестывалі дыпломам, так званы "лятаючы доктар" - малады святар-місіянер, які на самалёце аблятае вёскі недзе ў глыбіні Афрыкі і лечыць іх жыхароў. Канадскі фільм Дэвіда Нальеры і Марка Будзіньёна "Шлях надзеі" расказваў пра каталіцкага кардынала з Камбоджы Нгуен Дона, каго не маглі зламаць ніякія падзеі ваеннага ліхалецця. Глыбока эмацыянальна гледачы і ўдзельнікі фестывалю ўспрынялі стужку ірландца Джыма Фэі, якая апісвае працу місіянераў у жорсткіх умовах галечы на сучасным Гаіці. У якасці сапраўднага місіянера выступае герой стужкі расіяніна Валерыя Цімошчанкі "Рускі запаведнік" - праваслаўны святар, які жыве і служыць у невялічкай вёсцы ў глыбінцы Расіі. Мясцовая гаспадарка так пацярпела пад час эканамічных рэформ, што сяляне амаль закінулі апрацоўку зямлі. Як вынік - наваколле зноў засяліла дзікая жывёла. А мясцовы бацюшка вымушаны клапаціцца не толькі аб душах сваіх прыхаджан, але і аб іх эканамічным становішчы. Самае цікавае, што яму лёгка ўдаецца і тое, і другое... Місіянерскай па сутнасці можна лічыць і дзейнасць беларускага мастака Дзмітрыя Ярмілава, пра якога зроблены фільм Таццяны Кіракозавай "Калі хочаш пачуць, паглядзі". Ярмілаў займаецца з дзецьмі, што маюць праблемы са слыхам, і праз адкрыццё ў маленькіх творцах мастацкіх здольнасцей дапамагае ім кантактаваць з астатнімі людзьмі. На тэму служэння з беларускай часткі праграмы можна вылучыць і стужку Уладзіміра Арлова "Каля Чырвонага касцёла" - пра лёс і дзейнасць Эдварда Вайніловіча, фундатара знакамітага прыхода Святых Сымона і Алены ў Мінску. Беларускія работы, прадстаўленыя на "Magnificat-2009", такім чынам, знаходзіліся ў агульным рэчышчы з астатнімі і яшчэ раз пацвердзілі той факт, што ўсіх сапраўдных творцаў яднае любоў да чалавека і боль за яго пакуты. Заклік зрабіць гэты свет больш гуманным, талерантным да ўсяго існага быў уласцівы ўсім творам фестывалю ў Глыбокім. Застаецца спадзявацца, што ён будзе пачуты.

 Антон СІДАРЭНКА,

наш спецыяльны карэспандэнт Мінск- Глыбокае - Мінск

На фота:

 "Калі хочаш пачуць, паглядзі".

"Сто нябожчыкаў у адным грузавіку".

"Спіс Кісялёва".

"Шлях надзеі".

"Выгляд зверху".

"Рускі запаведнік".

 "Панна Марыя з Ражкоўкі".

  Дыпломамі і спецыяльнымі прызамі журы фестывалю "Magnificat-2009" адзначаны:

 За рэжысуру: "Сон Якуба", рэжысёр - Ян П. Матушынскі (Польшча); За яскравае ўвасабленне вобраза святара - пакутніка веры: "Шлях надзеі", рэжысёры Дэвід Нальеры, Марк Будзіньён (Канада); За небанальнае вырашэнне тэмы духоўнага пошуку: "Неба Зямля", рэжысёры - Аляксандр Купрын, Сяргей Карандашоў (Расія); За таленавітае ўвасабленне тэмы чалавечай годнасці: "Калі хочаш пачуць, паглядзі", рэжысёр - Таццяна Кіракозава (Беларусь) За паслядоўную глыбокую распрацоўку хрысціянскай тэматыкі ў дакументальным кінематографе: рэжысёр Дайран Мастарсан. Прыз за лепшы дакументальны фільм: "Насуперак цемры". Духоўнае знаёмства з Аўшвіцам", рэжысёр - Крыстаф Вольф (Германія). Гран-Пры: "Рускі запаведнік", рэжысёр - Валерый Цімошчанка (Расія).