“Зроблена ў Віцебску”, або Прагматычны антураж апошняга марафету

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Той, каму не даводзілася бываць у Віцебску хаця б пару гадоў, моцна здзівіцца, яшчэ здалёк убачыўшы, здавалася б, знаёмыя абрысы яго цэнтра. З нядаўняга часу над высокімі схіламі і зграбнымі прыземістымі камянічкамі сталі дамінаваць барочныя вежы дзвюх адноўленых цэркваў, паміж якіх удала ўпісалася ратуша.

Цягнік прыйшоў а палове шостай раніцы. Горад ужо пакрысе прачынаўся, прыступаючы да сваіх спраў. Праз пару гадзін старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец правядзе нараду, прысвечаную, у тым ліку, і падрыхтоўцы да фестывалю "Славянскі базар". Перад білетнай касай з'явяцца першыя ў той дзень пакупнікі, азеляняльнікі пачнуць уласнаручна ўвасабляць у жыццё лозунг "Квітней, Беларусь!", створаны з кветак на беразе Дзвіны, а тынкоўшчыкі навядуць апошні марафет на будынак "штаба" фестывалю. На працягу дня, які давялося правесці ў Віцебску, горад літаральна на вачах абрастаў гандлёвымі палаткамі, імправізаванымі кавярнямі на свежым паветры ды рознымі іншымі праявамі фестывальнай інфраструктуры.

/i/content/pi/cult/216/2692/4-1.gif
 /i/content/pi/cult/216/2692/4-2.gif

Напамін пра ліпеньскія ночы на Алеі лаўрэатаў

З Амфітэатра пакуль не даносіліся гукі музыкі: рабочыя сцэны яшчэ толькі манціравалі аўдыёапаратуру. Затое было добра чуваць рокат адбойнага малатка. Пляцоўка, якую журналісты ўжо ахрысцілі віцебскай "Алеяй зорак", была амаль гатовай да адкрыцця. Праўда, замест пяці першых пліт з паліраванага граніту пакуль бачныя толькі прагалы. - У чым яе адрозненне ад маскоўскай або, скажам, галівудскай? - галоўны спецыяліст аддзела культуры гарвыканкама Пётр Падгурскі сам распачаў гэтую тэму. - Думаю, гэта зразумела з самой назвы: "Алея лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Адпаведна, крытэрыі манументальнага ўвекавечвання імёнаў творцаў сфармуляваны адназначна. Аўтарам ідэі "Алеі зорак" без ваганняў можна назваць Аляксандра Косінца: ён неаднаразова агучваў гэтую задуму яшчэ на пасадзе віцэпрэм'ера Рэспублікі Беларусь. Новая віцебская адметнасць, створаная архітэктарамі з "Віцебскграмадзянпраекта" за муніцыпальныясродкі, добра выглядае не толькі зблізку, але і з вышыні схілу, на подступах да Амфітэатра. Таму яе цяжка абмінуць увагай пад час шпацыру па тых мясцінах. І ў будзённыя дні цягам усяго года яна будзе нагадваць жыхарам горада і турыстам пра цудоўны - але хуткаплынны - фестывальны тыдзень. І сапраўды: Віцебск асацыіруецца са "Славянскім базарам", мусіць, ужо ва ўсім свеце, а вось адметнай матэрыяльнай напамінкі пра фестываль пакуль не было. Затое цяпер можна будзе з настальгіяй згадваць пра ліпеньскія ночы і пад час восеньскай слоты або снегападу.

