Вайна і мір Пётры Свентахоўскага

№ 18 (784) 05.05.2007 - 11.05.2007 г

Тут жа, у галерэі, адбылася выстаўка, прысвечаная памяці беларускага мастака Пётры Свентахоўскага. Экспазіцыю склалі жывапісныя творы, эцюды і алоўкавыя накіды розных гадоў стварэння.

 /i/content/pi/cult/113/270/Vojna-i-mir.jpg
Гэтая выстаўка нібыта наноў адкрыла нам майстра, шчырага ў сваіх памкненнях занатаваць радзіму не ў якасці пабочнага назіральніка, а з душэўным хваляваннем. Для П.Свентахоўскага характэрна зачараванне спакойнымі і мілагучнымі краявідамі, дзе рэдкія постаці людзей успрымаюцца натуральнымі і арганічнымі ў прыродным атачэнні, захапленне помнікамі даўніны. Мяккі, прыглушаны каларыт алейных палотнаў адпавядаў спакойнаму і разважліваму характару самога творцы, які не шукаў у сціплых відарысах штучных прыкрас. Экспазіцыя выстаўкі дала магчымасць пазнаёміцца і з работамі П.Свентахоўскага эцюднага характару.
Большасць з іх напісана тэмперай, якая дазваляла мастаку дабівацца не проста сугучча колеравай гамы, але празрыстасці, пластычнасці, унутранага ззяння кожнага твора. І толькі зараз, калі цягам адной экспазіцыі можна прасачыць творчы шлях мастака ад першых накідаў канца 1960-х гадоў да апошніх работ 2000-х, разумееш, што кожны эцюд для Пётры Уладзіміравіча — гэта мэтанакіраваны крок да абагульнення. На гэтым шляху мастак удасканальваў свае каларыстычныя магчымасці, паказваў сябе творцам, які шчодра адораны разуменнем колеравых нюансаў.

Асобнай тэмай прагучала ў творчасці П.Свентахоўскага Вялікая Айчынная вайна. Гераічнаму змаганню народа ён прысвяціў работы “Трывога”, “На заданне”, “Подзвіг беларуса І.Ю. Філідовіча”. Мастак нарадзіўся ў Брэсце, і героямі яго першых твораў былі вайскоўцы — танкісты, пагранічнікі. Іх твары нібыта “вылеплены” фарбамі: столькі энергіі ўклаў аўтар у кожны мазок, столькі эмоцый перадаў нават у эцюдах. У апошнія гады жыцця жывапісец зноў звярнуўся да ваеннай тэматыкі, але ўжо з іншых пазіцый. У экспазіцыі выстаўкі ёсць такі твор —“Невядомы салдат”, дзе мастак паспрабаваў перадаць трагізм лёсу кожнага асобнага чалавека, які прайшоў праз жахі апошняй сусветнай вайны.

П.Свентахоўскі спрабаваў сябе і як партрэтыст (згадваю выявы Леаніда Шчамялёва, Еўфрасінні Полацкай, Цішкі Гартнага), пісаў нацюрморты. А яшчэ ён быў таленавітым выкладчыкам, і яго вучні — У.Вішнеўскі, В.Мікіта, В.Ціханаў, У.Панцялееў, Г.Асташонак — і сёння ўдзячны настаўніку за яго ўважлівыя адносіны і важкія творчыя парады. 

Наталля ШАРАНГОВІЧ