Канцэпцыі настрою

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Урачыстае закрыццё “Славянскага базару ў Віцебску” будзе сёлета не зусім звычайным, бо фінальны гала-канцэрт цяперашняга форуму прыпадае на фестывальны Дзень Саюзнай дзяржавы. Больш падрабязна пра гэты канцэрт распавёў яго рэжысёр Вячаслаў ПАНІН. — Вячаслаў Мікалаевіч, днямі мінчане і госці сталіцы, а таксама шматлікія тэлегледачы нашай краіны змаглі ўбачыць цудоўна зрэжысіраваны вамі святочны канцэрт у Палацы Рэспублікі, прысвечаны 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дню Незалежнасці. Якой жа канцэпцыяй вы парадуеце ўдзельнікаў і гледачоў гэтым разам?

 - Усе так чакаюць нейкіх глабальных канцэпцый, патрабуюць пераказваць іх словамі, а ў мяне, можа, і няма нічога такога. Не заўсёды ж можна словамі выказаць усё, што хочацца зрабіць рэжысурай і рознымі відамі мастацтваў. Так што пра рэжысёрскія канцэпцыі лепей гаварыць ужо постфактум, калі ўсё здзейснілася, ці, наадварот, - не здзейснілася па тых ці іншых прычынах.

- Ну, якраз у вас усё задуманае звычайна здзяйсняецца. Дык чаго нам чакаць на закрыцці фестывалю?

 - Добрага настрою! А яшчэ - крыху настальгіі, што фестывальныя дні праляцелі надта хутка. На маю думку, галоўнае для публікі на падобных канцэртах - менавіта настрой, які залежыць найперш ад узроўню выступоўцаў і падабраных нумароў. Ёсць у фестывальным канцэрце закрыцця і свае традыцыі, якія мы, вядома, не будзем парушаць: гэта ўрачыстае ўручэнне прызоў Саюзнай дзяржавы "За творчае ўвасабленне ідэй дружбы народаў Беларусі і Расіі", а таксама шанаванне лаўрэатаў конкурсаў. Ну, а ў астатнім - ці ж не прасякнуты ідэяй дружбы народаў увесь "Славянскі базар у Віцебску"? На канцэрце закрыцця гэтая ідэя набудзе далейшы разгорт. Ці ж не сімвалічна, што фінальны канцэрт фестывалю - гэта адначасова і канцэрт Дня Саюзнай дзяржавы? Распачнецца ўрачыстасць з выхаду нашага ансамбля "Харошкі", завершыцца - выступленнем расійскай арт-групы "Хор Турэцкага". Адным з найбольш адметных нумароў стане дуэт Анжалікі Агурбаш і Барыса Маісеева - гэткіх "расійскіх беларусаў". Вось вам, калі хочаце, і канцэпцыя, нават дзве. Не, тры! Першая - сяброўства назаўжды. Другая - фестывальны калейдаскоп. Трэцяя - запрашэнне на наступны "Славянскі базар у Віцебску". Да сустрэчы ў валошкавым горадзе!