1772-ы і 2009-ы

 У Свята-Укваскрэсенскай царкве можна было заспець за працай віцебскіх іканапісцаў. Майстры з епархіяльнай арцелі клалі на фрэскі апошнія штрыхі - няспешныя і ўдумлівыя. Вонкавае хараство гэтага храма маглі ацаніць яшчэ госці мінулага фестывалю, а вось гэтым разам кожны з іх зможа завітаць і ўнутр. - Работы былі скончаны нават раней, чым мы спадзяваліся, - кажа настаяцель Свята-Уваскрэсенскага прыхода, протаіерэй Канстанцін Ізафатаў. - І за гэта варта падзякаваць губернатару Аляксандру Мікалаевічу Косінцу, які дапамог нам знайсці сродкі на аздабленчыя работы. Гісторыя храма мае дзве вызначальныя даты: 1772 год, калі ён быў збудаваны коштам заможнага купца Мікалая Смыка, і 2009. 10 ліпеня адбудзецца яго ўрачыстае адкрыццё, у якім плануецца ўдзел Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. А ў верасні пройдзе асвячэнне храма з удзелам Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Ідэя аднавіць храм у яго першапачатковым - барочным - абліччы з'явілася яшчэ два дзесяцігоддзі таму. Менавіта аднавіць, дбайна захаваўшы пры гэтым абумоўленую заканадаўствам гістарычную справядлівасць, а не збудаваць новую царкву. Нават падмуркі планавалася выкарыстаць старыя, але ж даследаванні выявілі, што яны не вытрымаюць канструкцыю. А ж ы ц ц я ў ленне гэтай задумы трохі расцягнулася ў часе. У 1998-м была зарэгістравана праваслаўная Свята-Уваскрэсенская абшчына, і праз некалькі гадоў распачалося будаўніцтва. Сродкі на яго паступалі з розных крыніц: і з абласнога бюджэту, і ад буйных прадпрыемстваў вобласці. Коштам некаторых з іх былі адліты званы, якія ўжо ўсталяваны. Немалая частка грошай сабрана і дзякуючы ахвяраванням. Многія госці "Славянскага базару" памятаюць акцыю, якая дазваляла кожнаму ахвотнаму дадаць у кладку храма сваю цагліну з напісаным на ёй імем. Запытаў у айца Канстанціна, ці трапляліся сярод іх імёны вядомыя. - Богу ўсе імёны вядомы, - адказаў настаяцель храма. - На цаглінах людзі пісалі толькі свае імёны: скажам, "Пётр" або "Іван". Прозвішчы, пасады і рэгаліі там не пазначаліся. Цяпер акцыя "Імянная цагліна" працягваецца, праўда, умураваны яны будуць ужо ў кладку Успенскай царквы. Налета яе будаўніцтва павінна скончыцца. А званы на вежы ўжо давялося пачуць у дзень наведвання горада. - Калісьці ў Віцебску было больш за трыццаць храмаў, і менавіта яны вызначалі яго аблічча, - кажа айцец Канстанцін. - Уяўляеце, Рэпін параўноўваў яго з іспанскім Таледа, вядомым сваімі помнікамі архітэктуры! Потым, стараннямі багаборцаў, горад страціў свой адметны твар. Але нам пашчасціла жыць у тыя часы, калі, па слове Эклезіяста, камяні збіраюць. Ласкай Божай, часы руйнавання мінулі і наступіла эпоха стварэння. У савецкія часы ў Віцебску дзейнічала толькі адна царква, дый тая знаходзілася на ўскраіне горада. Сёння ж храмы адраджаюцца адзін за адным. Колькі захопленых позіркаў прыцягвае Дабравешчанская царква! А неўзабаве мае быць закладзены "кутні" камень храма, які месціўся на плошчы Свабоды, пабыўшы за сваю доўгую гісторыю і езуіцкім касцёлам, і грэка-каталіцкай царквой, і праваслаўным Мікалаеўскім саборам. - Мы ўжо падрыхтавалі дакументы аб уключэнні рэштак Мікалаеўскага сабора ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, - кажа галоўны спецыяліст аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Пётр Падгурскі. - Праўда, ад храма захаваліся адны падмуркі... Адпаведна, лік барочных дамінант Віцебска неўзабаве яшчэ папоўніцца. Але ж царква - гэта не толькі прыгожы будынак а, перадусім, супольнасць вернікаў. На вялікі жаль, многія выкшталцоныя помнікі архітэктуры Заходняй Еўропы сёння бадай пустуюць... - Зайшоўшы на свята ў любы віцебскі храм, вы ўбачыце, што людзей там столькі, колькі могуць змясціць яго сцены, - кажа айцец Канстанцін. - Таму, Бог дасць, і наша царква пуставаць не будзе. Тым больш, вывучаючы гістарычныя дакументы, можна зрабіць выснову, што віцябчане заўсёды вельмі любілі гэты храм.

