Робін Гуд ды яго лук

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Хто не ведае слаўнага хлопца па імені Робін Гуд, які жыў у Англіі і трапна цаляў з лука? Але думаецца, што ў кожнага народа быў свой Робін Гуд, паданні пра каго губляюцца за сівой смугой стагоддзяў, і толькі археалагічныя знаходкі цяпер могуць засведчыць пра гэта.

На Верхнім замку Віцебска пад час археалагічных раскопак, што праводзіліся ў 1990-х, быў выяўлены фрагмент драўлянага лука. Знаходка такога роду даволі рэдкая ў археалогіі гарадоў. Першая зроблена сорак гадоў таму ў Ноўгарадзе. Прыкладна ў тыя ж часы быў ён выяўлены ўпершыню і ў Полацку. У трэці раз лук знайшлі ля падэшвы Замкавай гары, на якой месцілася княжацкае дварышча, у пабудове, што была ўзведзена пасля 1284 года. Што ўяўляў з сябе гэты лук? Гэта апрацаваны сук дрэва даўжынёй каля 1,5 м, шырынёй каля 5 см, таўшчынёй больш за 2 см у яго сярэдняй частцы. У верхняй частцы вырабу былі выразаны ямкі глыбінёй каля 1 см па цеціве лука. Дарэчы, у ямках гэтых застаўся след ад колішняй цецівы. Адступіўшы трошку ад канцоў, лук меў плаўны выгіб ва ўнутр, а затым ён быў выгнуты на вонкі. Выраблены быў лук з дубу. Матэрыял гэты можа выклікаць некаторую насцярожанасць: драўніна дуба не вельмі пругкая, у адрозненне ад ляшчыны, бярозы або ядлоўца. І тым не менш, па назіраннях спецыялістаў, вядомы вырабы лукаў і з дубу. Але, што цікава, зброя па сваім выкананні была зроблена даволі проста. Можна сказаць, не належала княжацкаму дружынніку, а была ўласнасцю простага чалавека. У гарадах сярэднявечнай Беларусі, як гэта вядома з пісьмовых крыніц, князі іншым разам мусілі ладзіць спаборніцтвы на лепшага стралка. Пераможцу ўручаўся прыз, а княгіня падносіла яму кубак. Згадайце цяпер сцэну з кнігі пра Робін Гуда, калі ён прыйшоў у замак каралеўскага намесніка, каб узяць удзел у спаборніцтве, і атрымаў галоўны прыз. І хто яго ведае - мо і ў нас на Беларусі быў такі хлопец, які добра цаляў са свайго простага лука. І вось аднойчы, завітаўшы ў Віцебскі замак на княжацкае спаборніцтва, нацягнуў ён цеціву свайго лука і... А далей? Ніхто ўжо не скажа, што там адбылося далей, куды патрапіла страла юнака. Толькі застаўся чамусьці ляжаць той лук у зямлі, як маўклівы сведка далёкіх падзей...

Матэрыялы падрыхтаваў Леанід КАЛЯДЗІНСКІ, археолаг, кандыдат гістарычных навук