“А вы гатовы перамагаць?”

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Леанід ЗАХЛЕЎНЫ, народны артыст Беларусі: Старшынёй журы VII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2009” запрошаны народны артыст Беларусі, кампазітар Леанід ЗАХЛЕЎНЫ — аўтар безлічы цудоўных песень для дзяцей, адзін з самых спрактыкаваных і добразычлівых “суддзяў” шматлікіх песенных конкурсаў у нашай краіне, а таксама адзін са стваральнікаў тэлеконкурсу “Сузор’е надзей”.

/i/content/pi/cult/216/2689/3-5.gif

Знакаміты творца выглядае значна маладзейшым за свой узрост (можа, дзіцячыя песні "вінаватыя"?), дый барады ён ніколі не насіў, а іначай даўно ўжо атрымаў бы мянушку "Дзед-барадзед" - паводле свайго аднайменнага хіта, любімага некалькімі пакаленнямі. Спрабуючы вызначыць творчае і жыццёвае крэда Л.Захлеўнага, асабіста мне чамусьці заўсёды ўзгадваецца яго "Песенька пра добрую мышку і мудрую кошку" - чым не жартоўны "лозунг справядлівага журы"? - Усе дзеці, што ўдзельнічаюць у конкурсе "Славянскага базару ў Віцебску", - лічыць Леанід Канстанцінавіч, - ужо пераможцы, лепшыя з лепшых. Бо яны прайшлі папярэднія адборы ў сваіх краінах, за іх плячыма перамогі на іншых творчых спаборніцтвах. Але конкурс ёсць конкурс. Тут патрабуюцца не толькі адоранасць, вакальныя даныя, уменне пераадолець хваляванне, але і тое, што называецца фартунай. Таму, калі раптам штосьці ў кагосьці не атрымаецца, я раіў бы паставіцца да гэтага так: мабыць, вы яшчэ не зусім гатовы перамагаць? Бо перамога - таксама жыццёвы і творчы іспыт, дадзены лёсам. А конкурс - усяго толькі першая прыступка да прафесіі. Люблю "журыць", калі сярод канкурсантаў ёсць неаспрэчны лідэр, які адразу "задае" планку. Калі ж "канкурэнты" больш ці менш роўныя, журы часам вымушана "біцца" над невырашальнай задачкай і літаральна "адшукваць" самыя нязначныя недахопы. Паверце, гэта куды цяжэй, чым падлічваць плюсы! Заўсёды баішся не ацаніць перспектыву, не заўважыць тое Божае зярнятка, якое, безумоўна, ёсць у кожным дзіцяці. Таму жадаю канкурсантам - веры ў саміх сябе! І ўмення "прыслухоўвацца" да ацэнак, дадзеных іншымі. Знайсці гармонію паміж гэтымі полюсамі - значыць, знайсці сябе.

Аляксей СВЕЦІЧ