Месца для праменаду

/i/content/pi/cult/216/2692/5-1.gif
 /i/content/pi/cult/216/2692/5-2.gif

 У скверыку ля ратушы і на прылеглых вузенькіх вулачках было нешматлюдна. Патрапіўшы ў гэтыя мясціны панядзелкавай раніцай, цяжка ўявіць тую атмасферу, якая будзе панаваць тут у фестывальныя дні. Але яшчэ цяжэй прасякнуцца нязмушаным "кірмашовым" настроем было які месяц таму, калі ўвесь цэнтр ператварыўся ў рамонтную пляцоўку. Цяпер пра тыя часы нагадваюць роўная плітка, новыя лаўкі ды, вядома, кветкавыя клумбы. Ёсць усе падставы прагназаваць, што многія госці, якія патрапяць у Віцебск упершыню, захаваюць аб ім уражанне як аб "горадзе кветак": столькі шыкоўных клумбаў і ахайненькіх газончыкаў у "культурнай сталіцы" ніколі раней не было. Нават балкон "штаб-кватэры" фестывалю - і той упрыгожаны кветкамі. Таму прайсціся ўвечары пасля канцэрта будзе адно задавальненне. Пры жаданні, можна пасядзець у якойсьці кавярні - балазе, па беларускіх мерках, іх тут у дастатку. А потым прадоўжыць праменад па "Віцебскім Арбаце", у які часова ператворыцца вуліца Суворава. Зрэшты, "пешаходны" статус неўзабаве будзе замацаваны за ёю не толькі ў фестывальны час. Аляксандр Косінец выступіў з ініцыятывай ператварыць яе ў зону адпачынку, якой Віцебску сёння не стае. Таму з часам многія ўстановы, якія знаходзяцца па Суворава, зменяць свае адрасы, а іх месцы зоймуць кавярні. Запланавана таксама і перасяленне абласнога Камітэта дзяржбяспекі, які займае колішні палац генерал-губернатара: установа справядліва палічыла, што найлепшае для яго прызначэнне - Музей горада. - Новы губернатар паставіў за мэту папраўдзе змяніць аблічча нашага горада, - кажа начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі. - Знаходзіць сродкі, знаходзіць магчымасці... І справа ідзе.

