“Паклонімся вялікім тым гадам...”

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

1 ліпеня ў Нацыянальным мастацкім музеі распачаўся адзін з найбольш маштабных праектаў апошняга часу — выстаўка “Палітра памяці”.

/i/content/pi/cult/216/2715/13-2.gif
 

Унікальнасць і глабальнасць гэтай экспазіцыі заўважыць можна як у форме, так і ў змесце. Перш за ўсё - гэта сумесны праект Беларусі і Расіі: пад адным дахам выстаўлены экспанаты з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны 1941 - 1945 гг. на Паклоннай гары ў Маскве. Па-другое - у межах праекта сабраны не толькі творы выяўленчага мастацтва, але і фотаздымкі Мінска ў гады акупацыі, баявыя ўзнагароды, асабістыя рэчы салдат і камандзіраў, франтавыя лісты і многае іншае. Калі ж вярнуцца да ўласна творчай часткі, дык і тут можна адзначыць багацце формы і выражэння. Нацыянальны мастацкі музей выставіў работы, выкананыя ў перыяд з 1940-х па 1980-я. І за мэту было ўзята імкненне падкрэсліць характар развіцця адносін мастакоў да ваеннай тэмы. Так, жывапісцы і графікі 1940-х- 1950-х імкнуліся максімальна перадаць канкрэтны эпізод у стылістыцы сацыалістычнага рэалізму. Творцы ж больш позняга перыяду стараюцца абагуліць, тыпізаваць праявы вайны ў сваіх палотнах. Вялікую значнасць тут набываюць фармальныя сродкі выражэння. У 70-я - 80-я гады на першы план мастакі выводзяць "вобраз" Памяці: часцей за ўсё малююць сведкаў вайны ў сучаснасці. Экспазіцыя выстаўкі, у асноўным, і пабудавана па храналагічным крытэрыі: на думку арганізатараў, такі кантраст падкрэслівае своеасаблівасць кожнай асобнай работы і дапамагае знайсці новыя спосабы прачытання. Разнастайныя творы і па жанрах: прадстаўлены і жывапісныя палотны, і графіка, і скульптура. Са спадчыны 53 беларускіх мастакоў экспануюцца каля 80 твораў нашых класікаў і іх малодшых калег. Нашы маскоўскія калегі ў залах першага паверха музея прадставілі даволі вялікія калекцыі замалёвак і эцюдаў В.Дзмітрыеўскага і А.Какорына. Таксама можна сустрэць плакаты С.Целінгацера ("На ўсход ад Мінска. Для франтавой газеты") і Кукрыніксаў ("Пусты кацёл у Берліне і рускі кацёл пад Мінскам"), накіды В.Арлашына "Беларусь (З франтавога блакнота)",а таксама творы П.Астроўскага, С.Уранава, А.Вярэйскага. Значнасць праекта ацанілі не толькі мастацтвазнаўцы і наведвальнікі музея, але і прадстаўнікі міністэрстваў, палітыкі і грамадскія дзеячы. Прычым, акрамя свайго прамога прызначэння, экспазіцыя павінна стаць яшчэ адным з крокаў да еднасці братэрскіх народаў. Так, міністр культуры краіны Павел Латушка назваў выстаўку вельмі добрым прыкладам супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў галіне культуры. Падкрэслім, што арганізавана яна была на сродкі Саюзнай дзяржавы.

 Дар'я ДАНІЛЕВІЧ