“Лепей за белыя ночы”

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Анжаліка АГУРБАШ, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь: Анжаліка Агурбаш заўжды здзіўляе публіку віцебскага фестывалю нечаканымі яскравымі нумарамі, новымі песнямі, сюрпрызамі. Напярэдадні XVIII Міжнароднага форуму мастацтваў карэспандэнт “К” пацікавіўся ў заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь, што чакае гледачоў гэтым разам.

/i/content/pi/cult/216/2702/10-4.gif

- Так, я пастаянная ўдзельніца фестывалю "Славянскі базар", пачынаючы з 1990га года, - кажа Анжаліка. - Толькі аднойчы я не прысутнічала на форуме: калі запісвала свой чарговы альбом у Кракаве. І, сапраўды, вы маеце рацыю, кожны раз я прыязджаю ў Віцебск з творчымі сюрпрызамі: новая песня, новы альбом, нечаканы дуэт - мне важна здзіўляць і быць цікавай публіцы. Не стане выключэннем і сёлетні "Славянскі базар": на музычным форуме прагучаць песні з майго новага альбома "Каханне? Каханне! Каханне... " і адбудзецца яшчэ адна падзея - прэм'ера песні "Две тени", якую мы выканаем разам з Барысам Маісеевым. Яна прагучыць на канцэрце закрыцця фестывалю.

- Для маладых канкурсантаў "Славянскі базар у Віцебску" - гэта магчымасць заявіць пра сябе, для кагосьці з сталых выканаўцаў - прэстыжная пляцоўка, выступіць на якой - добры знак, прыемная праца. Што асабіста для вас значыць віцебскі фэст, на якім вы - адна з самых жаданых госцяў?

 - Віцебск - гэта ўражальны фестывальны горад, з вельмі вясёлай, цудоўнай публікай. Заўжды раскошная і арганізацыя фестывалю! Для мяне "Славянскі базар" - гэта і цудоўная магчымасць сустрэцца і пагутарыць са сваімі сябрамі - калегаміартыстамі. Натуральна, мы ўсе вельмі занятыя людзі: ва ўсіх - свае гастрольныя графікі, а віцебскі фэст - акурат тое самае месца, дзе можна проста пагутарыць, падзяліцца творчымі ўражаннямі, навінамі, адпачыць і атрымаць асалоду ад дзіўнай, вельмі асаблівай атмасферы форуму. Па энергетыцы "Славянскі базар" - гэта незвычайны фестываль. Натуральна, віцябчане - галоўныя "віноўнікі" падобнага адчування. Увесь тыдзень горад жыве кругласутачна: гэта нават лепей за белыя ночы ў Санкт-Пецярбургу! Вядома, забыць такое немагчыма.

 - Пачуць гэта віцябчанам, мяркую, будзе вельмі прыемна. Анжаліка, яшчэ адно пытанне: новы альбом - і вы зноў новая. Якім чынам вам удаецца так лёгка змяняцца і, у той жа час, заставацца самой сабой?

- Дзякуй. Усё проста:я- артыстка і схільная да разнастайнасці сваіх роляў на сцэне, да таго ж, у адным абліччы, настроі сумна жыць. Я заўжды даю параду жанчынам: калі ў вас дрэнны настрой - пачніце з цырульні. Новая прычоска, новая сукенка - і адразу зусім новае адчуванне сябе, новы стан духу. Самая цудоўная жанчына - тая, якая ўмее здзіўляць. Так і самыя добрыя артысты - тыя, якія не даюць засумаваць публіцы. І потым, я іду ў ногу з часам, жыццём. Сёння ў мяне выйшаў новы альбом, які дапамог адкрыць у сабе новыя грані. Але, па сутнасці, усё адбываецца адначасова: артыст невыпадкова выбірае той матэрыял, які патрэбны ягонай душы. Сёння я адчуваю сябе напоўненай творчасцю, жыццём, імпэтам, каханнем - гэта і ёсць ключ да майго новага аблічча.

 Д.А.