Дзе ёсць ісціна?

№ 18 (784) 05.05.2007 - 11.05.2007 г

2 мая ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі адкрылася выстаўка твораў заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Людвіга Асецкага пад назвай “Дзе ёсць ісціна?”, прысвечаная 75-годдзю з дня яго нараджэння. Таленавіты графік і цудоўны чалавек не дажыў да свайго юбілею ўсяго паўтара года.

 /i/content/pi/cult/113/269/Dze-esc-iscina.jpg
Ёсць глыбокая чалавечая формула:
«Усё застаецца людзям…» І гэта так. Творчасць Людвіга Пятровіча — яго шматлікая станковая і кніжная графіка, празрыстыя акварэлі і гуашы, вострадынамічныя малюнкі — засталася назаўсёды ў залатым фондзе сучаснага нацыянальнага мастацтва.

Л.Асецкі, вучань В.Цвіркі і А.Мазалёва, належаў да выхаванцаў другога выпуску студэнтаў мастацкага факультэта БДТМІ (1960). І з гэтага ж года пачаў рэгулярна выстаўляцца на рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаўках. Ужо ў ранніх творах (а гэта былі лінагравюры) — серыях «Кастрычніцкія дні на Беларусі» і «Падполле Мінска» — яго талент раскрыўся нечакана яскрава і моцна.

Я прыгадваю, з якім натхненнем і ўвагай ён потым, амаль што на маіх вачах (я часта бываў у яго майстэрні), працаваў над шырока вядомымі вялікімі цыкламі літаграфій “Вызваленне” і афортаў “Баллада аб Лаўскім баі” (у экспазіцыі Яны адсутнічаюць). Затое мы бачым іншыя творы пра вайну, пра памяць аб ёй: “Крынічка. Партызанскі атрад “За Радзіму”, цыкл “Памяць”, “Вайна стукае ў сэрца кожнага”... Наогул кажучы, тэма народнага подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне ў творчасці мастака займала асаблівае месца. Дарэчы, дзень 9 мая для яго быў заўсёды двайным святам — Днём Перамогі і днём уласнага нараджэння!

Але не менш яго прыцягвала сучасная і гістарычная тэмы, якія былі звязаны, у прыватнасці, і з працоўным жыццём беларускага аўтагіганта ў Жодзіне, і з людзьмі і прыродай Прыпяцкага краю, і з успамінамі пра паездкі ў Славакію і Венгрыю, а таксама з памяццю пра трагічны Чарнобыль, з духоўным станаўленнем старажытнага Полацка…Графіка Л.Асецкага не абцяжарана «літаратурай», яна нібы замкнёная ў чыстай пластыцы, у спецыфічных праблемах матэрыялу і мастацкіх сродкаў. «Рэчыва» аркушаў зацягвае, і мы ўглядаемся ў рух ліній і абрывы штрыха, асэнсоўваючы ўбачанае. Хуткі разец, які “зрываецца” ў дэталях, ці аловак, які фіксуе самае характэрнае — жэст, паварот, «грымасу», непаўторную выразнасць імгнення стану — да ледзь бачных сілуэтаў, якія выплываюць нібы з туману ці хаваюцца ў штрыхавым павуцінні сухой іголкі.

Вечную тэму ўзаемадачыненняў чалавека і часу Л.Асецкі раскрываў «праз сябе». Ён распрацоўваўне канкрэтныя падзеі, а як бы прадстаўляў філасофска-паэтычныя рэмінісцэнцыі гэтых падзей, асабліва ў працах апошняга дзесяцігоддзя, народжаных уяўленнем і фантазіяй, выказваючы тым самым складаны комплекс пачуццяў сучаснага чалавека, яго боль і надзею, веру і любоў (серыі “Замкнёнасць круга”, “Квадрат Чарнобыля”, “Аповеды”).

І гуашавы жывапіс Людвіга Асецкага, асабліва ў цыкле «Краявіды Радзімы», — нераўнадушны, адкрыты, чысты, як душа самога мастака… Гэта — як вечны працяг таго ягонага даўняга вялікага цыкла, які носіць назву «Родныя прасторы». Радзіма… Вечны кліч…

А што тычыцца Ісціны — дык яна ў мастака зводзілася ўсё жыццё да кроўнай прыналежнасці яго да Бацькаўшчыны, якую ён вельмі любіў.

Б.К.