“Любіць” па-брэйтбургаўску

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Імя расійскага кампазітара Кіма БРЭЙТБУРГА вядома беларускім аматарам эстрады не толькі “намінальна”, але і па тых цікавых творчых праектах, якія ладзіў ён з нашымі спевакамі — Ірынай Дарафеевай, Русланам Аляхно ды іншымі. Думаецца, яшчэ і з гэтай прычыны на віцебскім форуме для нас ён будзе не проста госцем, а — “сваім чалавекам”. Натуральна, што напярэдадні свята і мы не маглі не запытацца, якія пачуцці звязваюць яго са “Славянскім базарам у Віцебску”.

 /i/content/pi/cult/216/2694/6-5.gif

 - Я заўсёды казаў, кажу і буду казаць, што "Славянскі базар у Віцебску" - фестываль ва ўсіх сэнсах унікальны: і з пункта гледжання сваёй канцэпцыі, і па тым шырокім мастацкім прадстаўніцтве, якое заўсёды на ім бывае, ды і па той неперадавальнай творчай атмасферы, што пануе ў гэтыя дні ў беларускім Віцебску. Гэты форум мастацтваў - адзіны такі буйны на ўсёй постсавецкай прасторы. І я заўсёды заклікаю не проста любіць "Славянскі базар у Віцебску", але захоўваць і аберагаць яго.

 - Якія сюрпрызы падрыхтаваў Кім Брэйтбург беларускім прыхільнікам яго творчасці?

- У праграме фестывалю будзе шэраг маіх песень, якія ўжо добра вядомыя, у прыватнасці, "Родные люди" - дуэт Іосіфа Кабзона і Дзіяны Гурцкой. Але ж будзе, канешне, і сюрпрыз - прэм'ера песні "Любить", якую выканаюць ваш беларускі спявак Руслан Аляхно і маладая, яшчэ зусім невядомая, украінская спявачка Мар'яна.

 - Дарэчы, ведаючы пра ваш плённы вопыт супрацоўніцтва з беларускімі эстраднымі выканаўцамі, не магу не пацікавіцца: магчыма, у вашым кампазітарскім "партфелі" ёсць яшчэ нейкія перспектыўныя планы сутворчасці ў гэтым накірунку?

- Вы ўгадалі: зараз у мяне ёсць планы адносна вялікага музычнага праекта, у якім былі б заняты і беларускія, і расійскія спевакі, музыканты. Гэта прыгожы, касцюміраваны мюзікл,які, як мне падаецца, быў бы цікавы шырокаму колу людзей. Праўда, на дадзены момант гэтая ідэя знаходзіцца ў стане праекта. Але ж я думаю, што акурат "Славянскі базар у Віцебску" дасць плённую глебу для больш дэталёвага яго абмеркавання і- адкрые шлях у будучае жыццё.

Т.К.