 Мегакірмаш

Нашу размову з дырэктарам Цэнтра народных рамёстваў і мастацтваў "Задзвінне" Віктарам Кібісавым перапынілі "пазыўныя" факса. - Гэта ўжо, мусіць, пяцьсот першая заяўка прыйшла! - кажа дырэктар. Колькасць народных умельцаў, якія пажадаліпрыняць удзел у традыцыйным "Горадзе майстроў", сёлета набралася рэкордная. Нават не зважаючы на тое, што назва колішняга "ноў-хаў" віцебскіх работнікаў культуры стала ўжо імем агульным: свае "гарады майстроў" ладзяцца ці не ў кожным райцэнтры, на кожным святочным мерапрыемстве. Таму ніводнаму сантыметру вуліцы Чайкоўскага, дзе ўжо не ўпершыню разгорнецца кірмаш, пуставаць не давядзецца. Больш за тое: дырэктар Цэнтра хвалюецца, што ўсім ахвотнікам не знойдзецца там месца. Адных толькі членаў Саюза майстроў народнай творчасці на свяце чакаюць прыкладна паўтары сотні! Ды і для рыцарскага лагера трэба знайсці які лапік зямлі. Тут абяцаюць насычаную праграму на кожны дзень, а попыт на такія відовішчы ўсім вядомы. І сапраўды: рост маштабу форуму майстроў адчуваецца не толькі праз павелічэнне колькасці ўдзельнікаў. Праграма мерапрымстваў сёлета займае цэлыя чатыры старонкі друкаванага тэксту. Сярод іх - і выстаўкі, і пленэр па кераміцы (дарэчы, ужо другі за гэты год у Віцебску), і майстар-клас кавалёў, і па казальныя ўрокі традыцыйнага ткацтва паясоў... А на падворку Цэнтра, які ўжо стаў папулярнай у горадзе канцэртнай пляцоўкай, штовечар мяркуюць ладзіць разнастайныя імпрэзы. Прыкладам, у суботу, 11 ліпеня, а 16-й можна будзе ўбачыць старадаўнія танцы ў выкананні Тэатра сярэднявечнай культуры "Яварына", а ўжо а 19-й сваё шоу пакажа вядомая не толькі ў Віцебску школа сучаснага танца "Белка". Завітаюць на свята і нашы землякі з Беласточчыны - ансамбль "Прымакі". Каля паўсотні прылаўкаў у "Горадзе майстроў" мяркуюць працаваць на дабрачыннай аснове. Набыўшы сувенір на памяць, наведвальнікі здолеюць дапамагчы будаўніцтву храма або падтрымаць чалавека, які мае інваліднасць. Інавацыяй сёлетняга "Горада майстроў" стане конкурс маляванак, удзел у якім возьмуць болей за сорак майстроў. Упершыню арганізатары засяродзілі ўвагу на гэтай адметнай праяве народнай творчасці, якая характэрна менавіта для Віцебшчыны - радзімы Язэпа Драздовіча. Па словах Віктара Кібісава, "Горад майстроў" у пэўнай меры дапамагае Цэнтру рамёстваў выканаць план платных паслуг. Аднак атрымаць ад гэтага мерапрыемства камерцыйную выгоду арганізатары і не мараць. Так, кожны з удзельнікаў кірмашу, за выключэннем членаў Саюза майстроў, мусіць заплаціць унёсак, але ж памер яго - сімвалічны. Што да прыбыткаў, якія атрымліваюць самі майстры... Супрацоўніцы Цэнтра наперабой сталі тлумачыць: чуткі пра касмічныя памеры даходаў моцна перабольшаны. Асабліва калі гутарка вядзецца не пра вытворцаў танных серыйных сувеніраў, а пра сапраўдных творцаў. Каб зрабіць адзін ручнік, патрэбна не меней за два тыдні часу, і таму падобныя рэчы апрыёры не могуць каштаваць танна. А вось ахвотныя выкласці за іх належную суму знаходзяцца далёка не заўсёды. - Аднак мы ўсё адно ўдзельнічаем у гэтай імпрэзе, - дадаюць майстрыхі. - Бо разумеем, наколькі яна важная для папулярызацыі народнай культуры. Дарэчы, і мастацкі вернісаж, што пройдзе каля Гарадскога цэнтра культуры, збярэ прыкладна ўдвая болей аўтараў, чым было ў мінулыя гады. Муніцыпальныя ўлады нават набылі для іх спецыяльнае абсталяванне,каб было зручней размяшчаць свае творы на гэтай імправізаванай выстаўцы.

