“Да цябе, родны беларускі народ

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Сёння на старонках “К” cупрацоўнікі Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа знаёмяць з матэрыяламі, якія распавядаюць пра некаторыя памяткі аб жыццёвым і творчым лёсе народнага паэта Беларусі і яго родных у 1941 — 1945 гг. Унікальныя аўтографы, здымкі, лісты, у адным з якіх у далёкі Ташкент да народнага паэта прыйшоў засушаны васілёк.

 
 /i/content/pi/cult/215/2685/15-1.gif
 

Куды знікла "Новая зямля"?

 Унікальны экспанат музея - адзіны ацалелы экземпляр 4-га выдання "Новай зямлі", якое мелася выйсці ў свет у 1941 годзе. Колас вельмі чакаў гэтага выдання, бо паэма на той час даўно не публікавалася. У пісьме да мастацтвазнаўца Антона Уса, датаваным 16 красавіка 1941 года, ён пісаў:

 "Многие мои книги, как "Сымон-музыка", "Новая зямля" и целый ряд других, вовсе исчезли с нашего белорусского книжного рынка. Начиная с 1928 года, они не издавались. Сейчас положение изменилось. В этом году печатается много моих книг- "Новая зямля"... По отношению к "Новой земле" изменяются взгляды наших критиков. О ней пишется немало статей, целых монографий уже в ином плане". А вось цытата 1945-га: "Я трымаў сігнальны экземпляр поўнага паўторнага выдання, але яму не наканавана было ўбачыць свет. Перашкодзілі немцы. Яны знішчылі тыпаграфскія гранкі".

Да 6 студзеня 1955 года кніга захоўвалася ў асабістай бібліятэцы паэта, а ў гэты дзень ён падарыў яе сваёй колішняй студэнтцы з Мінскага беларускага педагагічнага тэхнікума імя У.Ігнатоўскага, дзе выкладаў методыку роднай мовы ў 1920 г. Рука Коласа пакінула на тытульным лісце наступны надпіс: "Аляксандры Дзмітраўне Жукоўскай на памяць. Якуб Колас. 6.I.1955". Кніга з паметамі Коласа, зробленымі ў час вайны, захоўвалася ў сям'і як дарагая рэліквія звыш 30 гадоў. У 1988 годзе, пасля смерці Аляксандры Жукоўскай, яе дачка Клара Арлова перадала кнігу ў музей.

Сіла "Звароту...

 /i/content/pi/cult/215/2685/15-2.gif
 

" Захоўваецца ў арыгінале каштоўны дакумент - рукапіс "Звароту да беларускага народа" Якуба Коласа і Янкі Купалы:

"Да цябе, наш родны беларускі народ, зварочваемся мы, твае сыны, з гэтымі словамі... ...Не схіляў пакорна галавы наш народ. Храбра, самааддана бараніў ён свой народны скарб, сваю волю, сваю культуру і ніколі не губляў веру ў лепшую будучыню. <...> І вось зноў цяжкае выпрабаванне пала на тваю долю, наш родны народ. Няхай жа не дрогне тваё сэрца ў гэты грозны час!"

 Упершыню Зварот быў апублікаваны ў газеце "За Савецкую Беларусь" 24 ліпеня 1941 года. Пасля ён выдаваўся асобнай улёткай і распаўсюджваўся па акупіраванай тэрыторыі.

Апошні - 20 верасня 41-га

 Для Якуба Коласа дарога вайны пачалася з эвакуацыі. А на перадавой з першых дзён вайны апынуўся сярэдні сын паэта - Юрый. У чэрвені 1941 года яфрэйтар Юрый Міцкевіч быў выкліканы начальствам з мястэчка Ставіскі, што на Беласточчыне, у Мінск для ўдзелу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па стэндавай стральбе. Тут і заспела яго вайна. Юрый тут жа з'яўляецца ў вайсковую камендатуру і там атрымлівае загад тэрмінова вярнуцца у сваю часць. Але на той час гэта было немагчыма. 24 чэрвеня Юрка, яшчэ сам таго не ведаючы, назаўсёды развітваецца са сваёй сям'ёй... Пазней, ужо ў лісце да дзядзькі Мішы - Міхаіла Дзмітрыевіча Каменскага, брата жонкі Якуба Коласа, Юрый пісаў:

 "У выніку нападу фашысцкай Германіі на нас 24.6 была моцная бамбёжка Мінска. Я ў гэты час знаходзіўся там у камандзіроўцы і сустрэў пачатак вайны разам з роднымі дома. 24.6 гадзіны ў 4 дня я павінен быў адхіліцца гадзіны на дзве ў камендатуру па службовых пытаннях. Калі ж вярнуўся назад, то дома нікога не было і дом ужо дагараў разам з усёй вуліцай. Ні бацькоў, ні суседзяў мне сустрэць не ўдалося. Куды яны пайшлі ці выехалі, я не ведаю. Спадзяюся, што з Масквой сувязь добрая і падрабязнасці іх жыцця Вам лепш вядомыя, чым мне. Я павінен быў адправіцца назаўтра раніцай у часць, так што не меў магчымасці разведаць што-небудзь новае".

 Дзядзька Міша дапамог. З'явілася магчымасць перапіскі. Іх было ўсяго пяць - пяць лістоў да сваіх родных ад байца дзеючай арміі Міцкевіча Юрыя. Апошні датаваны 20 верасня 1941 года.

