У гонар вызваленай Віцебшчыны

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

У серыі “Памяць Віцебшчыны” выйшла кніга “Віцебшчына вызваленая: кастрычнік 1943 — снежань 1945. Дакументы і матэрыялы”, створаная сумесна Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным архівам Віцебскай вобласці. У зборнік уключаны 134 дакументы, большая частка з якіх друкуецца ўпершыню, многія — толькі нядаўна рассакрэчаны.

/i/content/pi/cult/216/2718/14-2.gif

Гэта, да прыкладу, Пастанова СНК БССР і ЦК КП(б)Б "Аб неадкладных мерах дапамогі па аднаўленні і будаўніцтве жытла для калгаснікаў, рабочых і служачых вызваленых раёнаў Магілёўскай, Гомельскай, Палескай і Віцебскай абласцей Беларускай ССР". Апрача гэтага, у храналагічнай паслядоўнасці ў кнізе змешчаны рашэнні органаў мясцовага кіравання, службовыя лісты, даведкі, акты, дакладныя запіскі, цыркуляры, справаздачы, што сведчаць пра аднаўленнепрамысловасці і камунальнай гаспадаркі, адукацыі, размініраваннне палеткаў і вуліц, збор трафейнай зброі, змаганне з эпідэміяй сыпнога тыфу - тыя клопаты, з якімі сутыкнулася насельніцтва вызваленых гарадоў і вёсак ва ўмовах катастрафічнага недахопу харчавання, электраэнергіі, сыравіны, паліва... І, у той жа час, улада не забывалася і на развіццё адукацыі, пра што можна даведацца, пазнаёміўшыся з рашэннямі аб аднаў л е н н і дзейнасці школ вобласці. Да прыкладу, у вёсцы Колышкі навучанне пачалося ўжо 23 лістапада 1943 года. Трапіла ў выданне і Пастанова ЦК КП(б)Б аб утварэнні Полацкай вобласці ад 25 жніўня 1944 года, а таксама акты пра злачынствы захопнікаў і іх памагатых на тэрыторыі Віцебшчыны. Каштоўнасць выдання - таксама і ў багатым архіўным фотаматэрыяле. На здымках зафіксаваны моманты бою байцоў Чырвонай Арміі пад час вызвалення Віцебска, выгляд вуліц горада ў гэты час, салют у гонар узяцця Віцебска, аднаўленне стратэгічных аб'ектаў абласнога цэнтра. Цікавыя і фотакопіі шэрагу важных дакументаў. У зборніку прыведзены біяграфічныя звесткі некаторых з тых асоб, хто вызваляў край ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а пасля плённа працаваў над аднаўленнем Віцебшчыны. Сёння плён іхняй працы бачны, у тым ліку, і сярод святочнага, фестывальнага аздаблення культурнай сталіцы Беларусі.

Кастусь АНТАНОВІЧ

На здымках:

Віцебск. Савецкія аўтаматчыкі пераследуюць ворага, які адступае (26 чэрвеня 1944 г.); сапёры размініруюць Віцебск у дзень вызвалення.