Плённы візіт

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

6 ліпеня міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка прыняў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды 1000-годдзя ўпамінання ў летапісных крыніцах назвы Літва, якія праходзілі ў гэтыя дні ў краіне-суседцы.

7 ліпеня пад час візіту ў Вільнюс адбыліся перамовы Паўла Латушкі з міністрам культуры Літоўскай Рэспублікі Рэмігіюсам Вілкайцісам, у ходзе якіх было абмеркавана шырокае кола пытанняў беларуска-літоўскага супрацоўніцтва ў галіне культуры. У прыватнасці, у час сустрэчы абмеркаваны пытанні аб сумесным правядзенні Дзён культуры, аб падпісанні Праграмы культурнага супрацоўніцтва паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Літвы на бліжэйшыя два гады. Дасягнута дамоўленасць, што бліжэйшым часам гэты дакумент будзе прыняты. На двухбаковай сустрэчы кіраўнікі міністэрстваў прыйшлі да высновы аб неабходнасці стварэння рабочай групы, якая будзе займацца аховай сумеснай гістарычнай і культурнай спадчыны, што вынікае з падпісанага ў лютым 2009 года Пагаднення паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Літоўскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў галіне аховы гістарычнай і культурнай спадчыны. Бліжэйшае пасяджэнне рабочай групы адбудзецца ў 2009 годзе ў Беларусі на ўзроўні намеснікаў міністраў культуры. Кіраўнікамі міністэрстваў дзвюх краін быў дасягнуты яшчэ шэраг дамоўленасцей, прынамсі, аб пашырэнні супрацоўніцтва паміж Нясвіжскім і Бяржайскім замкамі Радзівілаў, аб садзейнічанні літоўскага боку ў музеефікацыі палацаў у Нясвіжы і Міры. Разглядаліся таксама пытанні сумеснай кінавытворчасці, у тым ліку, прымеркаваныя да ўгодкаў Грунвальдскай бітвы. Дасягнута дамоўленасць аб удзеле літоўскіх тэатраў у Міжнародным тэатральным фестывалі "Панарама", які ў чарговы раз пройдзе восенню гэтага года ў Мінску. Улічваючы працяглую супольную беларуска-літоўскую гісторыю, міністры пацвердзілі неабходнасць супрацоўніцтва па пытаннях аховы і сумеснага выкарыстання агульнай гісторыка-культурнай спадчыны ВКЛ. Міністры дамовіліся, што кантакты на міністэрскім узроўні стануць рэгулярнымі.

Матэрыял прадастаўлены Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь