Злавіць “на жыўца”

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Толькі недасведчаныя думаюць, што “вынікі” ХVIII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2009” пакуль невядомыя. На самой жа справе ўсё даўным-даўно “размеркавана”: каму дастанецца дрэсіраваны ўдаў, каму — гімнасткі, а каму — шоу з агнём. І ўсё гэта — “жыўцом”, хаця і пад фанаграму “мінус адзін”.

 Імя рэжысёра Улады АРЦЮКОЎСКАЙ, выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пакуль не вельмі "раскручанае". Але на яе творчым рахунку - такія адказныя мерапрыемствы, як Рэспубліканскі баль выпускнікоў ВНУ з удзелам Кіраўніка нашай дзяржавы, Навагодні баль і іншыя. Дый "галоўную ёлку" краіны - традыцыйны казачны спектакль у Палацы Рэспублікі - сёлета будзе рыхтаваць таксама яна. А на цяперашні форум У.Арцюкоўская трапіла па выніках Адкрытага рэспубліканскага конкурсу на стварэнне канцэпцый, рэжысёрскіх эксплікацый ХVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". - Яшчэ ў красавіку, - расказала Улада, - я пачала атрымліваць запісы конкурсных песень на мовах краін-удзельніц. Вядома, з перакладам. У адпаведнасці са зместам і самім характарам музыкі шукала сцэнічны антураж, магчымы відэарад. Да кожнага нумара хацелася знайсці нейкую сваю задумку, каб па сваім афармленні песні былі не падобны адна на адну і гледачы маглі запомніць усіх удзельнікаў яшчэ і па іх відовішчных "разыначках". Таму з прапановамі давялося звяртацца да розных творчых калектываў - артыстаў цырка, ансамбляў "Візаві", "Феерыя". На гэтым тыдні, як толькі канкурсанты з'ехаліся ў Мінск на аркестравыя рэпетыцыі (як вядома, другую песню - славянскі хіт - яны выконваюць з Нацыянальнымканцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга), пачалася і "прымерка" нашых нумароў. Прыемна было бачыць, што канкурсанты адразу ўцягнуліся ў сумесную працу, зацікавіліся падрыхтаванымі для іх пастаноўкамі, пачалі "рэагаваць" на сцэнічнае дзеянне, падтанцоўваць. Дарэчы, усё гэта - таксама частка прафесіі. Таму, спадзяюся, нашы рэпетыцыі і само конкурснае выступленне стануць для іх яшчэ адной школай. А гледачы (у тым ліку тыя, што збяруцца ля тэлеэкранаў) атрымаюць дадатковае задавальненне - не толькі ад спеваў, але і ад "карцінкі".