Пад гукі летняга дажджу

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі, падобна на тое, запомніцца сёлета… дажджом. Нельга прадбачыць абсалютна дакладна, якое надвор’е будзе насамрэч над Віцебскам увечары 15 ліпеня. А вось на сцэне Летняга амфітэатра а 22-й гадзіне будзе панаваць дождж — таксама летні, сонечна-ўсмешлівы. Бо менавіта гэткім “дажджавым пралогам” распачнецца канцэрт “Прывітанне, Віцебск!”.

/i/content/pi/cult/216/2706/11-3.gif

- Вядучыя канцэрта, - падзялілася сакрэтамі рэжысёр Ніна ОСІПАВА, - быццам сустрэнуцца на скрыжаванні. І будуць, вядома, абмяркоўваць фестывальныя падзеі. Увогуле, вядучых будзе некалькі. Акрамя асноўных, з'явяцца і тыя, хто будзе даваць жартоўныя каментарыі да ўбачанага. Вельмі хацелася адысці ад штампаў, зрабіць штосьці іначай, каб канцэрт атрымаўся свежым, "маладым" - менавіта па рэжысуры, а не адно па ўзросце ўдзельнікаў. Бо тут павінны быць прадстаўлены і пачаткоўцы, і, вядома, мэтры. Галоўнае - цікавы рэпертуар, які, да ўсяго, упісваўся б у асноўную канцэртную канву. Арт-група "Беларусы", да прыкладу, прапанавала песню "Пад парасонамі", напісаную яе кіраўніком Валерыем Шматам. Адкрыццём канцэрта стане, безумоўна, Вольга Чабатарова - юная магіляўчанка з яркім народным голасам, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Выйдзе на сцэну і эстрадны аркестр Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. А балет гэтай навучальнай установы пад кіраўніцтвам Святланы Гуткоўскай увогуле стане неад'емнай часткай не толькі гэтай, але і многіх іншых фестывальных праграм. Канцэрт-прызнанне ў любові да Віцебска і, шырэй, усёй Беларусі будзе ўмоўна падзелены на некалькі эпізодаў. Пралог "Летні дождж" дасць штуршок сустрэчам "На вуліцах горада", дзе ў гэтыя дні бывае так многа гасцей. Невыпадкова адзін з эпізодаў так і называецца: "Госці ў дом - радасць у дом". Пагадзіцеся, у фестывальным Віцебску адбываецца шмат самых нечаканых сустрэч, у тым ліку з вядомымі зоркамі. Часцяком мінакі становяцца сведкамі, як тыя вандруюць па "Горадзе майстроў", набываюць сувеніры, наведваюць выстаўкі. Дадамо, што сярод гасцей нашага канцэрта будуць "Беларускія песняры", Аляксандра Пахмутава і Мікалай Дабранраваў, Надзея Кадышава і ансамбль "Золотое кольцо", які, дарэчы, выступіць разам з Беларускім дзяржаўным ансамблем "Песняры". Новую песню прадставяць Ганна Шаркунова і Герман, якія таксама выйдуць дуэтам. 65-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў будзе акрэслена эпізодам "Ля абеліска".

 З рэжысёрамі канцэртаў "Славянскага базару" гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