Па законах музычнага гурманства

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Спявак Андрэй КОЛАСАЎ, наш канкурсант на сёлетнім “Славянскім базары ў Віцебску”, пакуль і ў нас на тэлеэкранах не мільгае, у радыёэфіры не “круціцца” суткамі напралёт — гастралюе ж з эстраднасімфанічным аркестрам Гомельскай абласной філармоніі, салістам якога з’яўляецца ўжо два гады, па нашых ды расійскіх гарадах. Дарэчы, паводле сваёй першай спецыяльнасці, атрыманай у Гомельскім ПТВ № 30 рачнога флоту, Андрэй — поварпекар трэцяга разраду, дый зараз вучыцца завочна ў Магілёўскім універсітэце на інжынера-тэхнолага харчовай прамысловасці.

/i/content/pi/cult/216/2704/10-1.gif

- Для мяне самога тое, што я прайшоў адбор на "Славянскі базар у Віцебску", шмат у чым было нечаканасцю. Мабыць, рана пра мяне яшчэ гаварыць. Але калі на гастролях да мяне падыходзяць па аўтографы - значыць, тое, што я раблю, падабаецца не мне аднаму.

- А ежу гатаваць падабаецца? Ці ўся тая вучоба - так, дзеля дыплома?

- Ну чаму ж? Я і ў рэстаранах паспеў папрацаваць - і поварам, і спеваком "па сумяшчальніцтве". Асабліва люблю "чараваць" над гарачымі стравамі. Сярод маіх "фірменных" прысмакаў - фаршыраваны шчупак, рыба ў піўным кляры. Дый салаты - гэта мора фантазіі. А супы варыць не люблю.

 - Цікава, дзе ж вашы круглыя шчочкі і, тым больш, жывоцік?

 - Даводзіцца сачыць за сабой. Бегаю, займаюся цяжкай атлетыкай: знешні від для артыста - частка прафесіі. Ну не галадаць жа! Асабліва калі ў доме пахне мамчынымі супчыкамі. Дарэчы, яна таксама спявачка, працавала салісткай таго ж гомельскага аркестра, у якім, можна сказаць, прайшла палова майго дзяцінства: бавіў час і на рэпетыцыях, і на канцэртах - чым не падсвядомыя майстар-класы? Але менавіта мама ўсе гэтыя гады была маім адзіным музычным педагогам - можна сказаць, я атрымаў "класічнае", па мерках мінулых часоў, хатняе выхаванне. Потым шмат дала мне непасрэдная праца ў нашым аркестры, якім пасля Юрыя Васілеўскага кіруе малады дырыжор Станіслаў Шныр. Да віцебскага конкурсу мяне рыхтаваў Вячаслаў Шарапаў, які ўзначальвае ансамбль "Песняры". Нават яго песню "Каліна" я буду спяваць у новым "песняроўскім" строі аднаго з удзельнікаў калектыву: аказаўся, бы на мяне пашыты. Калі ж пачаліся рэпетыцыі са славутым аркестрам Фінберга, я напоўніцу ацаніў Міхаіла Якаўлевіча - не толькі як музыканта, але і як надзвычай патрабавальнага педагога. Мабыць, таму і калектыў у яго такі выдатны, што туды не толькі прыходзяць суперпрафесіяналы, але і працягваюць там удасканальвацца- штодзённа, штогадзінна. Ці ж гэта не яшчэ адзін закон прафесіі?