 "Бясцэнны дар"

З жніўня 1941-га года да лістапада 1943-га сям'я Міцкевічаў жыла ў Ташкенце, куды была пераведзена Акадэмія навук БССР. Узбекістан па-сяброўску сустрэў і прыняў Якуба Коласа, але паэтава сэрца сціскалася ад тугі і трывогі. Таму і называе ён "бясцэнным дарам" засушаны васілёк, перасланы яму ў пісьме Міхасём Лыньковым.

"Для мяне вялікая радасць атрымаць пісьмо ад блізкіх і дарагіх мне людзей, - пісаў Якуб Колас у лісце да Міхася Ціханавіча ад 18 верасня 1942 года. - Цяжка жыць у разлуцы са сваею зямлёю ды яшчэ так далёка ад яе. Цяжка яшчэ і таму, што не ведаеш часу яе вызвалення. Тыя ж весці, што прыходзяць адтуль, так моцна турбуюць мыслі і пачуцці. Вось чаму такі бясцэнны дар той васілёк, вырасшы на нашай роднай зямлі, які ты пераслаў мне ў сваім пісьме. У мяне на сцяне вывешаны ліст паперы, а на гэтым лісце красуюцца тры фатаграфіі: мая, Янкава і Глебкава - уся мая "карцінная" галерэя. На гэты ліст прыладзіў я і прысланы табою васілёк. Відаць, той чалавек, што сарваў яго з родных загонаў свае радзімы, таксама крэпка любіць яе і сам, напэўна, паэт - ну, хоць па натуры. І табе і яму шчыра дзякую".

 "Больш мне няма куды заходзіць..."

 /i/content/pi/cult/215/2685/15-3.gif
 

 

У Ташкенце месцілася рэдакцыя газеты Сярэднеазіяцкай ваеннай акругі "Фрунзевец", на старонках якой часта друкаваліся творы Якуба Коласа. Асабліва цёплыя сяброўскія адносіны склаліся ў паэта з супрацоўнікам рэдакцыі "Фрунзевца" Самуілам Якаўлевічам Швейдалем, які да вайны працаваў у адной з маладзёжных газет Беларусі. У дзённіку, які Колас назваў "Кнігай Ташкенцкага быцця", паэт часта ўспамінае Швейдаля і "Фрунзевец". Вось, напрыклад: "14.VII. 1943. Ладжуся пайсці ў горад, наведацца ва "Фрунзевец". Больш мне няма куды заходзіць..." У 1997 годзе ў музей Якуба Коласа прыйшла жыхарка Дзяржынска - Валянціна Струдзюмава і прынесла ацалелую частку рукапісаў Коласавых твораў, што друкаваліся ў "Фрунзевце". Яна распавяла пра свайго бацьку Сямёна Сабалеўскага, які даводзіўся шваграм Самуілу Швейдалю. З верасня 1943 года Сабалеўскі быў камандзірам аддзялення 497 стралковага палка 33-й арміі, яго моцна параніла. Пасля лячэння быў накіраваны (з чэрвеня 1943-га па сакавік 1944-га) на вучобу ў ваеннапяхотнае вучылішча горада Тэрмез Узбекскай ССР. У снежні 1944 года Сабалеўскі наведаў у Ташкенце сям'ю сваёй сястры Бэлы Швейдаль. Вось тады і былі перададзены Коласаўскія ваенныя рукапісы з мэтай вярнуць іх на Беларусь.

 "Баліць, баліць маё сэрца..."

 "Як далёка ён, гэты куток! Ён здаецца мне недасяжным раем. Ці ступлю на тую дарогу, што прывядзе да родных куточкаў, на Свіслач, у Вусце, Беразянку і Балачанку? Як томіцца душа! Колькі магіл раскінулася на роднай зямлі!.. А Юрка!.. Баліць, баліць маё сэрца..."

 У 1939 і 1940 гг. Колас адпачываў у пасёлку Беразянка на Пухавіччыне. Там яму вельмі спадабалася. Паэт нават планаваў пабудаваць сабе ў Беразянцы лецішча, якога да гэтага часу не меў. 1941 год перакрэсліў усё: у гады вайны Беразянка падзяліла лёс спаленых беларускіх вёсак. У Музеі Якуба Коласа захоўваецца рукапіс адной паэмы, якая ніколі не была надрукавана: З пажаўцелых кустоў ды з халоднай зямлянкі Рвецца голас к табе, дарагі наш пясняр. Голас тых, хто застаўся жывы з Беразянкі, Расказаць, што зрабіў з ёй чужынец-дзікар... Твор меў назву "Голас з Беразянкі", падпісаны - "Ліля Лясная". За гэтым імем стаяла жыхарка Беразянкі Яніна Крайнік. У гады вайны яна падалася ў партызаны, ваявала ў лясах роднай Пухавіччыны. Як народнаму заступніку яна перадала паэту скаргу дарагога кутка зямлі. Колас быў вельмі ўзрушаны прачытаным, убачаным, калі ў ліпені 1945 года наведаў Беразянку.

 ***

Апошняй па храналогіі памяткай вайны з'яўляецца партрэт Якуба Коласа, зроблены выдатным фотамайстрам Майсеем Напельбаумам у 1945 г. у Маскве. Работа прываблівае сваім унутраным святлом, надзвычайнай праўдзівасцю адлюстравання духоўнага стану чалавека. Высокі лоб паэта па-майстэрску высветлены Напельбаумавай фактурай святла. Незвычайна глыбокі мудры погляд, прыгожая кісць правай рукі... Традыцыйны прыём, які сустракаецца на многіх работах майстра, - мазкі на негатыве - надае партрэту перспектыву прасторавасці.

Антаніна ГАРОН, галоўны захавальнік фондаў,

 Ірына КАЗЛОВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнамемарыяльнага музея Якуба Коласа