Артыст, які ўжо сам па сабе — фестываль

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Спецыяльным прызам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”, які ўручаецца, паводле традыцыі, на ўрачыстым адкрыцці “Славянскага базару ў Віцебску”, узнагароджваецца сёлета Валерый ЛЯВОНЦЬЕЎ, які сваім высокім і трапяткім майстэрствам збліжае чалавечыя сэрцы розных народаў.

 /i/content/pi/cult/216/2691/3-4.gif

 Валерый Лявонцьеў і "Славянскі базар у Віцебску" - калі не "браты-блізняты", дык сваякі. Дакладна! Бо што такое наш фестываль? Феерверк мастацтваў, палёт самых неверагодных фантазій. Усё тое ж самае можна сказаць і пра Валерыя Лявонцьева. Дый прыязджае ён у Віцебск - дастаткова рэгулярна, штораз упрыгожваючы фестывальную афішу сваімі сольнікамі - зноў-такі, папраўдзе феерычнымі, фантастычна карнавальнымі і, разам з тым, далёка не толькі забаўляльнымі. Прыезды Валерыя Лявонцьева на "Славянскі базар у Віцебску" і, шырэй, на Беларусь (бо ён жа і ў Мінску бываў неаднаразова!) заўсёды ствараюць атмасферу не толькі свята, але і нейкай філасофскай заглыбленасці, імкнення пранікнуць у саму сутнасць мастацтва і быцця. У кожнай яго песні - свой нерв, які не дазваляе "расслабляцца" і гледачу. І пры ўсім тым - папраўдзе феерычная тэатральнасць, карнавальнасць, пастаянная змена "масак", іміджаў сваіх герояў-персанажаў, якая, як ні дзіўна, і робіць артыста заўсёды пазнавальным. Над сваімі сцэнічнымі строямі, як вядома, Валерый Лявонцьеў працуе сам. Такая фантазійнасць вобразаў таксама "сінанімічная" нашаму "Славянскаму базару ў Віцебску", які яднае розныя віды мастацтваў у адзінае гарманічнае суквецце валошкавых пялёсткаў. Дый у творчай постаці Валерыя Лявонцьева, падаецца, ёсць штосьці няўлоўна... беларускае - у самой адкрытасці гэтага артыста пастаянным зменампераменам пры трывалым захаванні ўласнай "самаснасці". Так што цяпер, калі сольнік Валерыя Лявонцьева "Люблю, сумую, чакаю!" ужо ўвайшоў у гісторыю ХVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", застаецца толькі сказаць: любім і чакаем - на наступных фестывалях і ўвогуле ў Беларусі!

Н.Б.