Легенды неба

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Пазнаёміцца з разнастайнымі, у тым ліку ваеннымі, самалётамі і верталётамі, іх гісторыяй цяпер ёсць магчымасць ва унікальным Музеі авіяцыйнай тэхнікі, створаным на базе Цэнтральнага аэраклуба ДТСААФ імя Двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Грыцаўца, што знаходзіцца пад Мінскам у пасёлку Баравая.

Шлях ад задумы і першых крокаў стварэння музея да рэалізацыі заняў практычна дзесяць гадоў. Аднымі з першых у 1999 годзе на пляцоўцы каля аэраклуба з'явіліся самалёты ЯК-28, МІГ-25 і верталёт МІ-8. У далейшым многія экземпляры з руплівасцю ўзнаўляліся літаральна па рэштках. Да таго ж, як зазначылі ў ДТСААФ, часцей за ўсё тэхніку знаходзілі ў былых ваенных гарадках, на палігонах і нават у летніках. Не менш цікавы лёс і экспанатаў, знойдзеных у лесе, возеры ці нават у балоце. Сёння ў Баравой размешчана 25 машын. Кожная мадэль мае сваю гісторыю. У гэтым можна пераканацца, убачыўшы знішчальнік МІГ-15 - аналаг таго, на якім лятаў і потым разбіўся ў авіякатастрофе Юрый Гагарын. Прадстаўлены і самы першы серыйны верталёт МІ-1. Большасць экспанатаў, якія былі ўзноўлены з некалькіх авіямашын, даступны толькі для знешняга агляду. Афіцыйна прыме першых наведвальнікаў музей 4 ліпеня на лётным полі аэраклуба ў межах авіяцыйна-спартыўнага свята "Мы- спадкаемцы Вялікай Перамогі". Гасцей чакае грандыёзнае авіяцыйнае свята з паказальнымі выступленнямі лётчыкаў ДТСААФ, Ваенна-паветраных Сіл і войскаў проціпаветранай абароны, парашутыстаў.