/i/content/pi/cult/216/2692/5-4.gif
 /i/content/pi/cult/216/2692/5-6.gif

Дзень Віцебска

Запытаўся ў Мікалая Пашынскага, ці здолеюць непасрэдна далучыцца да фестывальных падзей жыхары вобласці. І пачуў пра цікавы праект, які стаў ужо, бадай, штогадовай традыцыяй. - Каб маскоўскія артысты не чакалі да вечара свайго цягніка, мы арганізуем ім выезд у Дуброўна, - распавядае Мікалай Пятровіч. - Адтуль да Оршы блізенька, а з Оршы і дахаты дабірацца зручней. Артысты пагаджаюцца на такі варыянт з задавальненнем, нават без звыклых ганарараў. Ім проста цікава паглядзець, чым жыве наша беларуская глыбінка. У Дуброўне ў мінулыя гады пабывалі і "Золотое кольцо", і Кім Брэйтбург, і Барыс Маісееў... Канцэрты, якія ладзяцца на пяцітысячным стадыёне, заўсёды збіраюць аншлагі. Хаця інфармацыя пра іх прыезд становіцца вядомай усяго за пару дзён. Гэта зразумела, бо спіс удзельнікаў фарміруецца "на месцы", непасрэдна ў дні фестывалю. А вось некаторыя віцябчане прагнуць убачыць на роднай сцэне не толькі заезджых зорак, але і сваіх землякоў. Пакуль што апошнія задзейнічаны хіба ў якасці танцавальнага суправаджэння - у тым ліку, і пад час конкурсу маладых выканаўцаў. Але галоўны спецыяліст гарадскога аддзела культуры Ігар Баярынцаў перакананы: калі б у фестывальнай праграме з'явіўся "Дзень Віцебска", поспех яму быў бы забяспечаны. - З Віцебска выйшла нямала знаных артыстаў, - кажа ён. - Той жа Сяргей Мандрык, галоўны харэограф "Фабрыкі зорак". А колькі нашых, скажам, у аркестры Фінберга!

Кашнэ з "валошкавым" лагатыпам

Яшчэ да свайго прызначэння на пасаду губернатара Аляксандр Косінец неаднаразова звяртаў увагу на такую іміджавую і прыбытковую сферу, як выраб адметнай сувенірнай прадукцыі. Таму вытлумачальна, што ў плане забяспечанасці напамінкамі сёлетні фестываль спазнаў істотны зрух. Ажыццявіць жаданне набыць у Віцебску арыгінальны сувенір з сімволікай фестывалю сёлета будзе нашмат прасцей, чым у мінулыя гады. Выраб гэтай прадукцыі ўжо не аддадзены на водкуп прыватнікам - яго аператыўна асвоілі многія прадпрыемствы рэгіёна. Таму шукайце ў крамах Віцебска керамічныя вырабы з Обаля, прысмакі адмясцовых кандытараў, гарбату з сувенірнымі кубкамі, дэкаратыўныя льняныя ручнікі з Оршы, а таксама вымпелы, нашыўкі, банданы, шалікі-кашнэ і яшчэ нямала розных тавараў на любы густ. На кожным з іх будзе красавацца "валошкавы" лагатып. Дарэчы, яго выкарыстанне прыватнікамі цяпер таксама будзе ўпарадкавана. Апошнім нагадалі, што лагатып з'яўляецца камерцыйнай уласнасцю і прапанавалі ўзаконіць адносіны з уласнікам - дырэкцыяй фестывалю - ды рабіць яму адлічэнні ў памеры 10% ад выручкі. Лішне нават казаць, што такая практыка на Захадзе з'яўляецца звыклай. Зрэшты, выраб сувенірнай прадукцыі - далёка не адзіны магчымы спосаб атрымання дывідэндаў ад звышраскручанага брэнда. Прэстыжнае мерапрыемства можа стаць добрым фонам для бізнес-перамоў. Па ініцыятыве губернатара, сёлета ўпершыню ў рамках "Славянскага базару" пройдзе інвестыцыйны форум, які збярэ каля сарака ўдзельнікаў з розных краін. Безумоўна, будзе на ім прадстаўлены і праект Міжнароднага шагалаўскага цэнтра, пра які "К" пісала ў № 21. Да таго ж, Аляксандр Косінец прапанаваў узяць удзел у форуме і мастакам краю: яны падрыхтуюць выстаўку непасрэдна ў памяшканні аблвыканкама. І спадзяюцца, што гэты крок не толькі дазволіць гасцям адпачыць, але і будзе мець пэўныя матэрыяльныя вынікі. Інвестары патрэбны гораду таксама і для таго, каб тут былі збудаваны новыя гатэлі. Пакуль што месцаў для начлегу пад час фестывалю хранічна не хапае, і гэты фактар становіцца асноўным тормазам развіцця турызму. Як варыянт прапануюцца камбінаваныя туры з начлегам, скажам, у Полацку. Ды, вядома, пасуюць яны далёка не ўсім. Увогуле, Аляксандр Косінец мяркуе, што турыстычны патэнцыял фестывалю пакуль далёка не вычарпаны. І таму кіраўніцтва вобласці надае асаблівую ўвагу яго рэалізацыі. У прыватнасці, будзе разгледжана пытанне аб стварэнні адмысловага турпрадпрыемства, якое было б прызначана прадстаўляць на рынку толькі адзін прадукт: фестываль "Славянскі базар у Віцебску". Што да афіцыйна запрошаных гасцей... Вобласць запэўнівае, што яны праблем з размяшчэннем мець не будуць. Ды і сумаваць ім не давядзецца. Як распавёў Мікалай Пашынскі, кожная такая групаатрымае свайго суправаджальніка, які дэталёва распрацуе праграму з улікам пажаданняў і зацікаўленасцей канкрэтных людзей. - Але ўвогуле мы ставім сабе за мэту як мага шырэй і аб'ёмней паказаць Віцебшчыну і наогул Беларусь, - кажа начальнік абласнога упраўлення культуры. - Таму экскурсіямі па Віцебску не абмяжуемся. Ахвотныя здолеюць выехаць на які дзень, скажам, у Полацк. Ды і ў сядзібе Здраўнёва сёлета, мяркую, будзе процьма наведвальнікаў.

Ці прыедзе ў Віцебск Пол Макартні?

 Рушыўшы ўжо на вакзал, яшчэ раз азірнуўся, каб наастачу палюбавацца асветленымі сонцам вежамі Уваскрэсенскай царквы. Сёння гэты краявід літаральна агаламшвае. Але пройдзе зусім мала часу, і ўзнёслае барока зноў стане звыклай рысай партрэта Віцебска. Зрэшты, гэты горад знойдзе чым здзівіць і тых, хто прыедзе на "Славянскі базар" у наступныя гады. Нават можна не сумнявацца. Плошча Перамогі сёлета не задзейнічана ў фестывальным віры. Яно і зразумела, бо добрая яе палова цяпер закрыта ад старонніх вачэй будаўнічым парканам. Рэканструкцыя распачалася ў маі. А ўжо ў верасні плошча павінна выклікаць усеагульнае захапленне сваімі дзівоснымі фантанамі. Адна з найбуйнейшых плошчаў у Еўропе мае стаць галоўнай пляцоўкай для масавых імпрэз Віцебска. Для гэтай мэты будуць набыты звышсучасныя камплект абсталявання і разборная сцэна. Узровень тэхнікі дазволіць ладзіць там нават канцэрты сусветных зорак. Пару гадоў таму Аляксандр Косінец агучыў ідэю зладзіць у Віцебску канцэрт Пола Макартні: каб суайчыннікі маглі непасрэдна спрычыніцца да лепшых узораў сусветнай папулярнай музыкі. Спецыялісты шоу-бізнесу, падрахаваўшы, прыйшлі да высновы, што сёння гэта немагчыма: Амфітэатр для такіх імпрэз замалы. Але прыхільнікам "бітла" не варта засмучацца. Практыка паказвае: тое, што здавалася немагчымым, у Віцебску - ажыццяўляецца.

Ілля СВІРЫН, наш спецыяльны карэспандэнт Мінск - Віцебск - Мінск

Фота аўтара

На фота:

Няспешныя мазкі іканапісца.

Свята-Уваскрэсенская царква.

Віктар Кібісаў: "Гэты бусел - сімвал "Задзвіння".

Алея лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення".